Первые тысячники в районе и области

img_3433У мінулую пятніцу на полі за вёскай Забалацце Стайскага сельсавета было асабліва горача і людна — мясцовыя артысты на імправізаванай сцэне ладзілі канцэрт у полі. Некалькі механізатараў СВФ “Заазер’е”, якія працавалі побач, прыпыніліся, каб паглядзець і паслухаць. Нагода для свята была самая выдатная — камбайнеры Леанід Парамонаў і Дзмітрый Скрыпялёў, працуючы на камбайне New Holland, першымі ў раёне і вобласці дасягнулі паказчыка намалоту ў тысячу тон. Апошняе дасягненне было ў нашым раёне каля васьмі гадоў таму. У раёне ў кожную ўборачную кампанію былі экіпажы, якія пераадольвалі планку ў тысячу тон, былі нават такія, што перасягнулі і дзве тысячы. Аднак сёлета камбайнеры ААТ “Віцебскі мясакамбінат” сталі першымі не толькі ў раённым спаборніцтве, а і ў абласным, дасягнуўшы тысячнага паказчыка на лепельскіх палетках.
Леанід Парамонаў і Дзмітрый Скрыпялёў працуюць на новай тэхніцы імпартнай вытворчасці. Камбайн New Holland вызначаецца перадавымі вытворчымі характарыстыкамі. Яго жняярка — 10,5 метра, малацільны апарат — два ротары, які выдатна спраўляецца з абмалотам хлебнай масы, таму камбайн даволі хутка ходзіць па полі, зжынаючы гектар за гектарам, намалочваючы тону за тонай. Для працы гэтай тэхнікі ў СВФ “Заазер’е” выдзяляюцца лепшыя палеткі, з вялікай плошчай, роўныя, бо на маленькіх контурах камбайну цяжка манеўраваць.
Павіншаваць тысячнікаў прыбылі высокія госці: старшыня аблвыканкама Мікалай Шарстнёў, старшыня райвыканкама Барыс Яфрэмаў, кіраўніцтва абласнога камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні, ААТ “Віцебскі мясакамбінат” і іншыя. На полі караваі і сімвалічныя снапы пад жніўныя песні ўручылі высокім гасцям. Вітаючы перадавікоў, Мікалай Шарстнёў сказаў:
— Я рады прысутнічаць тут і вітаць вас — першы экіпаж, які намалаціў тысячу тон збожжа. Мне прыемна, што першая тысяча тон з’явілася на Лепельшчыне. На працягу мінулых гадоў склалася так, што першыя тысячнікі былі ў адных і тых жа рэгіёнах, нават у адных гаспадарках. Вы змаглі зрабіць прарыў. Яшчэ адна важная абставіна — першую тысячу тон намалацілі работнікі новай інтэграванай структуры — ААТ “Віцебскі мясакамбінат”. Гэта азначае, што мы, ствараючы такое вялікае аб’яднанне, далучаючы землі, укладваючы ў яго вялікія сродкі, робім правільна. Толькі сёлета стварылі, пачалі працаваць — і вось вынік, аддача! Камбайнеры толькі селі на новы камбайн, яшчэ толкам не прывыклі да яго — і ўжо маюць дзённыя намалоты 200 — 250 тон. Аднак гэта не мяжа! Ваша бліжэйшая мэта — 400-500 тон за змену. Для дасягнення такіх паказчыкаў усё ёсць: магутны рухавік, прадукцыйна малацільны механізм. Справа за “малым” — ураджайнасцю палёў. На сёння сярэдняя ўраджайнасць палеткаў вобласці — 30-35 цэнтнераў з гектара. Гэтага недастаткова. Скандынавія мае горшыя прыродна-кліматычныя ўмовы, але там на круг збіраюць значна больш. Наш арыенцір — восем, дзевяць, дзесяць тон з гектара. Варта толькі стварыць належныя ўмовы. Напрыклад, сёлета адно з палёў вобласці дало ўраджай жыта больш за 96 цэнтнераў з гектара.
Я вельмі рады, што ўсё адбылося так, як павінна было адбыцца. Звярніце ўвагу, на іх майках красамоўны надпіс “Ніхто, акрамя нас”. Сапраўды, ніхто, акрамя іх, працаўнікоў поля! Менавіта яны аруць, сеюць, а зараз — і ўбіраюць. У вас, дарагія камбайнеры, усё наперадзе. Ваша мэта — не спыняцца на дасягнутым, ваш узровень — 10-15 тысяч тон за сезон. Гэта павінна стаць вашым нармальным рабочым паказчыкам. Гэта, у рэшце рэшт, і ваш заробак.
img_3466Усе магчымасці для працоўных дасягненняў ствараюцца. Ужо цяпер пад азімую сяўбу ў гаспадарках інтэграванай структуры адводзіцца каля 50 тысяч гектараў, з іх не менш за 25 тысяч — азімыя збожжавыя. Вам ёсць зараз і будзе дзе ў далейшым праявіць сябе. Са святам!
Барыс Яфрэмаў у сваю чаргу коратка павіншаваў перадавікоў, уручыў ім дыпломы і прэміі. Каштоўныя падарункі камбайнеры атрымалі і ад старшыні аблвыканкама.
На пытанне карэспандэнта, як Лепельшчына выглядае на фоне астатніх раёнаў вобласці, Мікалай Шарстнёў адказаў:
— Няблага. У вас узяты добры тэмп, на сёння ўбрана не менш за чвэрць палёў, кожны дзень прыбаўляеце па пяць-шэсць працэнтаў. Ураджайнасць — каля 30-35 цэнтнераў з гектара. Аднак на сёння гэтага недастаткова. У свой час Лепельшчына была адным з лідараў сельскагаспадарчай вытворчасці ў вобласці, але мы страцілі значны перыяд, цяпер трэба даганяць. Патэнцыял для гэтага ёсць, і патэнцыял вялікі. На Лепельшчыне ёсць урадлівыя землі, спрыяльныя прыродна-кліматычныя ўмовы і, самае галоўнае, працавітыя, старанныя людзі.
Пасля ўрачыстасці камбайнеры вярнуліся да сваёй штодзённай працы. Леанід Парамонаў і Дзмітрый Скрыпялёў занялі свае месцы за штурвалам камбайна і паехалі далей жаць збажыну.
Васіль МАТЫРКА.
На здымках: Барыс Яфрэмаў і Мікалай Шарстнёў з уручанымі снапамі; перадавы экіпаж — Леанід Парамонаў і Дзмітрый Скрыпялёў.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>