Недавно мужчина депортирован за пределы Республики Беларусь

mhri1gmf378666Андрэй Осіпаў — грамадзянін Расійскай Федэрацыі, афіцыйна зарэгістраваны ў іжэўску. Аднак даволі часта, амаль пастаянна, бывае ў Беларусі. Жыве ў Бароўцы ў радні, атрымлівае вайсковую пенсію. Дакладней — жыў. Справа ў тым, што нядаўна мужчына дэпартаваны за межы Рэспублікі Беларусь.
Адбывалася справа наступным чынам. Прыехаў чалавек у госці. Але пры гэтым для атрымання часовай рэгістрацыі часу не знайшоў. “А навошта? — думаў. — Адзіная ж дзяржава”. Так, Беларусь і Расія — дзяржавы саюзныя, але ўсё ж розныя. Яны заключылі дамову аб тым, што грамадзяне могуць без рэгістрацыі знаходзіцца да 90 сутак — беспрэцэдэнтны выпадак. І вось за тры месяцы Осіпаў не знайшоў дня, каб прыбыць у Лепель і стаць на ўлік!
Магчыма, ён збіраўся ўвогуле атрымліваць від на пастаяннае жыхарства ў Беларусі, раз так прыглянуліся бароўскія краявіды? Аднак для гэтага тым больш трэба ісці ў аддзяленне па грамадзянстве і міграцыі РАУС.
Між тым расіянін і без гэтага трапіў на заметку ў органах аховы правапарадку, найперш за свой няпросты характар. А прасцей кажучы — за схільнасць да злоўжывання спіртным. За няпоўныя тры месяцы атрымаў і прывод у міліцыю, аддзелаўся адміністрацыйнай адказнасцю і папярэджаннем.
Належных высноваў не зрабіў. Пад час чарговага скандалу і прыводу высветлілася, што час, дазволены на пражыванне без рэгістрацыі, мінуў. Разам з гэтым на яго і склалі пратакол, была заведзена крымінальная справа. Было прынята рашэнне аб яго дэпартацыі.
Яшчэ адзін расіянін Уладзіслаў Сямёнаў як толькі прыехаў у Лепель, адразу пачаў такое бурлівае жыццё, што заробіў некалькі пратаколаў за тыя тры месяцы, пакуль можна знаходзіцца ў Беларусі без рэгістрацыі. Ён пакараны высылкай.
— Чым адрозніваецца высылка ад дэпартацыі? — пытаюся ў начальніка аддзялення па грамадзянстве і міграцыі РАУС маёра міліцыі Васіля Сушко.
— Калі грамадзянін іншай краіны пражывае ў Беларусі нелегальна і прыцягваецца за гэта да адказнасці, то ў якасці меры пакарання да яго прымяняецца дэпартацыя — выпраўленне за межы рэспублікі. Калі грамадзянін пражывае на законных падставах, зарэгістраваны належным чынам, але не паважае нашы законы, рэгулярна парушае парадак, да такога можа быць прыменена дадатковая мера пакарання — высылка. У абодвух выпадках такім грамадзянам на пэўны перыяд забараняецца ўвогуле прыбыццё на тэрыторыю Беларусі.
— Але ж яны прыбываюць?
— Так, бо паміж Беларуссю і Расіяй фактычна няма мяжы. Такіх парушальнікаў мы выяўляем ужо на месцы. Пад час праведзенага нядаўна спецыяльнага комплексу мерапрыемстваў “Нелегал” за парушэнне правілаў знаходжання на тэрыторыі рэспублікі намі было складзена шэсць пратаколаў. Прычым як на парушальнікаў, так і на грамадзян Беларусі, якія выдзелілі жыллё грамадзянам іншых краін, што знаходзіліся тут без рэгістрацыі.
Паводле міждзяржаўных пагадненняў, грамадзяне ўсіх краін-удзельніц СНД, а таксама Літвы, Латвіі і Эстоніі могуць знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі без рэгістрацыі да 30 дзён. Грамадзяне Польшчы і Германіі — да пяці дзён. Больш падрабязную інфармацыю можна атрымаць непасрэдна ў аддзяленні па грамадзянстве і міграцыі РАУС, а таксама на інтэрнэт-рэсурсах органаў дзяржаўнага кіравання.
— Ведаю, што на Лепельшчыну рэгулярна прыязджаюць з краін-суседзяў, таксама, напрыклад, сёлета летам працавалі нямецкія валанцёры. А з якіх яшчэ краін едуць да нас?
— Амаль з усіх краін свету. З пачатку года ў нас рэгістраваліся грамадзяне ўсіх еўрапейскіх і шэрага азіяцкіх краін. З далёкіх і экзатычных успамінаюцца Японія, Кенія, Эквадор.
— Беларускае заканадаўства рэгулярна абнаўляецца. Якія навацыі ў галіне законаў аб міграцыі ўступілі ў сілу апошнім часам?
— З першага кастрычніка цалкам уступіў у сілу закон “Аб прававым статусе замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ў Рэспубліцы Беларусь”, згодна з якім, напрыклад, усе прадпрыемствы, якія аказваюць паслугі па размяшчэнні турыстаў (гасцініцы), а таксама індывідуальныя прадпрымальнікі і ўладальнікі аграсядзіб абавязаны ўстанавіць адпаведнае праграмнае забеспячэнне і накіроўваць у мясцовыя падраздзяленні па грамадзянстве і міграцыі інфармацыю аб замежніках, якія прыбылі і зарэгістраваны, на працягу трох гадзін.
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>