Старые фотографии с годами не только не теряют ценности, но и обрастают мифами

u-7 Старыя фотаздымкі з гадамі не толькі не губляюць каштоўнасці, але і абрастаюць міфамі. І не важна, што гэтыя пажоўклыя ад часу фота не зусім эстэтычна выглядаюць. Вядома ж, час наклаў на іх свой адбітак. Затое ж якія яны цікавыя, колькі інфармацыі нясуць, колькі пачуццяў і роздуму выклікаюць!

А ёсць фота-юбіляры. Два такія фотаздымкі прынёс у рэдакцыю старшыня Стайскага сельсавета Анатоль Залатуха. На першым — удзельнікі зборнай нашага раёна (справа налева ў верхнім радзе першы Анатоль Залатуха, другі Анатоль Красніцкі і чацвёрты Рымантас Стрыпейкіс — разам з футбольнай камандай “Трактар” нямецкага горада Вельміц (гэта былая Германская Дэмакратычная рэспубліка). На другім — момант гульні. Гэтай восенню фатаграфіям спаўняецца трыццаць гадоў. Менавіта столькі часу прайшло пасля першага (і ці не адзінага ў нашым раёне) міжнароднага таварыскага матча.
У гады перабудовы ў Лепелі гасцілі немцы. Кажуць, што жылі яны ў гасцініцы ў запаведніку. Гэта была футбольная каманда з невялікага ўсходненямецкага гарадка. І аднойчы на стадыёне калгаса імя Чапаева ў Старым Лядне адбыўся той памятны матч.
— Мы ўдзельнічалі тады ў абласным турніры сярод ПТВ і крыху “падселі”, — прыгадвае Анатоль Леанідавіч.
u-6Менавіта ён, Анатоль Залатуха, выкладчык фізвыхавання СПТВ-175, быў капітанам зборнай, аснову якой складалі выкладчыкі і майстры вытворчага навучання гэтай установы, забіў адзіны гол у вароты праціўніка. Дарэчы, каманда вучылішча была адной з мацнейшых у раёне. Акрамя тых, хто на фота, за зборную раёна ў той час гулялі Мікалай Дзёмка, Леанід Хацкевіч, Віктар Драгуноў, Сяргей Карбовіч, Аляксандр Прыцкер, Іван Анышка, Міхаіл Ляйко, Аляксандр Акулёнак, Аляксандр Канышаў, Аляксандр Храпавіцкі.
— Першы тайм прайшоў у роўнай барацьбе і скончыўся з лікам 3:1 на карысць гасцей. Нават пры ліку 2:1 мы маглі яшчэ пераламіць ход матча, аднак не быў рэалізаваны пенальці. Аляксандр Акулёнак паклаў варатара ў левы бок, ды мяч паслаў побач са штангай правай стойкі варот. Далей нямецкія футбалісты правялі яшчэ тры мячы ў нашы вароты. Мы прайгралі з лікам 1:5.
Ахвочых паглядзець той матч набралася каля ста чалавек, прыехалі ў Лядна на аўтобусах. На матчы прысутнічалі прадстаўнікі кіраўніцтва раёна.
— Чаму гулялі менавіта ў Лядне? — пытаюся ў Анатоля Леанідавіча.
— На той час там была самая лепшая ў раёне пляцоўка. Пасля ўжо стаў больш выгадна выглядаць стадыён у Лепелі. Мы самі яго рабілі: і дзёран насілі, і траву падсявалі.
Капітан футбольнай зборнай Залатуха быў прызнаны лепшым іграком матча, і да гэтага часу беражліва захоўвае дома прыз, як памяць пра тую сустрэчу і сваю спартыўную маладосць.
Трэба сказаць, што на Лепельшчыне была ў той час даволі моцная футбольная каманда. Паспяхова ўдзельнічалі ў першынстве вобласці, былі прызёрамі і “фінальнага кубка”.
У тыя часы нашы футбалісты правялі два таварыскія матчы з ветэранамі мінскага “Дынама”. У абодвух, праўда, прайгралі, але каму?! Многія з сапернікаў былі майстрамі спорту СССР. Ды і прайгралі з мінімальным лікам. У восемдзесят чацвёртым — 1:2, у восемдзесят дзявятым — 0:2. Гол у вароты праціўніка забіў Іван Анышка. Першы матч праходзіў на стадыёне ў Лядне, другі — ужо ў Лепелі.
Пасля таварыскай сустрэчы з немцамі каманду абяцалі адправіць у Германію з візітам у адказ. Так што была магчымасць узяць рэванш. Аднак у вобласці ўсё перайначылі, і паехала каманда майстроў другой лігі першынства СССР “Дзвіна“ з Віцебска. І яны перамаглі. Так што рэванш над немцамі ўсё ж адбыўся.
Удзельнікаў той лепельскай зборнай трыццацігадовай даўніны раскідаў лёс. Акулёнка і Храпавіцкага ўжо няма ў жывых. Многія зараз — вядомыя ў раёне людзі, кіраўнікі розных прадпрыемстваў і арганізацый. Практычна ўсе яны дагэтуль сябруюць са спортам, не забываюць пра футбол. А прадметам асаблівай іх гордасці з’яўляецца “каманда футбольнай маладосці”.
Уладзімір МІХНО.
Фотаздымкі з сямейнага архіва Анатоля Залатухі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>