Книгу «Народная кухня Лепельщины» представил один из авторов — Тадеуш Новогродский

img_3781 На Міжнародным фэсце “У госці да Лепельскага Цмока” адбылася значная падзея. Кнігу “Народная кухня Лепельшчыны” прадставіў адзін з аўтараў — Тадэвуш Навагродскі. Разам з Тадэвушам Антонавічам над кнігай працавалі Сцяпан Захаркевіч і Ірына Алюніна. Пад час свята аўтар уручыў выданне старшыні райвыканкама Барысу Яфрэмаву. Кніга з’яўляецца бібліяграфічнай рэдкасцю. Тыраж невялікі — дзевяноста дзевяць экзэмпляраў.

Праца над выданнем — працяг сумеснага праекта “Кулінарныя традыцыі Беларускага Палесся” кафедры этналогіі, музеялогіі і гісторыі мастацтваў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і Беларускага грамадскага аб’яднання “Адпачынак у вёсцы”, які быў распачаты ў ліпені 2009 года. У той час быў сабраны матэрыял па народнай кухні жыхароў вёскі Моталь Іванаўскага раёна, частку якога апублікавалі пад назвай “Народная кухня маталян” (2009). Праз год, у ліпені 2010 года, была арганізавана этнаграфічная экспедыцыя ў вёску Тышкавічы. Вынік — выйшла публікацыя “Народная кухня тышкаўцоў”. У ліпені 2011 года экспедыцыя накіравалася ў Астравецкі раён Гродзенскай вобласці. Геаграфію даследаванняў пашырылі — і атрымаўся праект “Кулінарныя традыцыі Беларусі”. Па выніках экспедыцыі выйшла навуковае выданне “Народная кухня Гервятаў” (2011). Было таксама арганізавана этнаграфічнае даследаванне ў вёсцы Семежава Капыльскага раёна Мінскай вобласці, у 2013 годзе — горад Глыбокае Віцебскай вобласці.
З 10 па 30 ліпеня 2014 года этнаграфічная экспедыцыя была арганізавана ў Лепелі. На працягу двух тыдняў па спецыяльна падрыхтаваным апытальніку праводзіўся збор палявога этнаграфічнага матэрыялу па традыцыях народнага харчавання мясцовага насельніцтва і жыхароў навакольных вёсак: Старога Лепеля, Юркоўшчыны, Забалацця. У працэсе экспедыцыі навукоўцы і студэнты апыталі звыш шасцідзесяці чалавек сталага ўзросту, якія паведамлялі інфармацыю аб асаблівасцях мясцовых страў, спосабах і прыёмах іх прыгатавання, святочна-абрадавых стравах, правілах паводзін за сталом, а таксама аб прадметах хатняга ўжытку, якія выкарыстоўваліся для прыгатавання і ўжывання ежы. Сярод адметнасцей — такія стравы, як поліўка, таўчонікі, клёцкі з душамі. Аднак лепш за ўсё пра народную лепельскую кухню раскажуць яе жыхары.
…Безумоўна, для кожнага беларуса на першым месцы знаходзіцца бульба.
“Вялікім попытам у нас карыстаюцца клёцкі — наша каронная страва. Яны з мясам, якое мы завём душой. Можа быць душа і з рыбы. Часцей за ўсё гэта бульбяныя клёцкі. Неабходна, каб начынне было як мага болей тлустым. І шмат цыбулі. Клёцкі кладуцца абавязкова ў кіпень” (запісана 12.07.2014 г. у г. Лепель ад Валянціны Лясун).
“З бульбы рабілі таўчонікі. Я і цяпер іх раблю. Зварыць бульбу, патаўчы. Нават на тарку можна падраць. Мукі дадаць, яйкі і пячы ў алеі. Як немцы былі, стаялі ў нас у хаце. Нас выгналі з хаты, мы ў клеці жылі, спалі там. Убачылі, што маці напякла таўчонікаў, схапілі смачныя. Потым кажуць: “Не, не гут”. Таўчонікі і цяпер можна пячы. Іх я люблю, і нават пякла не вельмі даўно. Смачныя такія, жоўценькія” (запісана 16.07.2014 г. у в. Стары Лепель ад Валянціны Ляйчонак).
…Дапамагала бульба і выжываць у гады Вялікай Айчыннай вайны.
“Парулі. Ты разумееш, што такое парулі? Цяпер такой бульбы няма. Цяпер, калі бульба засталася на зіму, пад снег, там яе не знойдзеш, спарахнее, згніе. А быў асаблівы сорт. Застанецца з зімы, і вясной, калі зямля растане, хадзілі і капалі бульбу. У абалонцы была. Дадому прынясеш, размарозіш, аблупіш. На выгляд — беленькая, а пірагі чорныя, як галавешка. А што было рабіць? І ваду пілі. А што было піць?” (запісана 14.07.2014 г. у в. Юркоўшчына ад Таццяны Барадзейка).
“Пра голад, дзетка, лепш не ўспамінай. Шчаўе шчапалі, варылі. Мукі не было. Нічога не было. Рудзьку елі, асаку. Асака расла ў балоце. На асацэ былі шышкі. Збіралі іх, сушылі і таўклі. З шышак пяклі аладкі. Елі. І выжылі. Цяжка было, але выжылі” (запісана 14.07.2014 г. у в. Юркоўшчына ад Кацярыны Майзус).
Святы. Рэдкі выпадак адпачыць ад паўсядзённых спраў.
“На Каляды — больш смачная ежа. Маці болей мяса зварыць, каўбасы ж кожны дзень не елі. Таму што трымалі яе да святаў, альбо калі госці прыйдуць. А чым гасцей пачаставаць? Цяпер — магазін, купіў сёе-тое, а тады што? Грошай няма — не пабяжыш, не купіш. Сваё. Вось сала адрэжаш, на патэльню парэжаш скварак, яйка ўзаб’еш (яешня звалася). Паставіш на стол, агурок парэжаш, каўбасу. Вось такая ежа. У той час сваім частавалі. У каго былі грошы — той набываў, але людзі без грошай жылі. У краме, мабыць, яно і было, але няма за што набываць. Вось у чым уся справа” (запісана 18.07.2014 г. у в. Стары Лепель ад Ніны Машара).
І адвечнае жыццёвае кола кожнага з нас…
“У школу я тут хадзіла, у Старым Лепелі. Адразу пасля вайны. Галадалі. Бульбу збіралі ў калгасе, але як ні збірай, нешта на зіму заставалася. Вось мы вясной хадзілі, збіралі гэту бульбу. Як зараз памятаю: зробіць маці піражок з гэтай мерзлай бульбы, і які ён смачны!” (запісана 16.07.2014 г. у г. Лепель ад Надзеі Лясун).
“Што гатавалі на маё вяселле? У хаце вяселле было. Муж са Старога Лепеля, мы і прыйшлі з ім сюды пасля вяселля. Зараз іх не робяць у хаце, кафэ альбо рэстаран замаўляюць. Не, дзетка, усё па звычайнаму было. Салаты, рыба, катлеты… Тры дні гулялі. Першы дзень, пасля роспісу, сядзіш. Назаўтра зноў людзі прыходзяць, збіраюць, падарункі прыносяць. А цяпер адразу. Усё у адзін вечар: і дораць, і ў маладой вэлюм здымаюць, усё. А ў нас толькі на другі дзень увечары здымалі. На трэці дзень зноў гулялі” (запісана 14.07.2014 г. у г. Лепель ад Ніны Савіцкай).
“Памінкі памятаю. Там клёцкі, стравы розныя з мяса. Памінкі — гэта цяжкі выпадак. Чалавек не вечны. Пажыў — і пайшоў з жыцця. Колькі каму Бог дасць пажыць. Каму дзесяць год, каму — сто” (запісана 18.07 2014 г. у в. Юркоўшчына ад Уладзіміра Палонскага).
“Памінкі як спраўлялі раней, так і спраўляюць. Абавязковыя стравы былі раней і зараз ёсць. Звычайна робяць куццю. Потым — поліўку, клёцкі з мяснога чаго-небудзь, салату. Куццю звычайна з рысу вараць. Пакіпела, крышачкай прыкрыў, хвілін дзесяць пастаяла — і ўсё. Звычайна разынкі дадаеш. Абавязкова трэба схадзіць на могілкі, памянуць у царкве. Вечарам — вячэра” (запісана 15.07.2014 г. у в. Стары Лепель ад Святланы Саламаха).
У гэтай кнізе не толькі народныя стравы Лепельшчыны. Гэта памяць, якую нельга забываць.
Яўген МІКАЛАЕЎ.
На здымку: Тадэвуш Навагродскі ўручае кнігу “Народная кухня Лепельшчыны” старшыні райвыканкама Барысу Яфрэмаву.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>