Международный фестиваль “У госці да Лепельскага Цмока”

img_3890“Прайшло шмат гадоў, мінулі розныя часы, завяршылася эпоха занядбання. І вось, дзякуючы таленту вядомага беларускага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча, я зноў прыступаю да сваіх абавязкаў…” Лепельскі Цмок мае рацыю. Чацвёрты раз ён прыступіў да сваіх абавязкаў: вучыць паважаць традыцыі свайго народу, беларускую мову і міфалогію. Ва Урочышчы Цмока адбыўся Міжнародны фестываль “У госці да Лепельскага Цмока”. Галоўнымі арганізатарамі сталі Лепельскі райвыканкам і грамадскае аб’яднанне “Будзьма беларусамі”.
Пры ўваходзе ва Урочышча — карта лакацый фестывалю, каб ніхто з замежных гасцей не заблукаў у гарадскім парку. Дзіцячы пагорак, Даліна майстроў, Кулінарны востраў, Турыстычнае ўзбярэжжа, Танцавальная лагчына, Магічны Яр, Музычны алімп… Для аматараў сэлфі — фотазона побач з віноўнікам свята.
Аднак Цмока было не відаць. Не было і яго сябра — блакітна-белага маскота баскетбольнага клуба “Цмокі-Мінск”, які наведваў Лепель у мінулым годзе. Ну з ім усё зразумела, рыхтуецца да выступленняў у Лізе ВТБ і Лізе чэмпіёнаў. Будзем шукаць нашага Цмока. А пакуль ролю міфалагічнага персанажа, які весяліў гасцей, узяў на сябе Балотнік з Бярэзінскага біясфернага запаведніка.
Былі на фэсце і бліжэйшыя сваякі Цмока — паветраныя змеі. Іх на Лепельшчыну прывезлі Уладзімір Булаўскі і Яўгенія Мікалаева. Цудоўная забава для малых дзетак! Тым больш і змеі былі на любы густ — ад вялікіх да маленькіх, рознакаляровыя і прыгожыя.
— Змеі — блізкая тэма вашаму Цмоку. Нядаўна ладзілі гарадскі пікнік “Свята ветру” ў віцебскім парку Мазурына. Зараз завіталі да вас, — кажа Уладзімір.
Загледзеўшыся, як у лепельскіх нябёсах лунаюць сябры Цмока, ледзьве не спазніліся на пачатак свята. Рэжысёр Вольга Маханенка прадстаўляе ўдзельнікаў фестывалю.
Спякотна было ва Урочышчы Цмока, спякотным чакалася і выступленне музыкаў на “Музычным алімпе”. Такая музыка задаволіць нават самага пераборлівага слухача. Гучалі песні ад фольку і да поп-року. Аднак вярнуцца на “Музычны алімп” яшчэ паспеем, бо песні будуць ліцца аж да самага змяркання. Вольга Мікалаеўна прадставіла не толькі музыкаў, а і шматлікіх гасцей. Сярод іх — загадчык кафедры этналогіі, музеялогіі і гісторыі мастацтваў гістарычнага факультэта БДУ Тадэвуш Навагродскі. Пад гучныя апладысменты ён прэзентаваў кнігу “Кулінарная спадчына Лепельшчыны” старшыні райвыканкама Барысу Яфрэмаву.
img_3838Потым на “Алімп” узышла Патрыцыя Гарэза са сваім этна-праектам і адкрыла музычную частку фестывалю акапэльным выкананнем традыцыйнай беларускай “Песні пра Цмока”. Уседзець на адным месцы цяжка, бо вельмі смачныя пахі даносяцца з “Кулінарнага вострава”. Паглядзім, чым нас частуюць гаспадары і гаспадыні.
Народны клуб традыцыйнай кухні, гульні і фальклору “Стайскія прысмакі” аднайменнага сельскага Дома культуры ніяк не абмінеш. “Бліны для зяця, каб нажыў сабе багацця”, “Пірог для цешчы, каб хапіла грошы”, “Бліны з ліверам, каб жыццё не абрыднела” — заклікалі дасціпныя гумарэскі да стала. Былі і бутэрброды, і вяндліна, і розныя напоі. Дарэчы, вы ведалі, што лепельскія клёцкі ўнесены ў спіс нематэрыяльна-гістарычных каштоўнасцей Беларусі і плануецца, што будуць унесены ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЭСКА? Клуб нацыянальнай кухні пры Матырынскай бібліятэцы-клубе таксама прадставіў шмат розных ласункаў.
img_4194Не застаўся ўбаку і ірландскі арт-паб TORWALD з Віцебска. Квас, піва, мяса з бульбай… Тым больш, што стравы прыгатаваны на жывым агні. Што яшчэ трэба сапраўднаму беларусу для шчасця? Філіял “Лепельскі хлебазавод” ААТ “Віцебскхлебпрам”, акрамя традыцыйнага печыва, зрабіў сюрпрыз — булкі ў выглядзе Цмока.
На “Музычным алімпе” пасля этна-праекта “Патрыцыя Гарэза” выступілі фольк-этна гурт “Малала”, фальклорны гурт “Варган”, гурт “Лепшы квас” і поп-рок гурт “Тутэйшыя”.
“Тутэйшыя” ўтварыліся ў 2014 годзе, канчаткова гурт склаўся напрыканцы лета 2015 года. Сумесь кантры, фолку і поп-року ў выкананні вакалісткі Таццяны Казановіч, бэк-вакалісткі Ксеніі Харашкевіч, гітарыста Андрэя Папкова, пяркусіяніста Канстанціна Звалінскага і бас-гітарыста Сяргея Харашкевіча прыйшлася даспадобы ўсім гледачам.
Каб трапіць на дзіцячы пагорак, трэба мінуць “Даліну майстроў”. Аднак так проста яе не прамінеш, абавязкова набудзеш што-небудзь на памяць. Гільдыя майстроў-керамістаў, майстар-клас ад жыхароў паселішча радавых маёнткаў “Звон-гара”, вырабы мясцовых рамеснікаў… Не дзіва, што самым папулярным героем сувеніраў быў Лепельскі Цмок. Сям’я Саўчанкаў усім жадаючым прапаноўвала партрэт. Паўгадзіны чакання — і гатова. Часу няшмат, а памяць — на ўсё жыццё. Непадалёк і разьбяр Іван Будзіч працаваў над чарговым шэдэўрам.
img_4215Тым часам і “прапажа” знайшлася. Лепельскі Цмок паважна гуляў каля амфітэатра. Ажыятажу каля мясцовага цуда не назіралася. Пэўна, не ўсе яшчэ заўважылі нашага Цмока.
На Дзіцячым пагорку зацішна. Дзеці ўселіся радком і слухаюць беларускія народныя казкі ў выкананні казачніцы Ларысы Рыжковай і гурта “Калыханка”. Для самых маленькіх — сапраўдны лялечны тэатр.
Не будзем перашкаджаць малым і вернемся на “Алімп”, дзе выступаюць даўнія знаёмыя Цмока — бард Зміцер Вайцюшкевіч і нэафольк-рок гурт ROKASH. Зміцер даўно палюбіўся лепяльчанам. Бард спяваў песні на вершы Уладзіміра Някляева, Алеся Ліпая, Петруся Броўкі, Генадзя Бураўкіна і іншых. “Бывайце здаровы, жывіце багата”, — падзякаваў лепяльчанам Зміцер. Аднак так проста яго не адпусцілі. Давялося праспяваць яшчэ некалькі песень, у тым ліку знакамітага “Галоднага ваўка”.
“Стары замак”, “Духі зямлі”, “Ваўкалак” — мінскі гурт ROKASH дадаў драйву фестывалю. Хто хацеў пусціцца ў скокі — танчыў адразу ў амфітэатры. Для тых, хто саромеўся, працавала Танцавальная лагчына, дзе адбываўся майстар-клас па традыцыйных танцах ад полацкага гурта “Варган”. Сяржук Доўгушаў правёў традыцыйны “Спеўны сход”. Гледачы разам з Сержуком развучылі і выканалі дзве песні — “Цмок” і “Талака”.
Алег Хаменка і яго этна-рок гурт “Палац” вядомыя далёка за межамі Беларусі. І вельмі прыемна, што музыкі знайшлі час завітаць на Лепельшчыну. “У лузе”, “Дзеўка-семілетка”, “Чужыя дзеўкі”… Тут ногі самі пускаліся ў скокі, і хутка большая частка гледачоў была каля сцэны. “Палац” доўга не адпускалі, таму “Каляда” і “Кола грукатала” музыкі выканалі “на біс”.
Пакрысе звечарэла, і фестываль зачыняў украінскі гурт TaRuta. Аднак давялося пачакаць. Музыкі дзесьці з паўгадзіны настройвалі інструменты, што яшчэ раз сведчыць аб прафесіяналізме калектыву. Чаканне каштавала таго. Распачалі з украінскай народнай песні “Борам-борам”, а працягвалі “Смутным вечарам”, “Дунаем”, “Дай Божа”. Не сядзеў ужо ніхто. Разам з музыкамі спявалі прыпевы да “Любоў і музыка”, “Крок за крокам”, а пад “Духоўны паравоз” закруціліся ў карагодзе. Напрыканцы выступлення жадаючыя маглі не толькі набыць новую кружэлку TaRuTa, а і зрабіць фота на памяць і ўзяць аўтограф.
Чаму зрабіў такі акцэнт на выступленнях музыкаў? Адказ просты. Не так часта Лепельшчыну наведваюць гурты такога ўзроўню. Няўжо гэта дрэнна, калі ёсць магчымасць адпачыць і паслухаць цудоўныя спевы? Адным словам, за гэта дзякуй, Лепельскі Цмок. Чакаем на наступны год!
Яўген МІКАЛАЕЎ.
На здымках: эпізоды фестывалю.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>