Подростки провели со взрослыми урок экологической культуры

musor-1У чарговую суботу ў каледжы прайшла акцыя… Чакайце, а ці не занадта акцый? Спачатку спрабаваў высветліць, як жа яна называлася, чарговая. Звесткі аказаліся даволі супярэчлівымі. У інтэрнэце можна было прачытаць, што ў гэтыя дні праходзіць акцыя “Чысты лес”. Выкладчыкі фізічнага выхавання, на каго была ўскладзена адказнасць за арганізацыю мерапрыемства, паказалі мне паперу, дзе рэкамендавалася прыняць удзел у акцыі… “Зробім 2017”. А бээрэсэмаўцы, скарыстаўшыся момантам, тут жа павязалі навучэнцам, удзельнікам суботняга мерапрыемства, жоўтыя гальштукі са словамі “Добрае сэрца”.

Спрабаваў удакладніць, а потым падумаў — а якая, зрэшты, розніца: “Чысты лес”, “Добрае сэрца” ці хоць бы сабе і “Поўны мех”. Шчыра кажучы, з гэтымі самымі мудрагелістымі штампаванымі словамі-агіткамі хутка, мабыць, дойдзем да абсурда. Калі ж акцыя, то, напэўна, павінны былі несці лозунгі і транспаранты, іграць маршы і фанфары, шчоўкаць фотаапаратамі і тэлекамерамі. Навошта гэтакая пампезнасць? Хіба што для справаздачнасці, для чарговай паператворчасці, ад якой якраз апошнім часам заклікаюць вызваліць навучальныя ўстановы.
Неяк мая знаёмая завуч па выхаваўчай рабоце адной з навучальных устаноў ці жартам, ці ўсур’ёз паскардзілася, што за паперамі, за справаздачнасцю, амаль няма калі бачыцца з дзецьмі. Можа б, дзе паўшчуваў, ці пахваліў, ці падказаў — павыхоўваў бы лішні раз, дык жа сядзі і адпісвайся. І каму патрэбны ўвесь гэты пафасны антураж у звычайных справах!
musor-2Справа ж была абсалютна звычайная, хаця, што казаць, добрая. У суботу сабралі навучэнцаў, пераважна мясцовых, лепяльчан, каб не турбаваць тых, каму дабірацца далёка на аўтобусе. Набралася трыццаць пяць чалавек. Выдалі ім мяхі для смецця, тут жа пярвічка бээрэсэмаўская далучылася з тымі самымі жоўтымі гальштукамі. Павязалі, зрабілі агульны здымак на памяць і пад кіраўніцтвам выкладчыкаў фізкультуры Віталя Грыба і Алега Сездзіна рушылі дзеці да Святога возера. Простая і абсалютна звычайная была пастаўлена задача — прыбраць на ўзбярэжжы смецце. Кастрычнік, злёгку імжыла і было даволі халаднавата. Ды падлеткі ёсць падлеткі, ні холад ім, ні імжака не страшныя, калі яны разам, у адной тусоўцы. Тады і весела, тады і хораша. Ішлі, гучна гукалі, забаўляліся, смяяліся, жартавалі. Дзіва што! Сабраліся разам прадстаўнікі адзінаццаці груп. Некаторыя ўсё ж прыехалі і з вёсак: Вася Шумчанка — з Чэрцаў, Максім Жарнасек — з Поўсвіжа і іншыя. Не думаю, што гэта было пад прымусам — проста ім цікава, хочацца патусавацца разам. Інакш бы не пахваляліся пасля “УКантакце” фоткамі, на якіх, зрэшты, выглядаюць зусім не самотнымі. Праз сацыяльныя сеткі і я даведаўся аб гэтым мерапрыемстве.
Зрабілі добрую справу. Смецця аказалася па вушы. Калі яшчэ лясная частка ўзбярэжжа выглядала больш-менш чыстай, то на лысай гары, дзе Купалле ладзяць, чаго толькі не панакідана! Нават з вады даставалі, дзе змаглі дастаць. Назбіралі поўныя мяхі “дабра”, закінулі ў кузаў каледжаўскага трактарка — і павёз на звалку. Добра, што самі прыбралі, можа, не паймеюць ахвоты засмечваць. Кепска, што дзеці прыбіраюць смецце, якое пакідаюць пераважна дарослыя. Вось і зразумей, хто тут каго павінен вучыць культуры паводзін: яйка — курыцу, альбо курыца — яйка?
З групы 1ТН, у якой куратар Алег Сездзін, на суботнік прыйшло нямала народу, сярод іншых — Павел Пагарэльскі, Антон Шчарбакоў, Максім Жарнасек. Пагаварылі з хлопцамі. Усе яны першакурснікі, толькі са школы. Яшчэ прывыкаюць у каледжы. Вучыцца тут, кажуць, весела і цікава. Падабаецца, што іх тут заўважылі, што ім удзяляюць увагу, з імі лічацца. Задаволены сваёй групай і Алег Сцяпанавіч. Кажа, што сабраліся сапраўдныя мужыкі, не ныюць, не раскісаюць. Ужо пазнаёміліся бліжэй на куратарскіх гадзінах, пагутарылі з многімі бацькамі, высветлілі, як і дзе жывуць дзеці, паглядзелі іх сацыяльна-бытавыя ўмовы, патрэбы. Першакурснікі, адным словам, пакрысе прывыкаюць.
Ледзьве не забыўся, чарговая акцыя ў каледжы прайшла ў межах шостага дня. Ды гэта таксама для справаздачнасці. Будзем лічыць, што падлеткі правялі з дарослымі ўрок экалагічнай культуры, паказалі прыклад гаспадарлівасці і стойкасці, бо не здрэйфілі перад асенняй імжакай. А як гэтае мерапрыемства назавуць дарослыя ў сваіх справаздачах, ім без розніцы.
Уладзімір МІХНО.
На здымках: навучэнцы каледжа на суботніку.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>