Третьего августа, накануне массовой жатвы, на базе КУВСГП «Лепельское» состоялся семинар-учеба специалистов сельхозорганизаций

img_8692Трэцяга жніўня, напярэдадні масавага жніва, на базе КУВСГП “Лепельскае” адбыўся семінар-вучоба спецыялістаў сельгасарганізацый. У ёй прынялі ўдзел намеснік па раслінаводстве старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Іван Борыс, намеснік па механізацыі Міхаіл Прыдыбайла, старшыня райвыканкама Барыс Яфрэмаў, спецыялісты райсельгасхарчу, кіраўнікі, галоўныя аграномы, а таксама галоўныя інжынеры сельгасарганізацый раёна. Асноўнай тэмай стала своечасовае і якаснае правядзенне ўборачнай кампаніі, недапушчэнне пры гэтым няшчасных выпадкаў і траўматызму, страт збожжа і фактаў крадзяжу.
На рэспубліканскай нарадзе, якая была праведзена днём раней, усе гэтыя пытанні разглядаліся і асвятляліся на самым высокім узроўні. У прыватнасці, было заяўлена, што на палях рэспублікі выспявае неблагі ўраджай усіх культур — не толькі зерневых, а і рапсу, ільну, цукровых буракоў, бульбы і гародніны. Бліжэйшая задача — убраць без страт, перапрацаваць, закласці на доўгатэрміновае захоўванне, каб атрымаць максімальны прыбытак.
З-за розных фактараў ссунуліся тэрміны выканання работ, паралельна з уборкай зерневых час весці нарыхтоўку кармоў з траў другога ўкосу. Неўзабаве паспее кукуруза, надыдзе пара сяўбы азімых культур. Наступіў самы гарачы перыяд. Трэба мабілізаваць усе сілы і сродкі, каб правесці асноўнае жніво ў аптымальны перыяд — да 20 жніўня.
Намеснік па раслінаводстве начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Любоў Плігаўка паведаміла, што з 44 наяўных зернеўборачных камбайнаў у раёне на пачатак жніва цалкам спраўныя і гатовыя да выезду ў поле 39 адзінак. Пры гэтым сярэдняя нагрузка на камбайн сёлета павінна скласці каля 250 гектараў.
Выступаючы на семінары з дакладам, старшыня райвыканкама Барыс Яфрэмаў сказаў:
— Галоўнейшая задача, якая стаіць перад намі, — хутка і якасна правесці ўборачную кампанію, а таксама іншыя работы ў сельгасарганізацыях. Залогам паспяховасці бачу некалькі фактараў. Першы — агульная працоўная дысцыпліна. Камбайнеры, механізатары павінны а восьмай гадзіне — а калі трэба, то і раней — прыбываць на свае працоўныя месцы, даваць камбайнам тэхнічнае абслугоўванне, неабходны рамонт і наладкі. І як толькі вецер і сонца падсушаць расу, адразу пачынаць жаць. Другі фактар — дысцыпліна тэхналагічная. Дакладна адрэгуляваць усе механізмы камбайнаў, перыядычна, не радзей, чым кожныя дзве гадзіны, правяраць іх, прачышчаць рэшаты і грохатны стан. Гэтыя простыя правілы дазваляюць мінімізаваць магчымыя страты. Дзе патрэбна, там гарадскія прадпрыемствы і арганізацыі павінны аказаць шэфскую дапамогу.
Асобна варта адзначыць стан збожжаўборачнай тэхнікі. Камбайн разлічаны на восем-дзесяць сезонаў актыўнай эксплуатацыі. Аднак і цяпер дзе-нідзе можна ўбачыць чатырох-, пяцігадовыя машыны, даведзеныя да ручкі, ад якіх засталіся хіба толькі рамы. А за іх, між іншым, гаспадаркі яшчэ цалкам не расплаціліся па растэрміноўках. Таму варта па максімуме адрамантаваць наяўную тэхніку, уключыць яе ў палявыя работы.
Надзвычай пільную ўвагу патрабую скіраваць на захаванасць матэрыяльных каштоўнасцей, у першую чаргу паліва і змазачных матэрыялаў, а таксама зерня. Ад спецыялістаў гаспадарак патрабую наладзіць самы жорсткі кантроль за расходаваннем і спісваннем паліва. Заправілі ў камбайн, скажам, 200 літраў дызельнага паліва раніцай, а ўвечары праверылі, колькі ў баку засталося, колькі гектараў зжаў, колькі тон намалаціў. Нормы расходу вядомыя: 16-17 літраў на гектар, або тры-чатыры літры на кожную намалочаную тону. Усё, што выкарыстоўваецца звыш гэтых нормаў, павінна выклікаць пытанні. Калі рухавік выкарыстоўвае зашмат паліва — пытанне да інжынерных службаў. Калі ж рухавік у парадку — пытанне да аграномаў: куды яны глядзяць, як вядуць улік? Гэтаксама важна прасочваць рух зерня на кожным этапе: ад камбайна да сушылкі і чысткі, а адтуль — да складоў.
Поспех любой справы залежыць у першую чаргу ад людзей, таму важна іх зацікавіць у выніках. У кабіне кожнага камбайна павінна быць папка механізатара, дзе знаходзяцца даходліва распісаныя расцэнкі. Чалавек павінен ведаць і разумець, за што ён працуе, колькі грошай ён заробіць пры выкананні дзённай нормы і колькі — за перавышэнне.
Абавязкова павінна быць арганізавана гарачае харчаванне з дастаўкай на рабочыя месцы. Павінны быць рэалізаваны і іншыя мерапрыемствы па ахове жыцця і здароўя работнікаў. Для адзначэння лепшых у гаспадарках рэкамендуем вывешваць і рэгулярна, кожны дзень, абнаўляць экраны, куды заносяцца ўсе вынікі, намалоты, перавезеныя тоны.
* * *
Семінар перамясціўся на аглядную пляцоўку. Там стаяў камбайн. Непасрэдна на тэхніцы было паказана, як правільна рэгуляваць механізмы камбайна, як вычышчаць рэшаты, каб зводзіць страты да мінімуму. Асаблівая ўвага звярталася на тое, што рэгуліроўкі патрэбна пастаянна кантраляваць. Напрыклад, бывалі выпадкі, калі пад час працы ў падбарабанне біла каменем. Камбайнер не заўважаў гэтага, не правяраў і працягваў працаваць дзень, другі, трэці. А страты між тым вырасталі ў некалькі разоў, зерне высыпалася з камбайна, як з рэшата.
Пасля камбайн запусцілі, правялі кантрольны праход. Кожны мог пераканацца, што вымалочванне ідзе чыста, у наладжаным і адрэгуляваным камбайне страты мінімальныя.
Тут жа прысутнічалі начальнікі РАНС і РАУС. Начальнік РАНС падпалкоўнік унутранай службы Валянцін Лавец засяродзіў увагу на супрацьпажарным стане як камбайнаў, так і астатняга зернеапрацоўчага абсталявання: ачышчальных машын, складоў. Асабліва спыніліся на стане сушыльных комплексаў, бо ў іх выкарыстоўваецца паліва: дровы, мазута і прыродны газ. Прывёў некалькі прыкладаў, калі з-за неахайнасці, неабачлівасці здараліся пажары, гарэла дарагая тэхніка. Вядома, на палях дзяжураць пажарныя машыны, але гэта не здымае цалкам адказнасць з механізатараў, са спецыялістаў гаспадарак.
Задача аховы матэрыяльных каштоўнасцяў, паліва, зерня ўскладзена ў тым ліку і на міліцыянераў. Ужо зараз скарэкціраваны маршруты патрульных машын з тым, каб праваахоўнікі рэгулярна наведваліся на збожжасушыльныя комплексы, склады, з прафілактычнымі мэтамі трымалі сітуацыю пад пільным кантролем.
Начальнік аддзялення ДАІ РАУС падпалкоўнік міліцыі Аляксандр Трусаў падняў важную праблему — выкананне правілаў бяспекі пры ўдзеле сельскагаспадарчай тэхнікі ў дарожным руху. Гэта і перагоны камбайнаў з поля на поле, калі калоны з пяці — дзесяці машын выязджаюць на дарогі агульнага карыстання, і пераезды адзіночных камбайнаў унутры гаспадарак. Асабліва непакоіць стан грузавой тэхнікі, задзейнічанай на перавозцы збожжа з поля на зернятокі, са складаў гаспадарак на зернепрыёмныя прадпрыемствы. У ранейшыя гады зафіксаваны факты, калі на лінію выпускаліся аўтамабілі, якія не прайшлі тэхнічны агляд, мелі няспраўнасці ў тармазных сістэмах, былі без электрычнага асвятлення і светлавой сігналізацыі. А вадзіцелі і механізатары часам не мелі адпаведных катэгорый для кіравання транспартнымі сродкамі. Часам з-за штурвалаў камбайнаў ссаджвалі “камбайнераў” зусім без правоў.
Паводле прагнозаў, у бліжэйшыя дні чакаецца надвор’е, спрыяльнае для ўборачных работ, сонечнае, без дажджоў. Вяскоўцы зараз напружваюць усе сілы, каб паспець за гэты час сабраць ураджай з найменшымі стратамі, засыпаць свірны, правесці касьбу траў другога ўкосу. А там не за гарамі і восеньская пасяўная.
Васіль МАТЫРКА.
На здымку: камбайн на агляднай пляцоўцы.
Фота з архіва РАНС.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>