Здоровье человека должно закаляться в любое время года

3 Наша грамадства зараз на шляху паступальнага развіцця. Большасць пераўтварэнняў і новаўвядзенняў накіравана на развіццё эканомікі і, вядома, на станаўленне сапраўдных чалавечых каштоўнасцяў і ідэалаў. Пытанні, звязаныя са здароўем у цэлым і здаровым ладам жыцця чалавека, несумненна, займаюць у гэтым працэсе годнае месца. Фізічная культура — неабходны і мэтанакіраваны актыўны спосаб паводзін, з дапамогай якога чалавек захоўвае і падтрымлівае сваё здароўе, не толькі фізічнае, але і псіхічнае. Менавіта таму фізічная культура разглядаецца як аснова ў працэсе фарміравання здаровага ладу жыцця кожнага чалавека. На гэту актуальную тэму гутарым з намеснікам старшыні райвыканкама Віктарам Азаронкам.

— Віктар Уладзіміравіч, як вядома, фізічная культура і спартыўныя нагрузкі з’яўляюцца базай гарманічнага развіцця асобы. Не дзіўна, што вялікае значэнне надаецца фізічнай падрыхтоўцы падрастаючага пакалення, моладзі. Многае робіцца ў гэтым важным адукацыйным сегменце на Лепельшчыне. Што канкрэтна?
— Дадам адразу да вашых высноў: узрастае колькасць гадзін, адведзеных на заняткі фізкультурай, становяцца больш жорсткімі нарматывы…
— Мяркую так, што менавіта ўзроўнем здароўя маладога чалавека вызначаецца яго здольнасць добра вучыцца, а затым і прадукцыйна працаваць…
— Гэта бясспрэчна. Дарэчы, заняткамі фізічнай культурай, спортам і турызмам у раёне ахоплена больш за 6,5 тысячы чалавек (21%), з іх 2389 — у сельскай мясцовасці.
— Унушальная лічба, але для заняткаў патрабуецца належная матэрыяльная база…
— І такая база створана. І на тым кропку не ставім. Справа — у стваральным рэчышчы. Дык вось, на балансе арганізацый, у тым ліку прафсаюзных, — 27 спартыўных залаў, 34 прыстасаваныя памяшканні, 14 спартыўных ядраў, 62 плоскасныя збудаванні. Толькі за першае сёлетняе паўгоддзе створаны і ўведзены ў эксплуатацыю сем спартыўных пляцовак па месцы жыхарства: вул. Караленкі — раён возера Святое, вул. Калініна — раён крамы «Ганна», краязнаўчага музея, вул. Віцебская — каля ДУ «Сацыяльна-педагагічны цэнтр г. Лепеля». Адрэстаўраваны пляцоўкі па вул. Аршанская (раён ПМС), Барысаўскі тракт (раён малочна-кансервавага камбіната).
— Думаю, не памылюся, калі назаву арганізатарам фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай работы з насельніцтвам дзяржаўную ўстанову «Лепельскі раённы фізкультурна-аздараўленчы цэнтр».
— Не памыляецеся. Цэнтр валодае неабходнай спартыўнай базай. У комплексе спартыўныя залы ў г. Лепелі і ў аграгарадку Камень — тры трэнажорныя залы, шахматна-шашачны клуб, саўна з міні-басейнам, стадыён на 1500 пасадачных месцаў, гімнастычны гарадок. На балансе таксама знаходзяцца комплексныя спартыўныя пляцоўкі аграгарадкоў Вялікі Поўсвіж, Старое Лядна, Чарэйшчына, Стаі, Слабада.
-2-
— Фізкультурна-масавы патэнцыял не мае сезонных абмежаванняў. Здароўе чалавека павінна загартоўвацца ў любую пару года. Інакш усе памкненні будуць марнымі…
— Сапраўды так. У зімовы час функцыянуюць каток, хакейная каробка, дзве асветленыя лыжныя міні-трасы ў гарадскім парку і на стадыёне. Раённыя і абласныя спаборніцтвы наладжваюцца ў межах аўтадрома, дзе абсталявана лыжная трохкіламетровая траса. Працуе пункт выдачы спартыўнага інвентару і абсталявання ў часовае карыстанне.
Спартыўныя збудаванні фізкультурна-аздараўленчага цэнтра валодаюць прапускной здольнасцю да 210 чалавек у гадзіну. Загружанасць іх у асенне-зімовы перыяд — 82 працэнты, сярэднегадавая — 63. Функцыянуюць 48 груп, дзе займаюцца 624 чалавекі. Дарослых — 37, дзіцячых —11 груп. Асаблівая ўвага — занятасці так званых “цяжкіх падлеткаў”. Спартыўныя секцыі, клубы наведвае 47 дзяцей, з іх 13 з сельскай мясцовасці.
— Здароўе рублём не вымяраецца. Здароўе — неацэнны скарб дзяржавы. Нагрузка на бюджэт вялікая. Значыць, варта клапаціцца, каб і самім адпаведным установам зарабляць грошы…
— На гэта таксама арыентуем калектывы. Скажам, фізкультурна-аздараўленчы цэнтр ажыццяўляе пазабюджэтную дзейнасць па аказанні платных паслуг насельніцтву…
— Што маеце на ўвазе, Віктар Уладзіміравіч?
— Гэта арэнда гульнявога і трэнажорных залаў, арганізацыя галіновых спартакіяд абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў, гульні ў настольны тэніс, выкарыстанне лазні і саўны, выдача ў часовае карыстанне зімовага спартыўнага інвентару і абсталявання. Да ўсяго іншага, кіраўніцтвам цэнтра заключаны дамовы па аказанні платных паслуг сродкамі фізічнай культуры і спорту з шасцю суб’ектамі гаспадарання. Летась, скажам, даведзены план ад пазабюджэтнай дзейнасці выкананы на 102 працэнты — 10 тысяч рублёў. За сем сёлетніх месяцаў план рэалізаваны на 72 працэнты.
Са сродкаў пазабюджэтнага фінансавання набыты спартыўны інвентар і абсталяванне на 64 мільёны рублёў, закуплены дэкаратыўныя расліны і закладзена алея «Спартыўнай славы» — накіравана амаль 1200 рублёў. Выраблены бігборды і паказальнікі размяшчэння ГУ «ЛРФОЦ» — выдаткавана каля 1000 рублёў. Набыты інвентар для жаночай трэнажорнай залы і інш. Распрацавана праектна-каштарысная дакументацыя на рэканструкцыю будынка фізкультурна-аздараўленчага цэнтра — будаўніцтва васьмі раздзявальняў, рэканструкцыя жаночай трэнажорнай залы, цеплавузла. Каштарысны кошт — каля аднаго мільёна 200 тысяч рублёў.
Штогод цэнтрам праводзіцца больш за 50 спартыўна-масавых і фізкультурна-аздараўленчых мерапрыемстваў. Праводзяцца круглагадовыя спартакіяды сярод гарадскіх і сельскіх працоўных калектываў, якія ўключаюць валейбол, футбол, міні-футбол, настольны тэніс, лёгкую атлетыку, лыжныя гонкі, сілавое шматбор’е, шашкі, шахматы, турыстычныя злёты, спартакіяды сельгаспрадпрыемстваў.
Актывізуецца ўдзел у абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах па гульнявых відах спорту. Гэтыя мерапрыемствы дазваляюць ахапіць каля 21 працэнта насельніцтва і прыцягнуць іх да заняткаў фізічнай культурай і спортам, а гэта больш за 6,5 тысячы чалавек. Паспяхова выступаюць зборныя каманды раёна ў спаборніцтвах: чэмпіянат вобласці па міні-футболе (2016 год — другое месца), Кубак Віцебскай вобласці па футболе (таксама другое, чэмпіёны Віцебскай вобласці па футболе сярод дарослых каманд), абласныя спаборніцтвы па футболе «Скураны мяч» сярод дзяцей і падлеткаў па месцы жыхарства на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба (трэцяе месца) і іншыя.
— Мы пераважна распавядалі, Віктар Уладзіміравіч, пра справы нашага фізкультурна-спартыўнага флагмана. Аднак апрача гэтай вядучай установы фарміраваннем у падрастаючага пакалення асноў здаровага ладу жыцця займаюцца іншыя, так бы мовіць, структуры фізкультурнага профілю. Давайце пазначым кропкі прыкладання іх сіл.
— На Лепельшчыне працуюць таксама спецыялізаваныя дзіцяча-юнацкія спартыўныя школы алімпійскага рэзерву па гандболе, веславанні на байдарках і каноэ, па барацьбе дзюдо, боксе. І вынікі маюць даволі высокага прэстыжнага ўзроўню. Выхаванец СДЮШАР «Асілак» Сцяпан Папоў — чэмпіён першых Еўрапейскіх гульняў па самба. Выхаванцы СДЮШАР «Альбатрос» Лізавета Аношка, Аляксандр Гінтофт, Ілья Дзямко, Ілья Палонскі — члены нацыянальнай зборнай каманды Рэспублікі Беларусь па веславанні на байдарках і каноэ. Плённа выступаюць на розных спартыўных пляцоўках і прадстаўнікі гандбольнай школы. Дзяніс Крыцкі, Іван Мацкевіч, Арцём Яўсееў, Анастасія Мазго, Ганна Сухамірава, Анастасія Грахоўская ўваходзяць у склад нацыянальных зборных каманд. Пяцёра спартсменаў ДЮСШ «Альбатрос» — кандыдаты ў майстры спорту Рэспублікі Беларусь, трое маюць першы спартыўны разрад, адзінаццаць — другі.
— Адзвінеў званок, завяршыліся заняткі ў школе. Тым не менш замок на ўваходных дзвярах навешваць не спяшаюцца. Работа працягваецца…
— Сапраўды, у большасці навучальных устаноў эфектыўна выкарыстоўваюцца фізкультурна-спартыўныя збудаванні ў пазаўрочны, вячэрні час і выхадныя дні. Асаблівая ўвага — занятасці спартыўнымі мерапрыемствамі ў шосты школьны дзень. У 2016/2017 навучальным годзе ў спартыўных гуртках і секцыях займалася 1348 навучэнцаў устаноў адукацыі — 57 працэнтаў ад агульнай колькасці. Каманда раёна заняла другое месца ў абласных занальных спаборніцтвах сярод дзяцей і падлеткаў па лыжным спорце, стральбе і біятлоне «Снежны снайпер» на прызы прэзідэнцкага спартыўнага клуба ў старэйшай узроставай групе і трэцяе — у малодшай, другое месца ў абласным турніры па футболе, лідарскія пазіцыі ў абласным турніры па футболе «Каласок». Па выніках дваццаць першай абласной спартакіяды школьнікаў наш раён заняў чацвертае месца з дзевятнаццаці.
-3-
— Віктар Уладзіміравіч, спартыўна-масавая работа — прэрагатыва таксама і прафсаюзных арганізацый. “Лепельскі край” неаднойчы публікаваў фотарэпартажы пра падобныя спаборніцтвы…
— Вы маеце рацыю. У калектыўныя дамовы прадпрыемстваў усіх формаў уласнасці ўключаюцца мерапрыемствы фізкультурна-аздараўленчага кшталту, маральнае і матэрыяльнае стымуляванне работнікаў, якія займаюцца фізічнай культурай і спортам. Прыемна гаварыць аб высокім якасным узроўні і масавасці галіновых спартакіяд. Традыцыйнымі становяцца спаборніцтвы кіруючых работнікаў і прафсаюзнага актыву, турыстычныя злёты, дні здароўя, лёгкаатлетычныя кросы. За паспяховае выступленне ў турнірах прадугледжваецца прэміраванне лепшых спартсменаў за кошт сродкаў наймальніка.
— У інтэрв’ю пераважна гучалі дадатныя ноткі поспехаў. Між тым не будзем заплюшчваць вочы на пралікі і недахопы. У любой справе яны існуюць. Надзвычай важна не канстатаваць хібы, а супольна выпраўляць іх…
— А ніхто затушоўваць праблемы не збіраецца. Востра стаіць праблема забяспечанасці ўстаноў адукацыі спартыўным інвентаром і абсталяваннем. Спартыўная база ўстаноў адукацыі не дазваляе мець высокі працэнт занятасці школьнікаў у гуртках, секцыях, клубах спартыўнай накіраванасці. Такі негатыўны складнік адбіваецца на выніковасці ўдзелу спартыўных каманд у спаборніцтвах абласнога і рэспубліканскага ўзроўню. Яшчэ адзін мінус — недахоп ва ўстановах дашкольнай адукацыі гульнявога надворнага абсталявання, забяспечанасць — усяго 25 працэнтаў. Самастойна вырашыць дадзеную праблему ўстановы дашкольнай адукацыі не могуць. Прычына — высокі кошт абсталявання. Ды і спартыўны інвентар фізкультурна-аздараўленчага цэнтра эксплуатуецца, як кажуць, на знос.
Традыцыйная сістэма работы па аздараўленні насельніцтва не зусім эфектыўная. Спартыўныя аб’екты недастаткова маюць спартыўнага інвентару і абсталявання для пашырэння новых відаў фізкультурна-аздараўленчых паслуг. Неабходна дапамога ў абуладкаванні тэрыторыі і дыстанцыі для спартыўных мерапрыемстваў па веславанні на байдарках і каноэ. Даўно наспела праблема капітальнага рамонту будынка ДУ «ЛРФОЦ». Патрабуецца замена падлогі, вокнаў, не адпавядае санітарным нормам асвятленне.
Не сакрэт, што самаадчуванне чалавека больш чым напалову вызначаецца ладам жыцця. З усяго комплексу мер, накіраваных на ахову здароўя падрастаючага пакалення, асноўным з’яўляюцца фарміраванне навыкаў здаровага ладу жыцця, рэгулярныя заняткі фізічнай культурай і спортам.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>