Як разбурылі губінскі касцёл

 Вёскі Губіна і Макараўшчына стаяць насупраць адна другой, праз возера. Адлегласць між імі складае кіламетр. Невядома, чаму ў Макараўшчыне на самай высокай гары пабудавалі царкву, якая і зараз дзейнічае, а ў Губіне касцел. Сваіх землякоў ведаю ўсіх — палякаў сярод іх няма. Былі верні­камі толькі мая маці Геня Марунька (сястра Анатоля Марунькі, які пахаваны на Пятачку) ды сям’я Мысліцкіх. У гэтай сям’і я і даведаўся гісторыю касцёла. У дзядзькі Івана была невялікая кніжка. Ён умеў чытаць па-польску. Кніжка змяшчала малюнкі, і я бачыў, якім гмахам быў наш касцёл.

Ён меў чатыры вежы, агароджу, бы сцяну. Побач размяшчаліся іншыя пабудовы. У цэнтральным увахо­дзе паміж вежаў стаяў вялікі крыж. Са слоў дзядзькі памятаю, што касцёл быў пабудаваны ў 60-х гадах ХІХ стагоддзя.

 Ёсць каля Губіна лясное ўрочышча Маяк. Салдаты паставілі на яго самым высокім месцы драўляную вышку. Мы, хлапчукі, хоць і з бояззю, але залазілі на верхатуру. Краявід — захапляльны. Шмат вёсак было бачна адразу. Мы налічвалі 18 азёраў. А наш касцёл, здавалася, знаходзіўся ў глыбокай катлавіне. Вучыўся я ў Губінскай васьмігодцы. У школе было два памяшканні — для старшакласнікаў і пачаткоўцаў. Вокны майго класа выходзілі на касцёл. Было мне гадоў 13, калі ў калгас “Чырвоны сцяг” аб’­ядналіся вёскі Губіна, Катоўшчына, Макараўшчына, Шалафаны, Паземшчына, Двор-Чаросава. На працу выходзілі ўсе вяскоўцы, ад малога да старога. Працавалі за “палачкі” ў брыгадзіравай ведамасці, а на заробак давалі мяхі са два — тры збожжа ды некалькі рублёў. Каб мець хоць нейкі дастатак, праўленне калгаса вырашыла пабудаваць кароўнік у Паземшчыне, бо насупраць вёскі ў возеры Астроўна знаходзіўся вялікі востраў, куды на лета можна перапраўляць маладняк.

 Лес для новабудоўлі сельсавет выдзеліў. Мясцовыя мужыкі яго спілавалі і вывезлі. Цесляры абчасалі бярвенне. На тым справа затармазілася. Хлеў павінен быць доўгім. Патрабаваліся слупы з цэглы, каб у пазы паміж ёй закладваць бярвёны.

 Дзе браць цэглу? Цагельні “Раўнянка” тады яшчэ не было. Каб здабыць дэфіцытны будматэрыял, вырашылі разбурыць касцёл. Калгас у той час сябраваў з бароўскімі вайскоўцамі, якія дапамагалі касіць сена. Па просьбе старшыні яны прыгналі магутны танк-цягач. Мы з сябрамі смяяліся: што гэта за танк, калі на ім няма гарматы. Салдаты перакінулі шнур з грузам цераз сцяну, потым перацягнулі дрот, а за яго — трос.

 Цягач зароў на ўсю моц, нацягваючы трос. Сцяна зверху адламалася і разам з крыжам рухнула ўніз. Потым колькі ні закідвалі трос, ніводнага кавалка не адламалі. Ды і як маглі адламаць, калі цэгла была ручнога вырабу, змацаваная растворам на вапне і яйках, таўшчыня сцен — болей за метр.

 Адламаны кавалак кіркамі ледзь разабралі. Цэглу завезлі ў Паземшчыну, склалі некалькі слупоў. Але гэтага было мала. Тады вырашылі даламаць касцёл сваімі сіламі.

* * *

 Калгас атрымаў моцныя на той час дызельныя трактары на гусеніцах. Зачалілі трос і прымацавалі да счэпкі з чатырох трактароў. Вялікі праём сцяны паляцеў уніз. Кавалак муру дыяметрам болей за метр пераляцеў цераз адзін трактар і пляснуўся перад радыятарам. Трактарыст вылез з кабіны спалатнелы і больш за рычагі не сеў. Адмовіліся парушаць тэхніку бяспекі і іншыя трактарысты.

 Зноў разабралі на цэглу адламаныя глыбы, адвезлі на будоўлю, цэглы зноў не хапіла. Старшыня паехаў дамаўляцца з вайскоўцамі. Праз нейкі час салдаты прыцягнулі вялікі кампрэсар і пачалі нешта дзяўбці ў сцяне якраз насупраць акон школы. Якія там урокі! Ніхто не слухаў настаўніцу, бо і без таго вучыцца не хацелася — май на двары.

 На наступны дзень заняткі адмянілі. Прыехала шмат салдат і камандзіраў. Сабралі каля канторы вяскоўцаў, сагналі нас, падшыванцаў, з дахаў, вывелі за аселіцу, а вёску ачапілі.

 Прагучаў моцны выбух, але сцяна як стаяла, так і засталася стаяць. Салдаты потым казалі, што зарад дынаміту быў слабы. Вырвала невялікую нішу.

 Некалькі дзён салдаты зноў дзяўблі касцёл. Нас, малых, не падпускалі. Зноў сабралі сялян і адвялі яшчэ далей ад вёскі. Наша “гвардыя” заняла самыя высокія пагоркі. Усе ўбачылі, як сцяна падскокнула ўгору і пачала развальвацца, а потым грымнуў аглушальны выбух. Хлапчукі панеслі­ся да касцёла. Усюды валялі­ся фрагменты сцяны, друз, наўкола вісеў чырвоны пыл. У школе вылецела шкло. Дах пасеклі асколкі цэглы.

 Калгаснікі ўзяліся за справу. Хтосьці разбіваў глыбы, мы цягалі цэглу да кучы. Працавалі амаль ты­дзень. Цэглы нарыхтавалі дастаткова. Друз вывезлі на гразкія дарогі ў Макараўшчыну і ад клуба да шашы на Улу.

 Прайшло шмат часу. Калі наведваю вёску дзяцінства, прыходжу да руін касцёла. Напамінкам аб тым часе застаюцца два вялікія фрагменты сцяны, якія так і не разбурылі. Насупраць крамы ў сцяне выбіты вялікі трохкутнік. Утварыў яго мясцовы жыхар. Ён хоць і выглядаў крыху дзіваком, аднак быў адметным рыбаловам і паляўні­чым. Ён у тым месцы, седзячы на сцяне, дзёўб яе кіркай месяцы з тры. Перавёз на свой агарод цэглу ды збудаваў першы ў вёсцы жылы мур.

 Вось такая праўдзівая гісторыя знішчэння губінскага касцёла, хаця неаднойчы чуў розныя небыліцы пра знішчэнне культавай будыніны. Мой жа аповед не легенда — быль.

 Анатоль СОБАЛЬ,

 ураджэнец вёскі Губіна.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>