«Пятачок» на площади Свободы

img_6181Цэнтральная плошча горада Лепеля атрымала назву плошчы Свабоды. Аднак па форме яна вельмі нагадвае круглы пятак, таму сярод гараджан распаўсюджана і яшчэ адна, нефармальная, назва плошчы — “Пятачок”. Восенню 2011 года непадалёк ад аддзялення ЦБП №211 філіяла №214 ААТ АСБ “Беларусбанк” была ўрачыста адкрыта дэкаратыўна-анімалістычная скульптурная кампазіцыя пад  назвай “Пятачок”. Над стварэннем мастацкага твора працаваў вядомы беларускі скульптар Леў Аганаў, які, як вядома, з’яўляецца і аўтарам помніка канцлеру Вялікага Княства Літоўскага Льву Сапегу, што ўсталяваны перад уваходам у гарадскі парк.

Пры стварэнні скульптурнай кампазіцыі “Пятачок” выкарыстана выява папулярнага героя народных паданняў і легенд Несцеркі — гаваруна, веселуна, працавітага і прадпрымальнага чалавека, што нібыта накіроўваецца на мясцовы кірмаш, каб прадаць на ім змешчаныя ў зручнай і ёмістай торбе, перакінутай цераз плячо, свае самабытныя гліняныя вырабы, якімі здаўна вельмі славіцца Лепельшчына. Нездарма ж адной з найбольш праўдападобных версій паходжання назвы нашага горада лічацца словы “лепка”, “ляпіць”. Дарэчы, знайшлося месца ў торбе і дарам лесу — грыбам, ягадам. Ва ўзнятай уверх над галавой правай руцэ гэты вядомы народны ўлюбёнец трымае пяцікапеечную манету (знакаміты “пятачок” 1805 года, калі Лепелю быў прысвоены статус горада).
Пад пахай левай рукі Несцеркі — задзірысты певень — старажытны сімвал раніцы, абуджэння ад сну, якога ў даўніх народных вераваннях лічылі яшчэ і ўвасабленнем духа злакаў, багатага ўраджаю.
А каля ног Несцеркі ў гэты час лашчыцца авечка — сімвал лагоднасці, пакорлівасці і вясковага жыцця. Не выпадкова таму ў раннім хрысціянскім мастацтве апосталы адлюстраваны ў выглядзе дванаццаці ягнятак. Наогул, авечак заўсёды разводзілі ў нашай мясцовасці. Прынамсі, неяк наведаў мясцовага жыхара Васіля Собаля ў вёсцы Радунь Баброўскага сельсавета і ўбачыў у яго атару авечак.
— Гэта ягняты танкарунных мерыносаў, — патлумачыў ён. — Яшчэ у канцы XIX стагоддзя вядомы мясцовы краязнаўца І. Гарбачэўскі ў кнізе “Лепельскі павет Віцебскай губерні” пісаў, што “мясцовыя сяляне разводзілі такіх авечак і атрымлівалі здавальняючыя вынікі”. Таму паспрабаваў гэта зрабіць і я. І адразу быў уражаны хуткім прыбаўленнем у вазе жывёлін. Напрыклад, вось гэтым некалькім “ягняці” споўнілася яшчэ толькі чатыры месяцы, а вага кожнага з іх ужо перавышае некалькі дзясяткаў кілаграмаў.
Завяршае скульптурную кампазіцыю “Пятачок” тое, што ўшчыльную побач з народным фальклорным героем знаходзіцца невялікае пацешнае парася. Гэтая дабрадушная свойская жывёліна ў нашых продкаў лічылася сімвалам урадлівасці і працвітання.
М. АЗЁРНЫ.
На здымку: дэкаратыўна-анімалістычная скульптурная кампазіцыя “Пятачок” на плошчы Свабоды.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>