Попал на прежнее место на новом витке цивилизации

dozh-2 Няспешна крочу па знаёмых дубровенскіх вуліцах. Пазнаю і не пазнаю. Нейкае дваякае пачуццё адчуваю. Трапіў на ранейшае месца на новым вітку цывілізацыі. Новыя, сучасныя рысы набыў гарадок да абласных “Дажынак-2017”. Перамены — ашаламляльныя. Параўноўваць магу не па чутках, а па той простай прычыне, што адзінаццаць гадоў адпрацаваў тут галоўным рэдактарам газеты “Дняпроўская праўда”. Нічым асаблівым Дуброўна ў тыя часы не адрознівалася. Звычайная правінцыйная глыбінка. Не лепш і не горш за іншыя падобныя паселішчы выглядала.

dozh-3А вось аграрны сектар развіваўся шпаркімі тэмпамі. Па родзе журналісцкай працы, а таксама як член раённага выканаўчага камітэта часта бываў у калгасе “Усход”. Узначальваў гаспадарку мой сябра Мікалай Курпатаў. Выключнай працаздольнасці і таленту арганізатара кіраўнік. У якую б пару не завітаў на ветлівы агеньчык — Мікалай Іванавіч заўжды ў гушчыні жыцця, клопатамі агорнуты. Дома яго можна было заспець хіба што прыцемкамі. У тую векапомную для мяне пару заслужаная слава тутэйшых хлебаробаў грымела на ўсю рэспубліку. З асобных палеткаў хлебнай нівы збіралі на круг па пяцьдзясят і больш цэнтнераў збожжа.
Залаты цуд бачыў у спецыяльным вялізным ангары. Пад столь нашпігоўвалі зернем ўмяшчальнае збудаванне. Нават боязна было заходзіць. Сыпучы духмяны залацісты паток не дай Бог зрушыць з месца.
— Чаму не рэалізуеце ўсё збожжа дзяржаве? — пытаюся ў Мікалая Іванавіча. Пытанне рытарычнае. Адказ ведаў. Гаспадарка выканала дзяржзаказ і звыш таго здала адборнага зерня. А гэты вялізны даважак прытрымлівалі да вясны, калі цэны скокнуць уверх.
dubrovnoУспамінаў багата. Нібы ў адмысловым калейдаскопе струменілі яны ва ўчэпістай памяці, калі крочыў па абноўленым гарадку. Больш за 200 аб’ектаў, 70 з якіх прыпадае на сацыяльную сферу, атрымалі другое нараджэнне. Шчыра кажучы, не пазнаў і цэнтральную плошчу. Лашчыла вока зона адпачынку з камфортнай дзіцячай пляцоўкай, жывымі зялёнымі кампазіцыямі, адмысловым у некалькі струменістых ярусаў фантанам. Шмат чаго адужана, каб людзі мелі годную інфраструктуру, хацелі працаваць, а моладзь — ствараць сем’і на малой радзіме. Пад час Дажынак была адкрыта зала ўрачыстых абрадаў. У той дзень яна не пуставала. Да свята прымеркавалі арганізатары цырымонію шлюбу маладых. Яны атрымалі цудоўныя падарункі з рук высокіх гасцей.
А колькі знаёмых у той памятны дзянёк сустрэў на вуліцах раённай сталіцы! Прыстоіў з адным з работнікаў мясцовай вертыкалі. Ён не без гонару зазначыў, што на абуладкаванне і рэканструкцыю аб’ектаў сацыяльнай сферы і жыллёва-камунальнай гаспадаркі выдаткавана больш за 16 мільёнаў рублёў.
Мае добраахвотныя гіды — даўнія блізкія знаёмцы Валянціна і Міхаіл, Вераніка ды Георгій. Дарэчы, мае сябры не раз гасцявалі ў мяне ў Лепелі, і вось запрасілі на візіт у адказ. І як тут адмовіць гасцінным людзям! Усмешкамі добразычлівымі і гонарам за родны край свяціліся іх твары. Дажынкі надалі гораду асаблівы каларыт. Абноўленыя фасады будынкаў расквеціліся беларускім арнаментам. Прыстоілі крышку ля дыхтоўнага жылога двухпавярховіка з сімвалічным узорам, які сімвалізуе мацярынства.
Экскурсія выклікала шквал эмоцый. Непазнавальна выглядалі аўтастанцыя, цэнтральны стадыён, школа, Дом культуры, дзіцячыя садкі. Свежым асфальтавым пакрыццём ззялі транзітныя вуліцы. А як было абмінуць цагляныя карпусы цэнтральнай раённай бальніцы. Некалі ж сябраваў з галоўным урачом Леанідам Шылько. А зараз парадаваўся кідкім пераменам. Капітальна даведзены да ладу аддзяленні, заменены дах будынка. Руплівымі рукамі будаўнікоў мадэрнізавана ўваходная група прыёмнага аддзялення — абсталяваны спецыяльны пандус для зручнага пад’езда аўтамабіля хуткай дапамогі.
Гэтулькі змен! Усё не пералічыш. Скажу толькі, што Дубровеншчына нацэлена на перспектыву. Па словах прадстаўніка райвыканкама, мяркуецца ў наступным годзе распачаць маштабны інвестпраект коштам прыкладна дзевяць мільёнаў долараў. Плануецца ўзвесці буйны прыдарожны гасцінічна-забаўляльны комплекс з расійскім капіталам.
Апафеозам святочнага дзейства, вядома ж, стала традыцыйная цырымонія ўручэння дыпломаў, прэмій і падарункаў пераможцам абласнога працоўнага саперніцтва на цэнтральнай плошчы Дуброўна. І як тут не пагадзіцца з высновай старшыні аблвыканкама Мікалая Шарстнёва, што ад спраў у сельскай гаспадарцы ў значнай ступені залежыць устойлівае развіццё, харчовая бяспека дзяржавы, поспех рэгіёна. Дасягненні аграпрамысловага комплексу — вынік напружанай працы радавых работнікаў сельскай нівы, перапрацоўчых і абслуговых арганізацый, фермераў, а таксама спецыялістаў, кіраўнікоў, вучоных-аграрыяў, ветэранаў сельскагаспадарчай вытворчасці i моладзі.
— Нават старажылы не прыгадаюць складанага па ўмовах надвор’я сезона, з якім у гэтым годзе сутыкнуліся хлебаробы Віцебшчыны, — падкрэсліў губернатар. — І ўсё ж, нягледзячы на цяжкасці і капрызы надвор’я, вобласць сабрала больш за мільён тон збожжа, валавы намалот — на 150 тысяч больш за леташні.
275 экіпажаў камбайнаў пераўзышлі тысячны намалот, а дуэт хлебаробаў філіяла “Задняпроўскі” ААТ “Аршанскі камбінат хлебапрадуктаў” у складзе Сяргея Грэкава і Алега Сушкевіча ўсталяваў абсалютны рэкорд вобласці — намалацілі 4717 тон збожжа.
Прыкамандзіраваныя Леанід Парамонаў і Дзмітрый Скрыпялеў, якія ўбіралі хлеб на палетках лепельскага філіяла “Заазер’е” ААТ “Віцебскі мясакамбінат”, запісалі на ўласны рахунак звыш трох тысяч тон намалочанага збожжа. Іх прозвішчы прагучалі ў прывітальным слове Мікалая Шарстнёва. Яны атрымалі з рук губернатара заслужаныя ўзнагароды.
dozhУзнімаўся на дажынкаўскую сцэну і дырэктар СВФ “Заазер’е” ААТ “Віцебскі мясакамбінат” Алег Данчанка. І пакінуў яе не з пустымі рукамі, а з Граматай і дакументамі на легкавы аўтамабіль павышанай праходнасці. На адным са здымкаў гэты момант зафіксаваў аб’ектыў фотакамеры.
Хлебаробы Віцебшчыны рапартавалі аб рэалізацыі дзяржаўнага заказу, напоўніцу запоўнілі засекі насеннем. Як зазначыў кіраўнік вобласці, назапашана дастаткова збожжа для забеспячэння грамадскай жывёлагадоўлі канцэнтраванымі кармамі. Стаўка на пашырэнне пасеваў зернебабовых і алейных культур дазволіла ў большасці гаспадарак практычна вырашыць праблему расліннага бялку. Упершыню атрымана 81 тысяча тон зернебабовых культур у чыстым выглядзе.
Жывёлагадоўлю рэзонна называюць манетным дваром гаспадарак. І лепельскія аграрыі ў гэтым таксама пераканаліся з уласнага вопыту. Пры ўсіх складанасцях фінансавага кшталту мадэрнізуюцца і рэканструіруюцца малочнатаварныя комплексы ў “Чарэйшчыне” і “Ладасне”. За буйнымі аб’ектамі галіны — будучае. Сусветная і беларуская перадавая практыка засведчваюць перспектыўнасць такога напрамку. А паралельна варта памножыць намаганні для стварэння высокапрадукцыйнай кармавой нівы. Малако ж у каровы — на языку.
— Стабільная кармавая база, павелічэнне аб’ёмаў нарыхтоўкі травяных кармоў сталі стратэгічным напрамкам раслінаводства ў бягучым годзе, — адзначыў губернатар. — Пашырэнне плошчаў шматгадовых траў, павелічэнне ўдзельнай вагі канюшыны, упор на зернебабовыя культуры ў бягучым годзе пацвердзілі правільнасць абранай стратэгіі.
Зразумела, любая, нават самая амбіцыйная, стратэгія стане неажыццявімай, калі яе не падмацаваць сучасным высокатэхналагічным механізаваным патэнцыялам. Захады такія на Віцебшчыне робяцця актыўна. Па сцвярджэнні кіраўніка вобласці, сёлета сельскагаспадарчыя арганізацыі набылі 970 адзінак тэхнікі, у тым ліку 80 энерганасычаных трактароў магутнасцю 350 — 500 конскіх сіл, высокапрадукцыйныя збожжаўборачныя і кормаўборачныя камбайны, іншую тэхніку.
Напрыканцы свайго выступлення старшыня абласнога выканаўчага камітэта Мікалай Шарстнёў шчыра падзякаваў правафланговым спаборніцтва, усім аграрыям за добрасумленную працу.
Пад час абласных Дажынак у Дуброўна адбылося шмат мерапрыемстваў, у іх ліку абласныя спаборніцтвы “Асілак сяла”, праект “Традыцыйны касцюм Віцебскай вобласці”, конкурс “Дажыначны сноп”, выстава караваяў раёнаў, майстар-класы народных майстроў, працавалі дэманстрацыйныя пляцоўкі падраздзяленняў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях і Дзяржаўтаінспекцыі. Завяршыўся сялянскі фэст маляўнічым феерверкам.
Дык няхай жа хлебны каравай нашага роднага краю становіцца з кожным годам больш важкім, а наша зямля — багацей!
Уладзімір ШАЎЧЭНКА.
На здымках: фоташтрыхі “Дажынак-2017”.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>