Мой родной Лепель, в этом году тебе исполнилось 578 лет

img_3776Мой родны Лепель, сёлета табе споўнілася 578 год, але з кожным годам ты становішся ўсё больш прыгажэйшым, расцеш і набіраеш моц. Ты стаў Радзімай цудоўных спевакоў і музыкантаў, паэтаў і мастакоў, якія ўслаўляюць тваё невыказнае хараство ў творах. Ты вырасціў не адно пакаленне таленавітай моладзі, выдатных спецыялістаў у розных галінах. Мы ганарымся табой, наш родны горад, а любоў да цябе захаваем на ўсё жыццё!
…З самай раніцы на плошчы Свабоды адчувалася атмасфера свята. Менавіта тут па традыцыі пачынаецца адкрыццё Дня горада. Вучні школ, іх настаўнікі, бацькі, работнікі гарадскіх арганізацый і прадпрыемстваў выстраіліся на плошчы стройнымі шарэнгамі.
Прагучалі прывітальныя акорды. Плошча напоўнілася радаснымі воклічамі. Выехалі стройныя калоны байкераў, сярод якіх — удзельнікі спаборніцтваў па дрэг-рэсінгу, джып-трыяле і іншых мерапрыемстваў. Цёплыя апладысменты не сціхалі ў адрас юных легкаатлетаў — удзельнікаў міні-марафона “Лепельская міля-578”. Выдатны святочны настрой падарылі лепяльчанам і гасцям удзельнікі духавога аркестра Заслонаўскай 19-й асобнай Гвардзейскай механізаванай брыгады, якія выступілі з дэфіле, выканалі шэраг папулярных твораў мінулых гадоў і сучасных песень.
З затоеным дыханнем прысутныя сачылі за выступленнем разведвальнай роты 19-й Гвардзейскай механізаванай брыгады, якія па-майстэрску выканалі шэраг баявых прыёмаў пры затрыманні праціўніка і прадэманстравалі выдатную фізічную загартоўку байцоў.
Паступова свята набірала ўсё большы размах. Уздоўж вуліцы Ленінскай шчыра запрашалі да сваіх падвор’яў прадстаўнікі сельсаветаў. Цёплымі народнымі песнямі сустрэлі гасцей артысты Бароўскага Цэнтра культуры і вольнага часу Алена Матузава, Наталля Занько, Алена Несцерава і Наталля Касьянава. Побач былі падрыхтаваны цудоўныя выставы вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Уразілі сваёй прыгажосцю шыкоўныя кашпо, вазоны з кветкамі, шкатулкі, зробленыя з лазы майстрамі аддзялення дзённага знаходжання пажылых людзей ДУ “Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Лепельскага раёна”.
Не прыйшлося сумаваць ля падвор’я Домжарыцкага сельсавета, дзе сустракалі гасцей казачныя персанажы: непаседа Баба Яга, Лясная Фея і сімпатычны плюшавы Мішка. Яны ахвотна фатаграфаваліся на памяць з гасцямі і шчыра запрашалі пачаставацца свежаспечанымі пірагамі, духмянымі булачкамі, смачнымі кулінарнымі стравамі і выпіць духмянага чаю, прыгатаванага з лекавых траў.
На яркіх фотаздымках, размешчаных на стэндзе побач, расказвалася аб дзейнасці Бярэзінскага біясфернага запаведніка. Тут жа можна было набыць яркія сувеніры, буклеты, якія знаёмяць з напрамкамі работы прыродаахоўнай установы. Мілагучнымі спевамі запрашалі да свайго падвор’я гаспадары Каменскага сельсавета. Апетытныя пірагі, булачкі, дранікі, бутэрброды, садавіна, курыца, запечаная з гароднінай, піца… Шмат страў прыгатавалі да свята каменскія гаспадары. Апетытнай ухой можна было пачаставацца ля падвор’я аграсядзібы “У Гаўрылавіча”.
— Не праходзьце міма, пачастуйцеся нашымі святочнымі стравамі! — шчыра запрашалі гасцей гаспадары Стайскага сельсавета. Кіраўнік народнага клуба нацыянальнай кухні, гульні і фальклору “Стайскія прысмакі” Вольга Шкіранда прапаноўвала пачаставацца духмяным пірагом, а рэжысёр клуба Алена Пацэла шчыра запрашала пакаштаваць свежаспечаную курыцу. Быццам ва ўтульнай вясковай хатцы, адчувалі сябе госці ля падвор’я Слабадскога сельсавета.
А колькі смачных страў прыгатавалі да свята ўмелыя гаспадыні Баброўскага сельсавета! На багатым падвор’і нас з сяброўкай накармілі смачнымі клёцкамі, свежымі блінчыкамі, хатняй каўбаскай і пірагом з яблыкамі. Кожны з гасцей мог знайсці для сябе страву на свой густ. Гасціннае падвор’е ўпрыгожвалі творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, карціны, вышытыя крыжыкам, лялькі і г.д.
Уразілі гасцей сваім артыстызмам гаспадары Лепельскага сельсавета. Цудоўны настрой падарылі гасцям спевы ўдзельнікаў вакальнай групы “Вяселіца” Поўсвіжскага СДК Лідзіі Ганчар, Таццяны Стрыжонак, Надзеі Мацкевіч, Людмілы Пузанавай і іншых артыстаў. Творчай энергіяй і запалам зарадзіў гасцей вядомы ў раёне спявак і музыкант Аляксандр Міхно.
“Вас вітае, запрашае панадворак з Горак!” — такім надпісам заклікалі да сябе гасцей гаспадары Горскага сельсавета. Тут можна было не толькі пачаставацца смачнымі стравамі, а і пабачыць цудоўныя кампазіцыі з кветак, вырабы з бісеру. Вялікі кабачок ператварыўся ў сімпатычнага немаўляці з соскай. Для ўсіх жадаючых артысты Горскага сельсавета падрыхтавалі спартыўна-масавыя мерапрыемствы: жадаючыя спрабавалі свае здольнасці ў падняцці гіры, шуканні міны, перацягванні каната, а таксама ўдзельнічалі ў бяспройгрышнай латарэі.
Шмат гледачоў сабралася ля пленэра мастакоў “Бульвар мастацтваў”, дзе юныя творцы на паперы адлюстроўвалі непаўторныя краявіды Лепельшчыны. Дарослыя і дзеці ахвотна частаваліся прадукцыяй філіяла “Лепельскі МКК” і філіяла “Лепельскі хлебазавод” ААТ “Віцебскхлебпрам”, набывалі свежаспечаныя пірожныя і булачкі, прыгатаваныя на кулінарным камбінаце.
Гарадскі парк на некаторы момант ператварыўся ў казачны гарадок, дзе кожны мог павесяліцца і выдатна адпачыць. Аб родным краі расказвалі яркія фотаздымкі на выставе “Лепель і лепяльчане”. Міхаіл Шалак у ролі Францыска Скарыны ад душы запрашаў гасцей на фотапляцоўку “У аб’ектыве з кнігай”, дзе была падрыхтавана выстава кніг “Да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання”. Уразілі гасцей вершы ў выкананні ўдзельнікаў народнага літаратурна-музычнага клуба “Выток”.
Выдатны настрой падарыла гасцям канцэртная праграма “З днём нараджэння, любімы горад!”. Парадавалі гледачоў спевы юных вакалістаў, удзельнікаў духавога аркестра Лепельскай дзіцячай школы мастацтваў. Немагчыма было прайсці міма непаўторных вырабаў народных рамёстваў і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Са святам, родны горад!”.
Вялікую цікавасць у гасцей выклікала выстава “Працоўныя будні Лепельшчыны”, падрыхтаваная работнікамі раённага краязнаўчага музея. На чорна-белых фотаздымках было адлюстравана жыццё Лепельшчыны ў былыя гады: работа швейнага цэха Лепельскага прамкамбіната ў 1975 годзе, выстава гатовай прадукцыі Лепельскага КБА ў 1960-я гады. Тут жа можна было пабачыць будынак камбіната бытавога абслугоўвання на базарнай плошчы ў г. Лепелі ў 1969 годзе і іншыя фотаздымкі. А якое ж свята без “Паходнай кухні”? Шматлікія госці ахвотна частаваліся апетытнай кашай на свежым паветры.
Бадзёрыя музычныя акорды паклікалі гледачоў у летні амфітэатр. Шчырыя словы віншаванняў прысвяціў гасцям старшыня райвыканкама Барыс Яфрэмаў. Сваімі выступленнямі парадавалі гледачоў юныя артысты дзіцячага тэатра гульні “Вясёлы перапынак” пад кіраўніцтвам Юліі Грыдзюшкі, юныя салісты вакальнай групы народнай эстраднай студыі “Святлана” і іншыя.
Пад апладысменты гледачоў для ўзнагароджання была запрошана адораная і таленавітая моладзь нашага раёна. Ганаровыя граматы райвыканкама за высокія вынікі ў вучэбнай дзейнасці старшыня райвыканкама Барыс Яфрэмаў уручыў выпускніцы гімназіі імя І.Ерашова Аліне Клавовіч і Івану Мурзіну, выпускніку Бароўскай СШ Лепельскага раёна. За высокія творчыя дасягненні Ганаровай граматай райвыканкама ўзнагароджаны навучэнец Лепельскага раённага Цэнтра дзяцей і моладзі Уладзіслаў Мікалаеў. Ганаровую грамату райвыканкама за высокія спартыўныя дасягненні атрымала Марыя Судак. Яна Стрэльчанка і Яна Барынава, вучаніцы Лепельскай дзіцячай школы мастацтваў, атрымалі Ганаровыя граматы райвыканкама за высокія творчыя дасягненні ў міжнародных і рэспубліканскіх конкурсах.

(Заканчэнне.
Пачатак на 2-й стар.)
У гонар Дня нараджэння горада быў падрыхтаваны падарунак школам горада і раёна. Аддзелу адукацыі, спорту і турызму райвыканкама былі перададзены чатыры аўтобусы для падвозу школьнікаў з аддаленых вёсак. Тры з іх набыты за лік сродкаў раённага бюджэту, а адзін — за лік сродкаў адкрытага акцыянернага таварыства “Банк развіцця Рэспублікі Беларусь”. Ключы ад транспартных сродкаў былі ўручаны дырэктару Поўсвіжскай базавай школы Анатолю Карпіцкаму, Дзіяне Мысінай, дырэктару Бароўскай СШ, дырэктару Стайскай сярэдняй школы Галіне Гарбёнак, а таксама Таццяне Івановай, дырэктару Заслонаўскай сярэдняй школы.
-4-
Наш горад ганарыцца людзьмі, якія шмат год добрасумленна і плённа працуюць на яго прадпрыемствах, ва ўстановах і ўносяць вялікі ўклад у іх развіццё. Аксана Акуневіч, галоўная медыцынская сястра ўстановы аховы здароўя “Лепельская цэнтральная раённая бальніца”, узнагароджана Ганаровай граматай райвыканкама за высокі прафесіяналізм, значны асабісты ўклад ва ўмацаванне і развіццё аховы здароўя раёна. Дыпломам і каштоўным падарункам узнагароджана працоўная дынастыя Барадзейкаў філіяла “Лепельскі МКК” ААТ “Віцебскі мясакамбінат”. Міхаіл Міхайлавіч і Валянціна Іосіфаўна адпрацавалі на прадпрыемстве сорак год, а зараз знаходзяцца на заслужаным адпачынку. Іх эстафету перанялі дзеці — сын Дзмітрый і дачка Жанна. Яе муж Ігар Сыс таксама працуе на гэтым прадпрыемстве. Тут жа дзесяць год адшчыравала і яго маці Роза Уладзіміраўна. Дачка і зяць Жанны і Ігара Сыс Таццяна і Андрэй Кузняцовы таксама звязалі сваю прафесійную дзейнасць з камбінатам. Агульны працоўны стаж гэтай цудоўнай дынастыі складае 156 год.
Заслужаную ўзнагароду атрымала таксама працоўная дынастыя Кахановіч з філіяла “Лепельскі хлебазавод” ААТ “Віцебскхлебпрам”. 32 гады адпрацаваў на прадпрыемстве Віктар Уладзіміравіч. Па прыкладзе бацькі з хлебазаводам звязалі сваё працоўнае жыццё таксама яго сыны Юрый і Яўген. Агульны працоўны стаж гэтай дынастыі, якая з’яўляецца прыкладам для работнікаў прадпрыемства, складае 51 год.
Дыплом і каштоўны падарунак атрымаў і трактарыст філіяла “Лепельскае ДРБУ №202” КУП “Віцебскаблдарбуд”. Сяргей Аляксандравіч працуе на прадпрыемстве ўжо 18 год. Добры спецыяліст і вопытны механізатар, ён заўсёды якасна і ў тэрмін выконвае свае працоўныя абавязкі. Тэхніка ў яго ўмелых руках у любы момант гатова працаваць. Сваімі адносінамі да работы Сяргей Аляксандравіч хутка заваяваў аўтарытэт і павагу сярод работнікаў прадпрыемства.
-5-
На сцэне амфітэатра былі ўзнагароджаны і лепшыя падвор’і сельсаветаў. Трэцяе месца прысуджана Домжарыцкаму сельсавету, другое — Баброўскаму. Пераможцай жа прызнана падвор’е Лепельскага сельсавета. Старшыням сельсавета уручыў дастойныя ўзнагароды старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Місюра.
Па добрай традыцыі ў Дзень горада падводзяцца вынікі конкурсу па добраўпарадкаванні, узнагароджваюцца людзі, якія праявілі нямала працавітасці і фантазіі. Намеснік старшыні райвыканкама Віктар Азаронак уручыў узнагароду пераможцу ў намінацыі “Лепшае прадпрыемства па добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторыі” — Лепельскаму раёну газазабеспячэння РВУ “Чашнікігаз” і яго дырэктару Дзмітрыю Лабунову. У намінацыі “Лепшая ўстанова па добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторыі” ўзнагароджана КУП ДРАЦ “Жамчужына”. Баброўскі сельсавет — у намінацыі “Лепшы сельскі выканаўчы камітэт па добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторыі”. Фаціма Камелева, якая пражывае ў г. Лепелі, па вул. Лазо, 12, стала пераможцай у намінацыі “Лепшая прыдамавая тэрыторыя прыватнага жылога дома”. Марына Вершалоўская, гаспадыня дома №1 па вул. 3-я Зарэчная, перамагла ў намінацыі “Расток у будучыню” (лепшае прыватнае домаўладанне маладой сям’і да 31 года”.
Узнагароды атрымалі і пераможцы спаборніцтваў “Лепельская міля-2017”, а таксама таленавітая моладзь нашага раёна. У Дзень моладзі ў вёсцы Бароўка адбыўся раённы конкурс эстраднай песні “Белыя росы”. У Дзень горада былі ўручаны ўзнагароды яго пераможцам. Сярод іх Наталля Трывашкевіч (Слабадскі Цэнтр культуры і вольнага часу), Наталля Спільная (Домжарыцкі СДК) і Інэса Лябік, пераможца конкурсу пародый на музычныя кліпы. Пераможцам фотавыставы “Фота-прыколы маёй вёскі” стаў Бароўскі цэнтр культуры і вольнага часу. За высокае выканаўчае майстэрства і актыўны ўдзел у жыцці Лепельшчыны ўзнагароджана Дзіяна Ерыцян.
…Шмат прыемных сюрпрызаў было падрыхтавана для гасцей і вечарам. Цудоўным падарункам для ўсіх стаў канцэрт “Аб галоўным”, дзе было прадстаўлена шоу “Алюр”. Незабыўныя ўражанні падарыў усім святочны феерверк. Да апоўначы моладзь весялілася на танцавальнай пляцоўцы.
Пакідаю свята з выдатным настроем і ад душы жадаю: “Прыгажэй і квітней, наш мілы img_3776 img_3825 img_3844 img_3897сінявокі Лепель! З кожным годам набірай размах і ганарыся поспехамі сваіх жыхароў!”
img_3336 img_3388 img_3419 img_3448 img_3458 img_3481 img_3495 img_3534 img_3548 img_3620 img_3636Святлана ВАЗНЯК.
На здымках: яркія эпізоды свята.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>