Как же давно это было … Вспоминаю то романтическое время, когда ходили без сапог

img_4216Бывае, што з чалавекам амаль не ведаешся, у жыцці было ўсяго некалькі з ім сустрэч, а такое ўражанне, што вы добрыя знаёмыя, больш таго, аднадумцы, можна сказаць, сябры. Такое бывае, калі людзі сябруюць душамі. Сустрэліся з Аленай Клінавай. За размовай так захапіліся, што час праляцеў няўзнак. Як свае!

І калі ж мы з вамі, Алена Пятроўна, апошні раз вось так нязмушана гаманілі? Можа, і ніколі. Вы заўсёды былі акадэмічна-строгай, унутрана мабілізаванай, не дазвалялі сабе разменьвацца на нязмушаныя размовы. Трэба ж было годна трымаць настаўніцкую марку. І толькі з дзецьмі, толькі на ўроку гэтая акадэмічнасць раптам раставала, растваралася ў любові. Вы заўсёды бязмежна любілі дзяцей, для вас кожны з іх быў асобаю. І дзеці гэта адчувалі. Дзеці добра адчуваюць энергетыку настаўніка.
Я быў у вас на ўроку. Божа! Як жа гэта было даўно, яшчэ ў рамантычныя дзевяностыя, калі Радзіма наша толькі што глынула незалежнасці. Як глыток свежага паветра — аж дух заняло!
Вось як вы пра той час пісалі пасля ў сваім артыкуле ў часопісе “Пачатковая школа”: “Прыняты Вярхоўным Саветам БССР у студзені 1990 г. Закон аб мовах у Беларускай ССР, які надаў нашай мове статус дзяржаўнай, дае шанец захаваць беларускую мову, вярнуць яе народу ў новай якасці…”
-2-
Пачынаць трэба было з нуля… І вось першы бацькоўскі сход у пачатку лютага…
— Вы памятаеце, Алена Пятроўна, той сход? — спытаўся зараз пры сустрэчы.
— А як жа! Мы сказалі шмат цёплых слоў пра родную мову. Аднак калі гаворка зайшла пра падачу заяў у першы беларускамоўны клас, бацькі насцярожыліся: “А што дасць нашаму дзіцяці навучанне на роднай мове”.
— І што вы ім адказалі?
— Адказаць можна было толькі канкрэтнымі справамі… І гэты адказ не прыйшоў адразу. Пасля таго мы яшчэ неаднойчы гутарылі. Расказвала бацькам гісторыю нашай мовы і дзяржавы, пераконвала, рабіла акцэнт на патрыятызме. Паверылі. У пачатку сакавіка пачалі паступаць першыя заявы ў беларускамоўны клас. Напісалі бацькі Наташы Вялічка, Вадзіма Шарлая, Сашы Дзёмкі, Валі Славецкай, Валодзі Грака. У жніўні раённая газета надрукавала мой артыкул “Загаворыць школа — загаворыць народ”. З падобным заклікам я звярнулася і на жнівеньскай нарадзе настаўнікаў. Шчыра скажу, не заўсёды разумелі. Патрэбна было ўвесь час і шмат каму даказваць.
— Даказалі?
— Старалася. У першы беларускі клас у СШ №3 набралася васямнаццаць дзяцей. Быў першы ўрок, на якім прысутнічалі і бацькі. Тое, што мы гаварылі з гісторыі мовы, для многіх было адкрыццём. Праз некалькі дзён раённая газета напісала пра наш беларускамоўны клас, а мясцовае радыё зрабіла перадачу. А потым пачаліся цяжкія будні — даказваць штодня і штохвіліны… Наш клас павінен быць лепшым. Нашы веды павінны быць якаснымі — і тады будзе ўсё добра.
З бацькамі яны дамовіліся вучыцца разам — і толькі на пазітыве. Памагатымі сталі розныя цацкі — як-ніяк першы клас. Прыйшлі любімыя дзецьмі Васілёк з Васілінкай. Гуртам “хадзілі ў госці” да вучня, які акуратна напісаў, правільна пралічыў, гучна прачытаў. На ўроках загаварылі “вясёлыя букварыкі”, “чароўныя кветачкі”, кніжкі-яблычкі, кніжкі-зайкі, кніжкі-грыбочкі і г.д.
А праз год набралі яшчэ адзін беларускамоўны клас. Ніхто не ўзяўся яго весці. Клінава мусіла вучыць абодва класы ў дзве змены. Тым часам па раёнах пачалі стварацца таварыствы беларускай мовы. Паявіліся ў школах дзіцячыя грамадскія згуртаванні “Скарынічы”. Натуральна, яе першакласнікі сталі “скарынічамі”. Спатрэбіліся значкі з адпаведнай сімволікай. І настаўніца едзе ў Мінск на вуліцу Чырвоную, у інстытут нацыянальнай адукацыі — па значкі. Прывезла… з выявай ТБМ.
— Вы ўзначальвалі ў той час таварыства беларускай мовы?
— Нават не помню. Па-мойму, я была сакратаром, і мы з Аленай Іванаўнай Багдановіч, памятаю, распрацоўвалі план мерапрыемстваў. Ведаеце, гэта была дастаткова фармальная структура. Проста запісвалі ў планы тое, што мы і так ужо рабілі ў рэальнасці ў школе, на ўроках, на бацькоўскіх сходах.
-3-
У той час працаваў аглядальнікам па пытаннях адраджэння мовы (была такая пасада ў газеце “Чырвоная змена”). Завітаў у Лепель у родную школу і апынуўся на ўроку ў Алены Клінавай. Гэта быў урок развіццёвага навучання. Паралельна з беларускамоўнай сутнасцю навучання Алена Пятроўна клапацілася і пра яго якасць. Развіццёвая педагогіка ў той час яшчэ толькі ўваходзіла ў моду. У дзевяноста першым даклад Клінавай па навучанні на роднай мове і развіццёвым навучанні, зроблены па-беларуску, спадабаўся ў вобласці, і яна трапіла ў чацвёрку дэлегатаў ад Віцебшчыны на Усесаюзныя педагагічныя чытанні. Едуць у Пензу, ад рэспублікі ўсяго васямнаццаць чалавек. Праўда, даклад давялося перакласці і чытаць па-руску. Вяртаецца з Ганаровай граматай дзяржкамітэта СССР па народнай адукацыі.
Зрэшты, галоўнай узнагародай для яе заўсёды былі толькі давер’е вучняў і падтрымка бацькоў. Падтрымка сапраўды была. Бацькі яе вучняў дапамаглі закончыць платныя курсы па тэхналогіі развіццёвага навучання ў Рагачове. На курсы ездзіла на кожных канікулах і летам — на месяц. Былі патрэбныя адпаведныя падручнікі па развіццёвым навучанні, і бацькі самі паклапаціліся. Тым часам на ўроках шырока выкарыстоўвалі “Лемантар”, тэорыю падручнікаў дапаўнялі практыкай жыцця. Хадзілі ў паходы па родным краі, ездзілі з экскурсіямі. Дзе толькі ні былі: і ў Полацку, і ў Мінску, і ў Віцебску, і ў Бярэзінскім запаведніку. Алена Пятроўна расказвае, што падчас экскурсіі на хлебазавод кожны вучань атрымаў па батону белага хлеба. На базе беларускага класа прайшоў абласны семінар. Клас ператварыўся ва ўтульную “беларускую хатку”, плялі з саломкі, рабілі цікавыя рэчы, нават спрабавалі ткаць паясы і ручнікі.
Настаўніца працягвала развіццёвае навучанне сваіх вучняў, нават калі тыя пакінулі пачатковую школу. Па рускай мове давяла да сёмага, па матэматыцы — да шостага класа.
-4-
Як жа даўно гэта было… Прыгадваю той па-сапраўднаму рамантычны час, калі хадзілі без ботаў, бо іх немагчыма было дастаць, хіба што па талонах ды па знаёмстве, затое былі акрыленыя ідэямі, працавалі на патрыятычным уздыме. У паветры луналі дух незалежнасці, вера ў нацыянальнае адраджэнне — слова “Адраджэнне” ў той час пісалі менавіта з вялікай літары. Прыгадваю і думаю, адкуль бралася, дзе, на якім адрэзку плённай педагагічнай дзейнасці саспела ў Алены Клінавай пачуццё беларускасці, нацыянальнай годнасці, жывога патрыятызму? “Кожны з нас прыпасае Радзімы куток”, — пісаў паэт Пімен Панчанка.
Яшчэ ці не ў родных Міёрах (тамтэйшыя кажуць — “Мёрах”) “прыпасла” маленькая Алена свой “куток Радзімы”? Бацька — рэдактар раённай газеты, маці — настаўніца. У сям’і панавала энергетыка духоўнасці і культ роднай мовы. Неўзабаве бацьку накіроўваюць старшынёй калгаса, сям’я пераязджае ў вёску Чэрасы, дзе дзяўчынцы давялося заканчваць сямігодку. Вучыцца добра, асабліва падабаецца матэматыка, руская і беларуская мовы. Матэматыка — магчыма, з-за настаўніка. Як часта дзеці любяць прадметы менавіта дзякуючы настаўнікам! Адзінаццаты заканчвала ў Міёрах. Па заканчэнні атрымала нават пасведчанне швачкі. Дзяцей у школе вучылі і прафесійнаму майстэрству. Паступала ў Віцебскі педінстытут і… недабрала пару балаў. Быў вельмі вялікі паток абітурыентаў. Акурат у той год выпускнымі сталі і адзінаццаты, і дзясяты. Школа пераходзіла на дзесяцігадовае навучанне. У адчаі падала дакументы, абы вучыцца, у індустрыяльна-педагагічны, балазе ўжо мела прафесію. Аднак дома сказалі: “Ты хацела быць настаўніцай — ты будзеш ёю”.
Узялі ў Новапагосцкую школу піянерважатай. Дваццаць кіламетраў ад Міёр, жыла ў бабулькі на кватэры. У рэстаране ў Міёрах, на святочным агеньчыку запрасіў на вальс малады настаўнік з Новага Пагоста Ілья Януш. Спадабалася, як хораша Алена спявае. Ніякіх вольнасцяў, усё строга і па-настаўніцку акадэмічна. Дзесяць гадоў спатрэбілая, каб маладыя ўрэшце сталі адной сям’ёй. Тым часам Алена паступае завочна ў педінстытут на факультэт пачатковых класаў і знікае з Новага Пагоста. Прапануюць настаўніцкую працу ў Паташнянскай васьмігодцы. Іх з Янушам дарогі разыходзяцца. Зноў… клапатлівая бабулька, якая перажывае за Алену, ці хоць паела яе кватарантка. А тая ўся ў справах, спраў — па горла. З Паташні пераводзяць у Дрыгучы завучам.
“Шмат даводзілася працаваць, — напіша пасля Алена Пятроўна ў сваёй аўтабіяграфіі, — ды менавіта гэтыя першыя гады ў невялікіх сельскіх школах далі сур’ёзную працоўную загартоўку для далейшага станаўлення”.
Заўважылі. Да стагоддзя з дня нараджэння Леніна ўзнагародзілі юбілейным медалём “За доблесную працу”, а неўзабаве забіраюць метадыстам РАНА ў Міёры. Уступае ў партыю, і ёй даручаюць розную грамадскую партыйную і камсамольскую працу, выбіраюць у мясцовыя дэпутаты і г.д.
Аднак лёс крута паварочвае. Алена выходзіць замуж і з’язджае ў Новы Пагост, а пасля па сямейных абставінах сям’я ўвогуле пераязджае ў Лепель. І тут Алена Клінава не губляецца ў настаўніцкіх шэрагах. Чатыры гады яна ўзначальвае гарадскі аддзел адукацыі, пасля гэтага працуе настаўніцай пачатковых класаў у СШ №3.
Менавіта гэты перыяд настаўніцтва, частку якога мы прыгадалі вышэй, і стаў для Алены Пятроўны яе “залатым педагагічным векам”.
-5-
Неўзабаве — юбілей. У жанчыны гады не прынята лічыць. Ды і не выдае Алена Пятроўна на “глыбокую пенсіянерку”, хаця ўжо, прызнацца, даўно на заслужаным адпачынку.
Дарослыя дзеці. У годнай інтэлігентнай сям’і ўсе атрымалі добрую адукацыю. Сяргей — фізік-тэарэтык, цяпер — інжынер-праграміст. Дзмітрый — юрыст, загадвае аддзелам у абласным следчым камітэце. А Святлана — настаўніца, выкладае рускую мову ў роднай школе. Ну, трэба ж было камусьці прадоўжыць настаўніцкую дынастыю. Сёлета дачка, як і колісь, у дзевяноста першым, маці, стала ўдзельнікам абласнога конкурсу “Настаўнік года”.
Шасцёра ўнукаў. Старэйшы, Герман, паступіў ужо ў ліцэй пры БДУ, працягваецца ланцужок інтэлігентаў.
Не даюць унукі бабулі забыцца, што яна не толькі настаўніца, але і швачка, і пекар, і повар. Кексы, пірагі, кактэйлі любіць уся сям’я. Яшчэ і агародніца. На дачы вунь паспелі вінаград і дыні, не кажучы пра ўсё іншае, што неўзабаве раскладзецца па слоіках, схаваецца на зіму ў падвале і ў халадзільніку. І на агародзе, і ля пліты таксама павінна быць паспяховай. Як жа інакш, трэба трымаць марку і гонар ведаць, бо ты — настаўнік!
Уладзімір МІХНО.
На здымках: Алена Пятроўна Клінава

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>