Возле деревни Гадивля после небольшого снегопада один из местных жителей утром наткнулся на свежие волчьи следы

wolf-chernobyl-zoneЗімой ля вескі Гадзіўля пасля невялікага снегападу адзін з мясцовых жыхароў раніцай натрапіў на свежыя ваўчыныя сляды. Абышоў наўкол вялікі лясны масіў, аднак так і не знайшоў месца, дзе б гэтыя сляды ішлі далей. Гэта азначала, што тут і знаходзіцца дзённая ваўчыная лёжка. Вясковец патэлефанаваў у Цярэшчынскае лясніцтва Бярэзінскага запаведніка. Па выкліку хутка дабралася ў ваколіцы мяркуемай звярынай схованкі брыгада паляўнічых, якая прыхапіла з сабой і мяне.
Кіраўнік палявання — ляснічы Цярэшчынскага лясніцтва, перш за ўсё азнаёміў усіх яго ўдзельнікаў з патрабаваннямі тэхнікі бяспекі. Кожны асабіста распісаўся, што прайшоў інструктаж. У прыватнасці, тыя паляўнічыя, якія ставіліся на стралковую лінію ўздоўж шнура са сцяжкамі, былі строга папярэджаны, што не маюць права сысці са свайго месца да таго часу, пакуль не будзе пададзены сігнал.
У лясным гушчары, каля купкі невялікіх густых сасонак, узброены ружжом-двухстволкай, быў пакінуты і я. Кіраўнік палявання паведаміў, што справа і злева ад мяне ўздоўж сцяжкоў будуць стаяць яшчэ па два паляўнічыя, а ўсяго нас на стралковай лініі — пяць чалавек. Такім чынам, мяне пакінулі ў самым цэнтры стралковай лініі з вельмі малой верагоднасцю, што на мяне выйдзе звер. Аднак я зрабіў усё, як трэба. Узвёўшы куркі ружжа, у абодвух ствалах якога знаходзіліся патроны з буйной карцеччу, я цярпліва чакаў.
Нарэшце пачуліся галасы загоншчыкаў. Праз пэўны час я пачуў трэск, з лясных нетраў у мой бок крочыў буйны лось. Жывёліна наблізілася да шнура са сцяжкамі, асцярожна пераступіла цераз яго і пакрочыла прэч ад небяспекі.
Раптам мяне насцярожыў ледзь чутны шоргат з глыбіні лесу. Перавёў туды свой позірк і ўбачыў, што справа ад мяне за вываратнем у мой бок трушком бяжыць воўк. Прыцэліўся, плаўна націснуў на спускавы кручок… Наваколле скалануў гучны стрэл. Нібы нечакана натыкнуўшыся на нябачную перашкоду, драпежнік упаў на зямлю, па інерцыі юзам крыху прапоўз наперад. Я ж хутка стрэліў з другога ствала ружжа. Звер ад чарговага ўдару карцеччу аж перакруціўся на адным месцы. Па паляўнічай прывычцы выкінуў са ствалоў стрэляныя гільзы, перазарадзіў ружжо. На гэты раз прыцэліўся ў галаву драпежніка і выстраліў, здаецца, у той самы апошні момант, калі, гледзячы мне прама ў вочы, воўк быў гатовы скокнуць наперад, на мяне. Апярэдзіў яго, мабыць, на нейкую долю секунды. Звер адразу заваліўся на бок і перастаў рухацца, аднак яго незаплюшчаныя вочы па-ранейшаму глядзелі на мяне…
Мікалай ГАРБАЧОЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>