Жизни не удержишь, каждый из нас обязательно подойдет к этой черте

847058Старасць… Многім не хочацца пра яе нават думаць, большасць зусім не збіраецца здавацца і цешыць сябе думкаю, маўляў, яшчэ не зусім стары. Тым не менш жыцця назад не павернеш, кожны з нас ці падышоў, ці абавязкова падыдзе да гэтай рысы. Ці варта адчайвацца?
— Як вы лічыце, трэба баяцца старасці? — пытаюся ў дырэктара Лепельскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Наталлі Івановай.
— Тое самае, калі б вы запыталіся, ці трэба баяцца восені. Усё роўна ж прыйдзе. Восень — пара года, старасць — жыццёвая пара. Пажылы ўзрост — яшчэ не падстава для песімізму. У наш час, калі павышаецца працягласць жыцця, людзі значную частку веку жывуць ужо не маладымі. Важна пражыць гэты адрэзак часу якасна. Ад гэтага наўпрост залежыць і настрой.
— Вы кіраўнік установы, якая непасрэдна працуе з людзьмі пажылога ўзросту. Што робіцца дзеля таго, каб гэтыя людзі жылі якасна і не паддаваліся адчаю?
— Наша задача — дапамагаць пажылым людзям у розных формах у залежнасці ад жыццёвых сітуацый.
— Прывядзіце прыклады.
— Скажам, пажылому чалавеку трэба дапамагчы дома: вырашыць яго бытавыя праблемы, забяспечыць лекамі і прадуктамі, проста падтрымаць. Пры цэнтры існуе аддзяленне хатняй сацыяльнай дапамогі. Цікава, што яно сфарміравалася яшчэ ў 1989 годзе пры аддзеле сацыяльнай абароны, які ўзначальвала ў той час Надзея Сарамбаева. Стаяла задача набраць людзей на абслугоўванне і ўзяць на працу аднаго сацработніка. Першым такім работнікам стала Надзея Васіленка. Першапачаткова людзі абслугоўваліся бясплатна, як у горадзе, так і ў вёсцы. Адзінае — не бралі на абслугоўванне тых, у каго была гаспадарка. Зрэшты, і зараз кошт хатніх сацпаслуг даволі невысокі. Цяпер пенсіянеры абслугоўваюцца згодна з паказчыкамі медыцынскага заключэння, у адпаведнасці з так званымі функцыянальнымі класамі.
— Колькі чалавек на абслугоўванні? Хто і якія паслугі ім аказвае?
— Пяцьсот пяць пажылых людзей на абслугоўванні ста дзесяці сацыяльных работнікаў. Ёсць сацыяльныя работнікі, якія абслугоўваюць адразу па некалькі вёсак: Іна Лаўрэнава, Уладзімір Ханяк, Святлана Дзямко і іншыя. У абавязках сацработніка — дастаўка лекаў і прадуктаў, дроў, вады, уборка памяшканняў, аплата камунальных. Гэта найбольш запатрабаваныя паслугі.
— Дарагія?
— У сярэднім адзін візіт сацработніка каштуе ад аднаго рубля да паўтара. Колькасць выклікаў выбіраюць самі людзі, як правіла, ад аднаго да пяці ў тыдзень.
— Аднак усяго не прадугледзіш. Магчыма, чалавеку патрэбны не толькі вада ці дровы, а і рамонт у хаце зрабіць, і плот адрамантаваць. Ці мала…
— На гэты выпадак створана аддзяленне тэрміновай сацыяльнай дапамогі. Яму ўжо пяць гадоў. Спачатку гэта была брыгада, у якой працавалі Віктар Вярхоўскі і Мікалай Зяленін. Зараз работнікі працуюць па дамове падраду. У Мікалая другі напарнік — Валерый Дзмітрачэнка. Распілоўваюць дровы, косяць, узорваюць мотаблокам агароды, клеюць шпалеры, прыбіраюць на тэрыторыі ля дома, а таксама на могілках, рамантуюць платы, фарбуюць агароджы і г.д.
— Колькі паслуг аказалі?
— З пачатку года — дзвесце семдзесят сем паслуг ста сямідзесяці васьмі чалавекам на суму 1748 рублёў трыццаць сем капеек.
— Згадзіцеся, для людзей, асабліва пажылых, часам псіхалагічная дапамога бывае важней, чым сацыяльна-бытавая.
— І гэты выпадак мы прадугледзелі. Са снежня 2012 года пры цэнтры працуе аддзяленне дзённага знаходжання для пажылых людзей, а праз год такая ж структура адкрылася і ў Бароўцы. Цяпер абодва аддзяленні наведвае сто чалавек — сорак чатыры ў горадзе і пяцьдзясят шэсць у Бароўцы. Займаюцца ў адзінаццаці гуртках: музычна-тэатральным, дэкаратыўна-прыкладной творчасці, фізкультурна-аздараўленчым, асвойваюць камп’ютар. Працуюць чатыры валанцёрскія гурткі і столькі ж клубаў валанцёрскіх, дзе нашы актывісты пажылога ўзросту наведваюць іншых пажылых людзей. Існуюць і іншыя клубы па інтарэсах, іх у двух аддзяленнях усяго восем.
— Зразумела, гэта ўсё, каб заняць рукі, прагнаць нуду і г.д. А ці займаецеся непасрэдна псіхалагічнай дапамогай?
— Аддзяленне аказвае соцыя-медыка-псіхалагічную дапамогу людзям старэйшых узроставых груп, з якімі працуюць медсястра, псіхолаг. Актыўна вядзецца работа па прафілактыцы дэменцыі. Работнікі самаўдасканальваюцца, наведваюць семінары па гэтай тэматыцы, займаюцца дыягностыкай, выяўленнем дэменцыі.
— Як рэальна дапамагаеце якасна дажыць век адзінокім састарэлым людзям?
— Яшчэ ў дзве тысячы трэцім годзе на базе былой Пышнянскай бальніцы было адкрыта аддзяленне кругласутачнага знаходжання “Крыніца” для такіх людзей, разлічанае на трыццаць чалавек. Пасля, напрыканцы дзве тысячы пятага года, адзін з карпусоў бальніцы, якая будавалася ў Камені, быў перапрафіляваны пад аддзяленне кругласутачнага знаходжання — на пяцьдзясят месцаў. Зараз там знаходзяцца сорак два чалавекі. Створаны ўсе ўмовы, як сацыяльна бытавыя, так і для культурнага адпачынку. Побач — амбулаторыя. Увайшлі ў строй лазня, фітабар. Адзінокія пажылыя людзі могуць не турбавацца, сам-насам з самотаю і сваімі праблемамі іх не пакінуць.
Гутарыў Уладзімір МІХНО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>