Молодой комбайнер — тысячник

img_3577Нагода для чарговага візіту ў дзяржаўную сельскагаспадарчую ўстанову “Лепельская сортавыпрабавальная станцыя” была самай прыемнай — малады камбайнер Яўген Шамшур намалаціў тысячную тону збожжа. У прызначаны час прыбылі на поле за вёскай Адамаўка. Там акрамя камбайна Яўгена стаялі яшчэ камбайн Віталя Свістунова і трактар з прычэпам, на якім Ігар Старынскі адвозіў збожжа. Другі камбайн перад жнівом доўга рамантаваўся, была сур’ёзная паломка, таму Віталь пазней уключыўся ў працу, яго намалот на той дзень склаў крыху больш за 400 тон. На полі быў і аграном Міхаіл Кульба. Спецыяліст шмат гадоў працуе ў сваёй галіне, асабіста кантралюе ўсе працэсы і аперацыі.
Падтрымлівалі працаўнікоў поля, стваралі атмасферу свята артысты аўтаклуба Лепельскага РДК. Песні ў іх выкананні ліліся над полем.
Тысячная тона была намалочана яравой пшаніцай з падсевам кармавога гароху — пілюшкі. Культуру ўбіралі на фураж. Асноўны накірунак дзейнасці сартастацыі, вядома, насенняводчы. Іх насенне высокіх рэпрадукцый рэалізуецца гаспадаркам раёна, папаўняе і абнаўляе насенны фонд. Аднак сартастанцыя мае таксама і невялікі мясны статак, якому патрэбен корм.
Пасля выканання песень слова бралі прадстаўнікі ўлады начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Міхаіл Кісялевіч, старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Сяргей Марціновіч, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ігар Урбан і іншыя. Усе прамоўцы выказвалі словы самай шчырай падзякі за самаадданую працу, за вернасць выбранай прафесіі. Дзякуючы намаганням такіх людзей, як Яўген Шамшур, Віталь Свістуноў і тысяч іншых, якія шчыруюць на палях, збожжасушыльных комплексах, рэспубліканскі каравай штодня прырастае мільёнамі тон.
img_3536Падтрымаць калегу і сябра прыйшлі іншыя работнікі сартастанцыі, сярод якіх першай была жонка Алена. Яна расказала:
— Яўген усе гады, што працуе на камбайне, нацэлены на перамогу, на тысячу тон. Летась, праўда, крыху не дацягнуў. Аднак яго адзначылі як маладога камбайнера, які намалаціў 800 тон.
Як толькі пажаніліся, Алена і Яўген пераехалі жыць на радзіму жонкі. Гаспадарка выдзеліла ім дом, а далей абсталёўваліся самі. Зараз у іх двары рохча, кудахча і гагоча разнастайная жыўнасць. Адным словам, Шамшуры — самастойныя і заможныя гаспадары, слаўная будучыня вёскі. Іх сыны — дастойная ім змена. Дзесяцігадовы Кірыл і сямігадовы Багдан актыўна дапамагаюць бацькам па хатняй гаспадарцы, але самы іх любімы занятак — пасядзець у кабіне бацькавай тэхнікі. А калі яшчэ тата дазволіць паруліць — гэта вяршыня хлапечых мараў. Аднак у той дзень хлопчыкі гасцявалі ў бабулі ў Велеўшчыне.
— Расстройвацца будуць, што не былі тут, — казала Алена. — Але нічога, яны яшчэ прыедуць і дапамогуць бацьку.
Сам камбайнер негаваркі, як і большасць яго калег, затое за яго красамоўна гавораць справы. Пакуль ідзе гарачая пара жніва, Яўген на полі ад рання да змяркання, часу ледзь-ледзь хапае, каб дагледзець асабістую гаспадарку, накарміць жывёлу. Калі сыны дома, ад іх вялікая дапамога бацькам.
У чым жа сакрэт працоўнага поспеху? Адказ атрымаў, калі пачуў, што сярэдняя ўраджайнасць у гаспадарцы перавышае 45 цэнтнераў з гектара, а асобныя палеткі парадавалі паказчыкам пад 60 — 70 ц/га. Як гэтага ўдалося дасягнуць? Строгае выкананне патрабаванняў тэхналогіі. Засяваюць палеткі толькі якасным збожжам высокіх рэпрадукцый, своечасова робяць падкормкі і хімапрацоўкі. Напрыклад, гэтае поле, сказаў Міхаіл Кульба, падкормлівалі мінеральнымі ўгнаеннямі тройчы. А там, дзе ёсць ураджайнасць, будуць і рэкордныя намалоты. Праца камбайнера завяршае старанні ўсіх працаўнікоў поля — ад палявода да агранома.
Васіль МАТЫРКА.
На здымках: Яўген Шамшур і дырэктар ДСГУ “Лепельская сартастанцыя” Андрэй Тарасевіч; зерне — вынік працы.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>