Побывал в Венгрии, Югославии, особенно запомнилась поездка на Кубу

img_4037 — Паедзем да аднаго з лепшых у свой час механізатараў саўгаса “Лепельскі”, — прапанова старшыні райкама прафсаюза работнікаў АПК Сяргея Марціновіча прагучала даволі цікава. Пакуль ехалі ў Вялікі Поўсвіж, Сяргей Арсеньевіч распавядаў:

— Пасля ВНУ па размеркаванні я, малады аграном, прыбыў на працу ў саўгас “Лепельскі”. Гаспадаркай тады кіраваў Уладзімір Мікалаевіч Карчагін. Гаспадарка мела ярка выражаны жывёлагадоўчы ўхіл: усе, ад вартаўніка да дырэктара, працавалі на канчатковы вынік. А вынікам была прадукцыя — малако і мяса. Калі браць апошняе, то толькі мяса буйной рагатай жывёлы здавалі каля тысячы тон у год. А яшчэ ж гадавалі і свіней.
Такую процьму жывёлы трэба было забяспечыць высакаякаснымі пажыўнымі кармамі — вось тут мы, аграномы, земляробы, і працавалі. Напрыклад, адных толькі кармавых буракоў вырошчвалі да 90 гектараў! А зараз у якой гаспадарцы вырошчваюць буракі? А між тым гэта выдатны малакагонны корм. Калі я прыйшоў працаваць, убачыў моцны, трывалы механізатарскі касцяк, людзей, з якімі можна было смела брацца за рэалізацыю любых, самых смелых задач. Асабліва адзначалася звяно ардэнаносцаў, дзе працавалі Альфрэд Тарарака, Аляксандр Ігнатовіч і Аляксей Глухаў. Кожны меў урадавыя ўзнагароды. Які ордэн меў Альфрэд Станіслававіч, ужо не памятаю. Аляксандр Гаўрылавіч быў уганараваны ордэнам Працоўнай Славы ІІІ ступені, а Аляксей Іванавіч — медалём “За працоўную адзнаку” і ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Вось да яго зараз і едзем.
* * *
Неўзабаве прыехалі ў Вялікі Поўсвіж. Нас сустрэў каржакаваты, рухавы мужчына. Былы механізатар ужо 12 гадоў на пенсіі. Кажа:
— Як толькі споўнілася 55, адразу ж звольніўся, пайшоў на льготную, па механізатарскім стажы. Аднак зусім расслабіцца не далі. Падышоў да мяне тадышні дырэктар школы Аляксандр Пятровіч Міхно, прапанаваў папрацаваць качагарам адзін сезон у дзіцячым садзіку. Ды так вось дванаццаты сезон і працую.
Затым прайшлі ў кватэру, дзе і прадоўжылі гаворку.
— Нарадзіўся і вырас я на Урале, а тут, у Вялікім Поўсвіжы, апынуўся пасля службы ў войску. Ажаніўся з мясцовай дзяўчынай Галяй Ганчар, ды так і пражылі з ёй шмат гадоў. Сына Валодзю і дачку Таню нарадзілі. Праўда, сэрца Галю маю падвяло, памерла яна гадоў 25 таму назад, Тані тады толькі 14 споўнілася.
— Я памятаю, вы шчыравалі ў калектыве інтэнсіўнай працы — так тады называліся асабліва ўдарныя звенні, — кажа Сяргей Марціновіч. — Колькі помню, вы заўсёды на кормаўборачным камбайне КСК-100 працавалі.
— Не толькі. Прыйшоў я сюды, у саўгас “Лепельскі”, пад час жніва, быў памочнікам у Станіслававіча на СК-4, збожжаўборачным камбайне, былі такія, без кабіны. А потым мяне перавялі на трактары. За гады я асвоіў камбайн СК-5 “Ніва”, трактар Т-150, нават на нямецкім корманарыхтоўчым камбайне паспеў папрацаваць.
Зімой, як правіла, ездзіў на трактары. Гэта цяпер зіма — мёртвы сезон, а раней зімой працы было валам. Успомніць хаця б прывоз торфу. Яго распрацоўвалі ў розных месцах, часцей прывозілі з Ворані, Слабады. Усю зіму тралявалі, на палях выгружалі вялікія доўгія бурты, а ўвесну яго ўносілі. Пад канец мая перасаджваўся на КСК — і ледзьве не да белых мух. Падкормка жывёле, нарыхтоўка траў на сянаж і сілас, здрабненне кукурузы — усіх спраў і не пералічыць. А на час жніва, бывала, перасаджваўся на “Ніву”.
— А колькі фермаў было на той час у “Лепельскім”, колькі жывёлы, вы ж сваім звяном паспявалі ўсіх забяспечыць кармамі!
— На той час самыя строгія патрабаванні прад’яўляліся выкананню тэхналогіі. Апрацоўка поля — у два сляды, унясенне ўгнаенняў — поўнай мерай, пад травы заўсёды ўносілі аміячку. Затое і радзілі яны будзь здароў! Валок травы быў вялікі, барабан ледзьве паспяваў здрабняць травяную масу.
* * *
Уключаюся ў гутарку старых сяброў і задаю пытанне:
— Вы казалі, што паспелі папрацаваць як на айчыннай кормаўборачнай тэхніцы, так і на ГДРаўскай. Параўнайце, калі ласка.
— Ведаеце, лічылася, што імпартная — нешта прэстыжнае, накшталт іншамаркі: зручна, камфортна, і прадукцыйнасць павінна быць вышэйшай. Мне ж больш даспадобы было рабіць на айчынным КСК. Там стаяў больш магутны рухавік, які дазваляў перапрацоўваць за гадзіну больш зялёнай масы (паводле тэхнічных характарыстык, КСК-100 павінен выдаваць да 100 тон зялёнай травяной масы за гадзіну і да 120 тон — кукурузнай — аўт.). Хаця, ведаеце, камяням было ўсё роўна, айчынная тэхніка перад імі ці імпартная.
— Ламалі?
— Яшчэ як! Касілкі скосяць траву, граблямі маса саб’ецца ў валок, а я еду з падборшчыкам. Толькі чуваць “цок-цок” — гэта дробныя каменьчыкі. А потым “трэсь” — і на рамонт.
— А цяперашняя тэхніка…
— О-о-о! Каб цяперашнюю магутную энерганасычаную высокапрадукцыйную тэхніку ды тадышнім працавітым адказным работнікам — горы можна было б звярнуць! Завалілі б кармамі, залілі б малаком, загрузілі б мясам усе склады і нарыхтоўчыя канторы.
— Мала таго, што ў “Лепельскім” Аляксея Іванавіча часта камандзіравалі на дапамогу ў іншыя калгасы, у Пышна, Чэрцы, — успамінае Сяргей Марціновіч, — ён і там працаваў ударна. Распавядалі, што ён траншэю за адзін дзень запаўняў такую, якую мясцовыя — за тыдзень!
— Ну, за тыдзень-не за тыдзень, але па камандзіроўках ездзіў часта, — пагаджаецца ветэран.
І працягвае:
— На працу прыходзілі а шостай гадзіне раніцы. А яшчэ ж і на ўласнай гаспадарцы папрацаваць трэба было. Дык пад’ём у мяне быў у тры гадзіны раніцы, а спаць клаўся пасля дзясятай. Трэба было жонцы дапамагчы, з дрывамі справіцца, на агародзе. Гаспадарку сваю трымалі, карову, свіней. Саўгас вялікую дапамогу аказваў. Сена, напрыклад, для скаціны выдзялялася работнікам бясплатна. Гэта вялікая дапамога была. Уявіце, 137 кароў трымалі толькі ў Вялікім Поўсвіжы, а колькі яшчэ ў іншых вёсках…
* * *
— У вас бачу працоўныя ордэн і медаль, распавядзіце пра іх.
— Абедзве ўзнагароды мне былі прысвоены Пастановамі Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР, медаль “За працоўную адзнаку” 27 снежня 1976 года, ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга — 26 сакавіка 1982 года. Але гэта толькі вяршыня, так бы мовіць, было яшчэ шмат стымулаў да працы. Па-першае, заработная плата. Мой мінімальны месячны заробак у саўгасе быў 300 рублёў. Каб сучасная моладзь ведала, мінімальная заработная плата ў СССР была 60 рублёў, бохан хлеба каштаваў 14 — 18 капеек, абутак — 12 — 20 рублёў.
Меў дастаткова грошай, каб купіць любую рэч, якая мне спадабалася. Іншая справа, што не заўсёды на прылаўках быў у наяўнасці патрэбны тавар. Аднак трактарыст і даярка былі першымі людзьмі на вёсцы! Іх праца лічылася ганаровай і прыбытковай. Калі чалавек працаваў, то ў яго быў наладжаны дабрабыт. Мне, напрыклад, гэтую кватэру выдзеліў саўгас. Пазней прапаноўвалі абмяняць яе на асобны дом, але я адмовіўся. Жонка на той час памерла, дзеці выраслі і сталі раз’язджацца. Навошта мне яшчэ і пераезд? Гаворачы пра стымулы, нельга абмінуць і наступнае: у 1970 — 1980 гадах я быў членам бюро абласнога камітэта Камуністычнай партыі, мог уплываць на прыняцце важных рашэнняў. Быў дэлегатам ХІХ партыйнай канферэнцыі ў Маскве. Як перадавому работніку, мне выдзялялі турыстычныя паездкі за мяжу. Плаціў толькі 30 працэнтаў, астатняе аплачвала дзяржава, прафсаюз, саўгас. Такім чынам, я пабываў у Венгрыі, Югаславіі, асабліва запомнілася паездка на Кубу. Выляталі з Масквы ў студзені, стаяў 25-градусны мароз. 15 гадзін палёту — і мы выходзім з самалёта ў 25-градусную спёку ў Гаване. Гавана, пляж у Арадэра — 24 дні праляцелі вельмі хутка.
— Аляксей Іванавіч — актыўны чалавек, — дадае Сяргей Марціновіч. — Ён мне для ўступлення ў Камуністычную партыю рэкамендацыю даваў. А ў савецкія часы членства ў партыі было абавязковым для будавання паспяховай кар’еры.
* * *
А нядаўна для працы на сваім прысядзібным участку стары трактарыст набыў мотаблок.
— Разглядаў некалькі розных варыянтаў: кітайскія мотаблокі, расійскія, беларускія. Аблазіў з унукамі інтэрнэт, перагледзеў некалькі відэаролікаў, як розная тэхніка працуе. У суседзяў ёсць падобная, падышоў, спытаў і ў іх. Імпартныя мне не спадабаліся тым, што ў іх няма дыферэнцыялу, таму паварочваць такія цяжкавата. А круціцца ў маленькім агародчыку даводзіцца часта. Затое беларускі мотаблок круціцца лёгка, яго і выбраў. А заадно і некалькі адзінак навясных прылад.
Пасля смерці першай жонкі Аляксей Іванавіч некалькі гадоў быў адзін, расціў і вучыў дзяцей, і толькі праз працяглы час сышоўся з Нінай Мікалаеўнай Алесенка. Мужчына жыве ў сваёй кватэры, дзе падведзены газ і ёсць усе камунальныя выгоды. Радуецца здароўю і шчасцю дзяцей, унукаў. Падзяліўся па сакрэце:
— Нядаўна, два тыдні таму, аддаў замуж унучку Марыну, так што, спадзяюся, у хуткім часе прадзедам стану.
Васіль МАТЫРКА.
На здымку: Аляксей Глухаў.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>