Сотая пара в столетний юбилей

img_3341Сярэдзіна рабочага часу, будні дзень. Як правіла, у аддзеле запісаў актаў грамадзянскага стану ў такі час ціха, толькі рэдкія наведвальнікі прыходзяць за даведкамі. Аднак менавіта сёння назіраецца ажыўленне. Работніцы яшчэ раз праходзяць па зале, раскладваюць дакументы для рэгістрацыі шлюбу. Чамусьці прысутнічае кіраўнік справамі райвыканкама Васіль Палонскі. Патлумачыла начальнік ЗАГСа Алена Бельская:
— Сёлета спаўняецца роўна сто гадоў службе запісаў актаў грамадзянскага стану. І акурат сёння ў нас рэгіструецца стварэнне сотай сям’і з пачатку года. Супадзенне — сто на сто. Маладыя людзі прасілі распісаць іх без правядзення пышнай і ўрачыстай цырымоніі. Мы ідзём насустрач іх пажаданням. Аднак не можам пакінуць па-за ўвагай такое супадзенне, таму падрыхтавалі для іх некалькі невялікіх сюрпрызаў. Спадзяюся, яны ацэняць.
За сто гадоў органы запісаў актаў грамадзянскага стану прайшлі багаты шлях. У часы Вялікага княства Літоўскага і Расійскай імперыі функцыю рэгістрацыі насельніцтва выконвалі рэлігійныя арганізацыі: праваслаўная царква і каталіцкі касцёл. З прыходам савецкай улады быў створаны спецыяльны дзяржаўны орган.
З цягам часу актавыя кнігі з цэркваў і касцёлаў былі перададзены ў архівы ЗАГСаў. На вялікі жаль, архівы Лепельскага ЗАГСа не захаваліся цалкам, значная частка іх была страчана пад час Вялікай Айчыннай вайны ў эвакуацыі.
Многія лепяльчане перажывалі ў ЗАГСе самыя шчымлівыя, хвалюючыя моманты жыцця. Спачатку яны заключалі шлюбы, а потым, праз некаторы час, прыходзілі, каб зарэгістраваць дзетак.
Максім Кузьмянкоў і Юлія Талкач былі знаёмыя даволі даўно. Ён служыць старшыной роты ў 19-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгадзе ў Заслонаве. Служба — ёсць служба, рэгулярныя выезды на палігоны, удзел у вучэннях. Аднак, нават калі грымяць гарматы, у сэрцы заўсёды ёсць месца для кахання, сям’і.
Юлія нядаўна скончыла вучобу ў Полацкім дзяржаўным універсітэце на факультэце рамана-германскай філалогіі. Дзяўчына — настаўніца нямецкай мовы і перакладчыца. Разам яны прыгожая, гарманічная, шчаслівая пара.
На цырымонію сабраліся толькі самыя блізкія родныя, сябры. Алена Бельская пытаецца аб згодзе бакоў на ўступленне ў шлюб. Галасы маладых крыху дрыжаць — адчуваецца хваляванне моманту. Аднак у Максіма больш цвёрдасці і ўпэўненасці, мужчына як-ніяк, вайсковец.
Нарэшце гучаць кульмінацыйныя словы:
— Абвяшчаю вас мужам і жонкай!
Мадалыя абмяняліся залатымі пярсцёнкамі, распісаліся ў кнізе актаў.
Першымі новых мужа і жонку павіншавалі бацькі, блізкія. Выказалі самыя шчырыя словы, пажадалі здароўя, узаемнай павагі і разумення ў сямейным жыцці і, вядома, пабольш дзетак.
Ад імя раённага выканаўчага камітэта і галоўнага ўпраўлення юстыцыі аблвыканкама Васіль Палонскі сотай зарэгістраванай пары ўручыў сертыфікат. Цяпер гэта будзе яшчэ адным напамінам сям’і аб самым важным і ўрачыстым моманце іх жыцця. Алена Бельская паднесла яшчэ адзін падарунак — цёплы плед са словамі:
— Няхай вечарамі і начамі сагравае ён вас дваіх. А ў далейшым — і траіх, ваша будучае дзіця. Вашы родныя ўручаць вам, напэўна, яшчэ больш каштоўныя падарункі. Але гэты, спадзяюся, будзе самым цёплым.
Васіль МАТЫРКА.
На здымку: Юлія і Максім Кузьмянковы — сотая пара.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>