Жатва в ОАО «Ладосно» перешагнули свой экватор

img_3504Калі прыехаў, на полі працавалі два камбайны. На КЗС-10 шчыруюць Валерый Ярыга і Сяргей Скавародка, а на КЗС-1218 — Антон Папкоў. Апошні, дарэчы, працуе на тэхніцы адзін, без памочніка. На ўскрайку стаялі дзве машыны. Пётр Юркевіч на МАЗе чакаў, пакуль запоўніцца чарговы бункер. Другой машынай быў пажарны ЗіЛ-131 з пажарна-аварыйнага паста ў Камені. Прапаршчык Андрэй Коназ падняўся на самы верх машыны і адтуль аглядаў наваколле. Ад яго пільнага позірку не схаваецца ніводзін падазроны дымок.
Так склалася, што поле ўяўляе сабой пагорак, адкрыты з усіх бакоў вятрам. Магчыма, гэта стала прычынай моцнай палегліцы. Амаль уся збажына была прыгнутая да зямлі, толькі дзе-нідзе былі бачныя астраўкі жыта, якое стаяла. Камбайнерам даводзілася вельмі акуратна весці свае машыны, каб падняць усе каласы, звесці страты да мінімуму.
З дазволу камбайнера падняўся ў кабіну Антона Папкова. Адразу адчуў кантраст: на вуліцы стаяла спёка, нават духата, а ў кабіне прыемная прахалода, вельмі добра працуе кандыцыянер. Пад час аднаго праходу камбайнер прыпыняўся, здаваў назад і праязджаў зноў, падымаючы палеглыя каласы.
Жыта сёлета ўрадзілася неблагое, колас доўгі, зярняты налітыя. Таму механізатары стараюцца ўбіраць не спяшаючыся, каб з-за непатрэбнай паспешлівасці не панесці страт. Машына напружліва гудзе, паглынаючы тоны хлебнай масы, набіваючы зернем чарговы бункер.
Працаваць аднаму, без памочніка, безумоўна, цяжэй. Асабліва нязручна раніцай, калі праводзяцца работы па тэхнічным абслугоўванні камбайна, калі трэба змазаць усе падшыпнікі, перагледзець ланцугі, рамяні і транспарцёры, падрамантаваць выяўленыя паломкі. Аднак Антон прывык разлічваць на сябе, на свае сілы і верыць у тэхніку, якую адрамантаваў уласнымі рукамі.
Нечакана бартавы камп’ютар падаў сігнал. Гудзенне спачатку было перарывістым, а неўзабаве стала пастаянным.
— Гэта ён паказвае, што бункер запоўнены, трэба разгружацца, — патлумачыў Антон. — Нічога, каля 20 метраў засталося, месца яшчэ ёсць, даб’ю загонку, там і перасыплюся.
img_3512Пад’ехаў да мяжы, павярнуў выгрузны шнэк — гэта стала сігналам для Пятра Юркевіча. Вадзіцель хуценька запусціў рухавік, акуратна падаў машыну. Толькі з мосціка камбайна разгледзеў, што кузаў ужо быў напалову запоўнены.
— Незадоўга перад вашым прыходам разгрузіўся Валерый Ярыга, якраз палова кузава, — кажа Пётр. — Зараз загружу гэты бункер — якраз будзе поўным, і павязу на сушылку.
Між тым Антон Папкоў націснуў некалькі клавішаў — і плынь збожжа пацякла ў кузаў. Зерне жыта цямнейшае за пшаніцу, яно налівалася сокамі зямлі, магчыма, менавіта таму мае такі колер. Вадзіцель узяўся рыдлёўкай разгортваць збожжа. Спрытнымі рухамі ён рассоўваў зерне па кутах, каб ляжала акуратна, не рассыпалася, пакуль даедзе. Звярнуў увагу на тое, што шчыліны ў кузаве былі залітыя мантажнай пенай, каб зерне не прасыпалася па дарозе.
Далейшы курс вадзіцеля ляжыць за дзесяць кіламетраў у Камень, дзе зерне чакаюць ужо на сушылцы. Збожжа сырое, ад зямлі нацягнула вільгаццю, таму яго трэба высушыць да 12-14 працэнтаў.
Не паспела ад’ехаць адна машына, як на пад’ездзе паказалася другая.
Па словах галоўнага агранома ААТ “Ладасна” Мікалая Стрэльчанкі, у гаспадарцы на раніцу 16 жніўня было ўбрана 385 гектараў збожжавых, валавы намалот склаў 910 тон. У асноўным уборка азімых культур падыходзіць да завяршэння, на чарзе — яравыя.
Васіль МАТЫРКА.
На здымках: камбайнер Антон Папкоў; Пётр Юркевіч разгортвае збожжа.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>