На горной тропе были уничтожены все 22 душмана

img_5830Напярэдадні сумесных беларуска-расійскіх стратэгічных вучэнняў “Захад-2017” цікава было сустрэцца з нашым земляком, удзельнікам вайны ў Афганістане Сяргеем Бабровічам і даведацца, як ён рыхтаваўся да рэальных баявых дзеянняў, якую праходзіў папярэднюю падрыхтоўку.

— Нарадзіўся і вырас у вёсцы Мацюшына, вучыўся ў СШ №2 імя І.М. Ерашова і Лепельскім СПТВ-175, дзе набыў спецыяльнасць механізатара і атрымаў правы вадзіцеля катэгорыі “С”, — паведаміў Сяргей Пятровіч. — Пасля заканчэння прафтэхвучылішча некалькі месяцаў адпрацаваў трактарыстам у райсельгасхіміі. Восенню 1987 года быў прызваны на тэрміновую службу ў армію і ўжо ў снежні трапіў у “вучэбку” ў горадзе Пренай (Літва), дзе паўгода да мая 1988 года навучаўся вайсковай справе. Авалодваў ваеннай спецыяльнасцю механіка-вадзіцеля БМД (баявой машыны дэсанту). Акрамя агульнафізічнай падрыхтоўкі набываў практычныя навыкі кіравання тэхнікай ва ўмовах горнай мясцовасці, стральбы з гармат, выкарыстання супрацьтанкавых ракет, іншай зброі, тройчы скакаў з парашутам з самалётаў АН-2 і ІЛ-76. У некаторыя дні для дасягнення больш моцнай фізічнай загартоўкі мы прабягалі па перасечанай мясцовасці да 12 кіламетраў. Добра ўсведамлялі, што нас рыхтуюць да вайны, паколькі ў кожнага ў дакументах ужо стаяў штамп “Годны да службы ў ДРА (Дэмакратычнай Рэспубліцы Афганістан)”.
— Як трапілі ў гэтую краіну?
— Раніцай у адзін з майскіх дзён нас — каля 240 воінаў-дэсантнікаў — пасадзілі ў самалёт ІЛ-76 і з перасадкай у горадзе Тэрмез (Узбекістан) даставілі на аэрадром у Кабул (Афганістан). У ліку дванаццаці механікаў-вадзіцеляў мяне накіравалі ў 317-ы полк 103-й Віцебскай паветрана-дэсантнай дывізіі. Дзесяць дзён быў каранцін, калі праходзілі санітарную апрацоўку, прывыкалі да спякотнага афганскага клімату, вучыліся жыць ва ўмовах горнай мясцовасці. Затым мяне на грузавой аўтамашыне завезлі на ўмацаваны апорны пункт (“заставу”), размешчаны паблізу дарогі-серпантыну Кабул — Джэлалабад на адлегласці каля трыццаці кіламетраў ад сталіцы Афганістана.
Служыў механікам-вадзіцелем самаходнай артылерыйскай устаноўкі 2С9 “Нона”, узброенай 120-міліметровай гарматай. Такіх адзінак ваеннай тэхнікі на апорным пункце было тры. Дарэчы, адзін снарад да нашай гарматы важыў больш за 20 кілаграмаў і каля пяці кілаграмаў вагой быў да яго зарад. Так што працяглая стральба з гармат патрабавала вялікіх фізічных намаганняў ваеннаслужачых. У боекамплекце мелі і міны, якімі знішчалі жывую сілу ворага на адлегласці да аднаго кіламетра. Раз на тыдзень, а то і часцей нам завозілі прадукты харчавання, боепрыпасы. Патронамі і снарадамі забяспечваліся ўволю, без абмежаванняў. Дарэчы, у мяне як у механіка-вадзіцеля на асабістым узбраенні знаходзіўся спецыяльны ўкарочаны аўтамат АКСУ-74 і пісталет Макарава.
— З кім узаемадзейнічалі ў баявой абстаноўцы?
— Вышэй у гарах на адлегласці 700 — 800 метраў ад нас на пастаяннай аснове акапаліся, займалі кругавую абарону савецкія стралкі-пехацінцы. Яны кантралявалі навакольную мясцовасць, наносілі агнявое паражэнне ворагу днём і ноччу. У выпадку неабходнасці перадавалі нам каардынаты цэляў, якія мы павінны былі знішчыць артылерыйскім і мінамётным агнём. Наогул, за суткі выпадала магчымасць добра адпачыць, паспаць усяго некалькі гадзін. Астатні час перыядычна ўзнікалі перастрэлкі з душманамі, якія часам пераходзілі ў моцны бой. Дарэчы, сігналам баявой трывогі служыла доўгая аўтаматная чарга, пасля чаго ўсе на апорным пункце былі ўжо на нагах і поўнасцю гатовыя да агнявога паражэння ворага.
— Ці адзначаны баявымі ўзнагародамі?
— Аднойчы летам 1988 года глыбокай ноччу былі паднятыя па баявой трывозе і па цэлеўказанні наводчыкаў па прыборах вялі ўсляпую агонь па караване душманаў, які рухаўся ў гарах. Выпусцілі дзясяткі снарадаў і мін. Ствол гарматы так разагрэўся, што стаў чырвоны па колеры, аж свяціўся ноччу.
Раніцай нашы салдаты-пехацінцы праверылі вынік нашай стральбы. На горнай сцежцы былі знішчаны ўсе 22 душманы, якія былі ў караване, ні адзін з ворагаў не застаўся жывы. Нашы ваеннаслужачыя сабралі зброю, іншыя трафеі і далажылі аб гэтым камандаванню. За такую бліскуча здзейсненую начную баявую аперацыю, іншыя папярэднія паспяховыя баявыя дзеянні наш камандзір старшы лейтэнант Сяргей Бродскі быў праз тыдзень узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, я — медалём “За адвагу”, а астатнія члены нашага экіпажа былі ўганараваны медалямі “За баявыя заслугі”.
— Калі пакінулі Афганістан?
— У лютым 1989 года перасяклі мост праз раку Аму-Дар’я і трапілі на тэрыторыю Узбекістана, адкуль былі накіраваны ў БССР. Потым яшчэ да кастрычніка 1989 года даслужваў устаноўлены тэрмін у абласным цэнтры на базе 103-й Віцебскай паветрана-дэсантнай дывізіі.
— Як далей склалася жыццё?
— Пасля вяртання з арміі працаваў у Лепелі трактарыстам у райсельгасхіміі, у філіяле “Лепельскае ўпраўленне мантажных спецыяльных работ” КУП “Віцебскаблдарбуд”, а цяпер руплюся ў брыгадзе, якая складаецца з беларусаў, вахтавым метадам у ААТ “Балтмостбуд” у Санкт-Пецярбурзе. Узводзім вялікі пуцеправод у цэнтральнай частцы паўночнай сталіцы Расіі.
Ажаніўся ў 1992 годзе. Спачатку з жонкай Ларысай жылі ў доме на Пясчанцы, які пабудавала для маёй сям’і райсельгасхімія. Затым гэты дом прадалі, а купілі недабудаваны двухпавярховы дом па вуліцы Віцебская, які цяпер паступова даводжу да ладу. Сын Данііл ужо перайшоў у пяты клас СШ №3 горада Лепеля.
Мікалай ГАРБАЧОЎ.
На здымку: Сяргей Бабровіч.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>