Выявлены два мужчины в состоянии наркотического опьянения

375d26a083b94e7fadd3e9730be361af_lg3eec4bПершыя спробы ўжыць наркотыкі, як правіла, адбываюцца ў досыць юным узросце. Падлеткі хочуць выглядаць “салідна”, каб іншыя ўспрымалі іх больш дарослымі. Яны слаба ўсведамляюць небяспеку псіхаактыўных рэчываў, якія цяжкія могуць быць наступствы. Многія потым у будучым маюць велізарныя шанцы застацца інвалідамі. Супрацьдзеянне незаконнаму абароту наркотыкаў, прафілактыцы іх спажывання, сацыяльная рэабілітацыя хворых асоб на Лепельшчыне накіравана сваім вастрыём на незаконны абарот зелля, прафілактыку спажывання. Выкананы вялікі аб’ём прафілактычных мерапрыемстваў. У грамадскіх месцах — крамах, аптэках, паштовых аддзяленнях, на вакзалах, установах адукацыі і аховы здароўя — размешчаны ўлёткі адпаведнай накіраванасці. Па вуліцы Чуйкова, д. 119 у райцэнтры размешчаны бягучы прафілактычны радок. На гэтай жа вуліцы ўстаноўлены банер з адпаведнай інфармацыяй. На чатырох аўтобусах аўтапарка зроблены спецыяльныя надпісы па названай тэматыцы.
Рэгулярна праводзяцца заняткі ў навучальных установах. Прыярытэт — прывіццё навыкаў здаровага ладу жыцця навучэнцам. У газеце “Лепельскі край” (і гэты артыкул пераканальнае пацвярджэнне), у эфіры мясцовага радыё і тэлебачання планамерна асвятляюцца негатыўныя тэндэнцыі наркаманіі, тлумачацца прававыя наступствы.
— Супрацоўнікамі праваахоўных органаў сёлета выяўлена дванаццаць злачынстваў, звязаных з незаконным абаротам наркотыкаў, з якіх шэсць звязана са збытам, — сказаў у гутарцы начальнік раённага аддзела ўнутраных спраў падпалкоўнік міліцыі Аляксандр Дуранаў. Непакоіць абстаноўка ў Бароўцы, дзе адбылося адзінаццаць падобных правапарушэнняў. І ва ўсіх выпадках фігуруе марыхуана.
— Упэўнены, Аляксандр Сцяпанавіч, што названы населены пункт патрабуе ад зацікаўленых суб’ектаў асобай увагі і вымагае актывізацыі прафілактычнага патэнцыялу пры рабоце з насельніцтвам. І працаваць варта не для адзнакі ў справаздачы, а канкрэтнымі захадамі ўтаймоўваць сацыяльнае зло. Як іржа раз’ядае яно няўстойлівыя дзіцячыя душы, пакідае негатыўны след на іх жыццёвым шляху…
— Магу дадаць такую інфармацыю. У цяперашні час самы вялікі ўзровень крыміналізацыі з улікам асоб, раней судзімых за падобныя супрацьзаконныя дзеянні, належыць менавіта Бароўцы.
-2-
Як паказвае практыка, пераважна ажыццяўляюць антынаркатычную прапаганду работнікі міліцыі, астатнія суб’екты ў рэалізацыі ідэй раённага плана па супрацьдзеянні наркатычнай навале ўдзельнічаюць эпізадычна. Згодна з Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №6 ад 28 снежня 2017 года «Аб неадкладных мерах па супрацьдзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў» дзяржаўныя органы і падпарадкаваныя ім арганізацыі, а таксама саветы грамадскіх пунктаў аховы правапарадку, грамадскія аб’яднанні і іншыя арганізацыі ў межах сваёй кампетэнцыі павінны прымножыць намаганні ў барацьбе з такім сацыяльным злом. Паводле таго ж Дэкрэта Міністэрства ўнутраных спраў, а ў нашым выпадку РАУС, ажыццяўляе каардынацыю дзейнасці ў рэчышчы праблемы.
Хаця нельга ўсю работу пазначыць выключна ў негатыўным аспекце. Усё трэба ацэньваць аб’ектыўна. У параўнанні з папярэднімі гадамі работа ў “наркатычнай сферы” прыкметна ажывілася. Літаральна яшчэ год-паўтара таму вялася выключна сіламі праваахоўнікаў. Адзін у полі не воін, кажуць. Вядома, не ахоплівалася тады такая значная колькасць насельніцтва рэгіёна і не насіла такія формы і метады прафілактыкі, як цяпер. Пры ўсім тым не варта забываць, што і злачынцы на наркатычным полі ўсямерна актывізуюцца і ўдасканальваюць метады рэалізацыі сваіх задум. Адны трапляюць за краты, іншыя прыходзяць на змену. Прываблівае грашовы паток. І ўсім нам варта адэкватна рэагаваць на сітуацыю.
Высілкі шэрага задзейнічаных суб’ектаў у выкананні прадпісаных планам патрабаванняў выклікаюць часам незадаволенасць. На жаль, не ўсе разумеюць шырокую маштабнасць праблемы і пагрозу грамадству. Да такой заканамернай высновы прыйшоў пасля вывучэння сітуацыі на фронце барацьбы са злом і яго носьбітамі. Сярэдні ўзрост асоб, якія прыцягваюцца да крымінальнай адказнасці за злачынствы, звязаныя з незаконным абаротам наркотыкаў, пастаянна вар’іруецца.
Шкада, але большасць людзей думае: гэтаму падвергнута толькі моладзь. І памыляюцца. Усё больш і больш на кручок адурманьвання свядомасці, вобразна кажучы, трапляюць і дарослыя грамадзяне, работнікі прадпрыемстваў, устаноў. Не буду галаслоўным. Мяне зацікавіла інфармацыя, што прагучала з вуснаў Аляксандра Дуранава. На прадпрыемстве меліярацыйных сістэм выяўлены два мужчыны ў стане наркатычнага ап’янення. На рабочым месцы знаходзіліся! Нешта там рабілі. І маглі нарабіць бяды. А таму, што звяртаем увагу пераважна на выпівох, перад імі запальваем чырвонае святло. Між тым наркатычны павук паволі запаўзае на вытворчыя аб’екты. Не будзем заплюшчваць вочы, супольна адужаем бяду. Іншага шляху проста няма. Дружна станем усім грамадствам перад чорнай навалай — выстаім і пераможам. Інакш наступствы будуць самыя непрадказальныя.
-3-
У нашай размове Аляксандр Дуранаў закрануў негатыўную струну адмоўных момантаў у дзейнасці па выкананні прадпісаных планам і рашэннямі выканкама мерапрыемстваў, спыніўся на праблемах сістэмнага характару. З квартала ў квартал яны застаюцца нязменнымі. Недастатковыя яшчэ арганізацыя і кантроль у правядзенні спартыўна-масавых мерапрыемстваў, акцый па прафілактыцы наркаманіі, колькасць удзельнікаў нязначная. Маладзёжныя атрады правапарадку створаны толькі фармальна і ніякіх практычных захадаў не прымаюць.
Рэкамендацыі па арганізацыі на базе аграрна-тэхнічнага каледжа факультатыўных заняткаў па антынаркатычнай тэматыцы засталіся хіба што на паперы. Праігнаравана патрабаванне і аб правядзенні ва ўстановах, арганізацыях і на прадпрыемствах Лепельшчыны не радзей за адзін раз у паўгоддзе дня інфармавання па тэме «Стоп, наркотык!» з прыцягненнем супрацоўнікаў праваахоўных органаў, установы аховы здароўя. Анкетаванне і тэставанне непаўналетніх з мэтай выяўлення асоб, схільных да ўжывання наркатычных сродкаў ці да іх распаўсюджвання, праведзена не паўсюдна.
Зберагчы дзяцей і дарослых ад наркаманіі — складаная задача. Навукоўцы, якія вывучаюць праблему, усё больш прыходзяць да высновы, што многія праграмы, у тым ліку і школьная, накіраваныя на гэта, аказаліся неэфектыўнымі.
Малады чалавек павінен сам зразумець непрымальнасць прыняцця дурману. Аздаравіць яго свядомасць закліканы не толькі школа, але і сям’я, грамадства ў цэлым.
Не адкрыю Амерыкі, калі скажу: прадухіліць бяду значна прасцей, чым потым выпраўляць яе наступствы. Тым больш, калі гэтыя наступствы могуць быць незваротнымі. Таму неабходна як мага часцей прыглядацца да сваіх дзяцей. Калі ж зафіксавалі нават намёкі на прыкметы наркатычнага адурманьвання, трэба тэрмінова звярнуцца да спецыялістаў.

Уладзімір ШАЎЧЭНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>