Среди получателей стипендии ЛОДЭ, которую каждую четверть выдают лучшим ученикам СШ №1, — десятиклассник Кирилл Демко

img_4710Дзесьці прастудзіўся. Яшчэ ўчора ляжаў з высокай тэмператураю, а назаўтра была “Лепельская міля” — забег у гонар Дня горада. І ён павінен абавязкова быць на бегавой дарожцы…

— Абавязкова?
— Ну так.
— Ты ж мог адмовіцца, бо быў хворы.
— Не мог, бо я прыняў рашэнне. Я павінен быў даказаць.
— Каму?
— Сабе найперш.
Вось такі ён — Кірыл Дзямко. Павінен быў даказаць… І даказвае, увесь час, найперш самому сабе, што ён можа, бо чалавек, хоць сабе і малады, з дзяцінства павінен вучыцца перамагаць.
Ён прыбег другім. Першым быў Паша Ляйко са Слабады, можна сказаць, сябар. Хлопцы ўжо даўно ведаюцца і часта сустракаюцца на спаборніцтвах.
— Пашка ўжо быў у абласной зборнай і ўдзельнічаў у рэспубліканскіх спаборніцтвах. А ты?
— Ён па мнагабор’і ездзіў, мы ў баскетболе яшчэ такіх вынікаў не дасягнулі.
— А хацеў бы стаць прафесійным спартсменам?
— Напэўна, мне ўжо позна. Пайду ў праграмісты. Таксама няблага, і больш перспектыўная прафесія.
Прызнацца, даволі цяжка ўявіць Кірыла за маніторам у гушчыні камп’ютарных праграм. Прасцей — на баскетбольнай пляцоўцы, на бегавой дарожцы ці нават на баксёрскім рынгу.
Так, нават у боксе ён спрабаваў сябе. Нездарма ж цягнецца да старэйшага брата, а той — кандыдат у майстры спорту па боксе, ужо шосты год вучыцца ў Чэхіі. На бокс да трэнера Аляксандра Канавалава Кірыл пайшоў яшчэ ў класе шостым. Праўда, пазаймаўся, можа, гады са два, далей ці то расхацелася, ці то, як сам кажа, бракавала часу.
— Што табе падабалася ў боксе? — запытаўся я.
Пачуў даволі нечаканы адказ:
— Там людзей вывучаеш псіхалагічна.
Як і большасць падлеткаў, Кірыл не любіць пастаянства. Шмат чым захапляецца, а вось давесці справу да канца часам не хапае цярпення. За любімую кніжку можа некалькі разоў брацца, але так і не дачытаць. Не любіць пастаянства, а любіць рух — і толькі наперад. Не сядзець на месцы.
Неяк у інтэрнэце пабачыў цікавы спорт — вэйкборд. Адразу спадабалася. Як тут не спадабацца: імчыш па воднай канатнай дарозе, яшчэ і выконваеш розныя адмысловыя трукі. Азарт, адрэналінчык і ўсё такое. Ды як жа стаць вэйкбардыстам, калі ў нашым раёне такога спорту няма? Паехалі на спаборніцтвы па баскетболе, і там удалося раздабыць візітоўку векбардыста з Ушачаў. І вось ужо неўзабаве сам апынуўся на Ушаччыне, дзе на возеры Вечалле трэніраваліся вейкбардысты.
— Хіба не страшна? Можна і вады нахватацца і, чаго добрага, яшчэ ўтапіцца, калі не ўдасца трук.
— Як там утопішся, калі ты на канатным буксіры, ды і касцюм спецыяльны, і шлем.
Цікава, што ў вейкбордзе існуюць кальцавыя і рэверсныя ўстаноўкі. Апошнімі прадугледжаны рух толькі наперад ці назад.
Толькі наперад, назад — ні кроку, гэта ў Кірылавых правілах жыцця. Рухацца па крузе ён не любіць. Наперад — і калі ў вочы водны фантан. Бо гэта цікава і прыемна. Наперад — і калі штосьці не атрымліваецца на ўроку. Бо так трэба.
Гэта па дробязях ён часам можа не давесці справу да канца, а што да вучобы — тут не можа быць кампрамісаў з сумленнем. Вучоба зараз для яго галоўнае, бо гэта будучыня, а будучыня ў чалавека павінна быць акрэсленай і прадказальнай. І таму хлопец спадзяецца “выйсці” на залаты медаль, паступіць у БДУІР.
— А можа, як і брат, паедзеш вучыцца за мяжу?
— Не, за мяжу не хачу, мне і тут добра.
У замежжы ён ужо, дарэчы, пабываў — валанцёрам. Разам з сябрам Пашам Атрахімовічам ездзілі ў Германію па лініі маладзёжнага абмену. Хлопцы — у валанцёрскім атрадзе. Улетку яны разам з нямецкай моладдзю працуюць на Лепельшчыне — дапамагаюць наладзіць быт адзінокім састарэлым людзям. Вось і сёлета валанцёры зрабілі восем аб’ектаў. Кірыл працаваў у Юркоўшчыне. А затым едуць у Германію, дзе адпачываюць і робяць прэзентацыю праекта для спонсараў. Мінулы раз жылі ў асабняку, непадалёк ад Гановера, добра адпачылі, пазнаёміліся з новымі сябрамі. Было цікава. Сёлета ў кастрычніку паедуць зноў….
А ўжо неўзабаве Кірыл едзе на новыя спартыўныя спаборніцтвы ў Мінск. Толькі наперад і ні кроку назад.
Уладзімір МІХНО.
На здымку: Кірыл Дзямко.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>