В эти короткие минуты их души оживают и расцветают

img_3988 Дзень пажылых людзей, хаця і не з’яўляецца афіцыйна святочным, усё ж такі знамянальным і памятным – адназначна. Асабліва для аддзялення кругласутачнага догляду “Святліца”, што ў Камені.

Урачыстасці ў доме пажылых (так без перабольшвання можна назваць “Святліцу”) пачаліся ў пятніцу з раніцы. У першай палове дня ў госці завіталі вучні Каменскай базавай школы. Чыталі вершы, уручалі кветкі бабулям і дзядулям.
А ім, старым, нямоглым, адзінокім, часцей за ўсё толькі і трэба, што хаця б крыху ўвагі, некалькі хвілін пагаварыць, абмяняцца апошнімі навінамі. У гэтыя кароткія хвіліны іх душы аджываюць і расцвітаюць, вочы свецяцца асаблівай радасцю. Менавіта такімі ўбачыў старэнькіх бабуль і дзядуль аўтар гэтых радкоў, калі прыехаў у “Святліцу” разам з дэлегацыяй ад тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. У руках многія трымалі кваеткі, уручаныя яшчэ раніцай школьнікамі.
Разам са спецыялістамі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне прыехаў і творчы калектыў “Мятліца” раённага таварыства інвалідаў па зроку. Самадзейныя артысты наладзілі для ветэранаў невялікі эмацыйны і захапляльны канцэрт. Баян у руках Дзяніса Аблавушкі пераліваўся трэлямі і акордамі. Асабліва спадабаліся слухачам песні былых гадоў, часоў іх маладосці. Гледачы жыва падпявалі, словы куплетаў і прыпеваў яны ведалі ці не лепш за саміх артыстаў.
Вартая асаблівых словаў удзячнасці і захаплення сцэнка ў выкананні самадзейнага артыста “Мятліцы” Уладзіміра Вілейты. Ён так пераканаўча паказаў вобраз старога вясковага дзядка, які часам не прыслухоўваецца да сваёй бабкі, не дурань прыгубіць чарачку, крыху ленаваты і праставаты, што жыхары “Святліцы” толькі пасмейваліся, сачылі за яго прыгодамі, а потым аддзячылі дружнымі апладысментамі.
Напрыканцы для жыхароў “Святліцы” наладзілі “салодкі стол”. Расказвае начальнік тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Наталля Іванова:
— Гэты пачастунак арганізавалі, дзякуючы нашым спонсарам. У першую чаргу – кіраўніцтву ААТ “Лепельскі МКК”, яны выдзелілі малочныя прадукты, а раённае спажывецкае таварыства торты – салодкую прадукцыю свайго кулінарнага камбіната. Расходы не вялікія, але з іншага боку – старым людзям больш патрэбныя не столькі пачастункі, колькі ўвага. Той факт, што да іх прыехалі, павіншавалі, ім даражэй за ўсё. Бо многія – адзінокія.
Гэта пацвярджаецца прыкладамі. Аліна Міхайлаўна Азаронак, так склалася, не мае сваіх дзяцей, зараз дажывае век у Камені. Аднак цалкам адзінокай назваць жанчыну нельга, у Бароўцы жыве яе пляменнік Генадзь, які амаль кожныя выхадныя наведваецца да бабулі. У такія сустрэчы яны падоўгу размаўляюць, дзеляцца навінамі.
У Кацярыны Іванаўны Лях трагедыя — жанчына перажыла сваю дачку, якая памерла некалькі гадоў таму. Аднак яе не забываюць унукі, часта прыязджаюць, нават забіраюць да сябе на выхадныя.
Задаваў сабе пытанне, а як тут жыць. З аднаго боку добра: поўны пансіён, цёпла, чыста, утульна, нават прыбіраюць у памяшканнях спецыяльныя работнікі. Аднак з іншага боку, людзям, якія прывыклі жыць у цяжкой працы, цяжка было б жыць без яе. Віктар Данілавіч Камека летам браў граблі і шчыраваў на тэрыторыі, дапамагаў наводзіць і падтрымліваць парадак. У Фёдара Маркавіча Пшонкі здароўе не дазваляе шмат працаваць, затое ён шмат чытае, перабраў амаль усе даступныя кнігі, чытае шмат газет. На тумбачцы ля яго ложка ляжыць ладны стос, у якім важнае месца займае раёнка.
На развітанне госці і гаспадары разам праспявалі песню “Чарка на пасашок”.
Васіль МАТЫРКА.
На здымку: выступае самадзейны калектыў “Мятліца”.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>