В жизни нужно всего добиваться самому

img_4992  Жыццё такое бурлівае. І так хочацца ўсяго зведаць, усё паспець… Хто ж будзе прыслухоўвацца, як б’ецца тваё сэрца? Б’ецца сабе, трапечацца — ну і цудоўна, значыць, жывы! Асабліва няма часу маладым. Бабулькі на лавачцы з валідолам яшчэ хапаюцца часам за пульс і рытм сардэчны правяраюць. А вось пятнаццацігадоваму юнаку корпацца ў лякарствах неяк не да твару. Пятнаццацігадовыя на пульсе жыцця жывуць і ў мажорным рытме літаральна спальваюць свае падлеткавыя гады.

Аднак бываюць выключэнні. Ведаю хлопца-дзесяцікласніка, які ў вольную хвіліну не супраць палазіць у інтэрнэце, пазнаёміцца з лякарствамі, пачытаць іх назначэнне. Толькі не палохайцеся, усё ў яго са здароўем, дзякуй богу, нармальна. Проста Ігар Рэйх з дзясятага “А” класа вырашыў стаць урачом-кардыёлагам. Цікавіць яго біялогія, анатомія, арганізм чалавека. Вучыцца Ігар у гімназіі, у фізіка-матэматычным класе. Цікавы клас, дзе займаюцца адны хлопцы — чатырнаццаць будучых лабачэўскіх. Зрэшты, чаму толькі лабачэўскіх? Магчыма, хтосьці стане Рэнатам Акчурыным ці нават Майклам Дэбейкі. Казалі, тут вучыліся дзве дзяўчыны, ды сышлі. Вось і застаўся клас-“мальчишник”. Што ж ім не спадабалася? Смяюся: “Напэўна, мала ўдзялялі ўвагі “дамам”. Усміхаецца і Ігар у адказ. З гумарам у яго ўсё ў парадку.
Усё ў парадку і з падлеткавай дапытлівасцю. Цікавасць да лекаў, магчыма, спадчынная, як-ніяк маці правізар. А вось да гісторыі і, прынамсі, да двух апошніх войнаў, ды і трэцяй — афганскай…
— Дзядуля быў блакаднікам, — распавядае хлопец, — і ён быў вайскоўцам, служыў танкістам, як і бацька. А дзядзька па бацькоўскай лініі — верталётчыкам у Афганістане.
Дык вось адкуль тая цікавасць! Пакуль іншыя яго равеснікі захапляюцца “мыльным серыялам” пра Ермака, Ігар чытае аповесць Барыса Васільева “А зори здесь тихие” і глядзіць аднайменны фільм рэжысёра Рэната Даўлет’ярава. Яму цікавыя “Дзявятая рота” Фёдара Бандарчука, “Афіцэры” Мурада Аліева, “В бой идут одни старики” Леаніда Быкава.
— Сэрца трэба мець маладое і моцнае — глядзець падобныя фільмы, — кажу яму. — Я, напрыклад, ужо шмат чаго не вытрымліваю псіхалагічна.
Я веру, што існуе генетычная памяць. І нам, дзецям франтавікоў, яшчэ надта баліць, каб мы маглі спакойна глядзець фільмы пра вайну. Выходзіць, што і ім, унукам ветэранаў, таксама далёка не без розніцы. І гэта ўсцешвае.
Уяўляю будучага ўрача-кардыёлага Ігара Рэйха, які не толькі прыслухоўваецца да біцця чужых сэрцаў, але і мае сваё — сапраўднае, чулае, вялікае сэрца, не толькі слухае чужы пульс, але і сам на пульсе жыцця.
Я не сказаў яшчэ пра яго лепшых сяброў. Квартэт — Ігар Рэйх, Максім Чувілін, Даніла Самусеў, Ілья Ягораў — вось пра такіх кажуць “не разлі вада”. Разам яшчэ з дзіцячага садзіка. Аднакласнікі. З Ільёй і Данілам займаюцца ў трэнажорцы. Увогуле, усе хлопцы спартыўныя, з задавальненнем ганяюць у футбол, любяць валейбольныя баталіі. Любяць свой горад, зусім не супраць пасядзець у парку ці скверыку, пагаварыць пра фільмы, пра камп’ютарныя гульні, ці хоць бы сабе і пра дзяўчат. Чаму б і не? Паспяваць пад гітару ў кампаніі з Антонам Голерам з адзінаццатага. У сяброў няма сакрэтаў.
Нельга казаць, што ўсё ў гэтых хлопцаў у жыцці атрымліваецца гладка і бездакорна, жыццё — не асфальтавы пляц. Хутчэй, дарога, якой не бывае без хібаў і выбоін, часам спатыкаешся, часам атрымліваеш урок. Аднак дарогу адужае той, хто ідзе. Важна на ўроках жыцця ўмець вучыцца і своечасова рабіць высновы.
Ігар не надта верыць у фартуну і лічыць, што ў жыцці трэба ўсяго дабівацца самому. І гэта правільна, бо лёгкі поспех не спрыяе духоўнаму і фізічнаму росту, а разбэшчвае чалавека. Паставіў мэту — і даб’ешся. Чалавеку ўсё пад сілу, варта толькі захацець.
На здымку: Ігар Рэйх.

Уладзімір МІХНО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>