На пересечении улиц Лобанка и Данукалова возводится Центр трудовой и социально-бытовой реабилитации инвалидов

img_2675На скрыжаванні вуліц Лабанка і Данукалава ў г. Лепелі ўзводзіцца Цэнтр працоўнай і сацыяльна-бытавой рэабілітацыі інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Будаўніцтва вядзецца міжнародным дабрачынным грамадскім аб’яднаннем “ЭкаБудаўнік” (Беларусь), дабрачыннай арганізацыяй “Дамы замест Чарнобыля” (Германія) , вытворчым унітарным прадпрыемствам “ЭкаДомБуд” з Беларусі і райвыканкамам.
Неабходнасць узвядзення будынка для работы людзей з абмежаванымі магчымасцямі наспела ўжо даўно. Прадстаўнікі мясцовай улады, сацыяльнай галіны нашага раёна ў свой час перанялі вопыт работы з інвалідамі ў Германіі. Нягледзячы на фізічныя абмежаванні, людзі з інваліднасцю тут маюць магчымасць працаваць, атрымліваюць за гэта зарплату і тым самым памнажаюць дабрабыт сваёй дзяржавы. Сярод людзей з інваліднасцю, якія пражываюць у нашым раёне, нямала добрых спецыялістаў, выдатных майстроў дэкаратыўна-прыкладной творчасці, што таксама жадаюць працаваць і прыносіць карысць грамадству. Яны ўдзельнічаюць у разнастайных мерапрыемствах, развіваюць свае творчыя здольнасці і імкнуцца ўсюды паспяваць. Пасля адкрыцця Цэнтра працоўнай і сацыяльна-бытавой рэабілітацыі інвалідаў многія з іх будуць забяспечаны працоўнымі месцамі. Жадаючыя змогуць наведваць спартыўную залу, займацца адпаведным відам творчасці або проста праводзіць час за кубачкам кавы з аднадумцамі і сябрамі.
— Будаўніцтва праходзіць у два этапы, — расказвае менеджар праекта МДГА “ЭкаБудаўнік” Валянцін Шакура. — На першым этапе былі знесены старыя памяшканні складоў, падведзены каналізацыя, водаправод, падрыхтавана праектна-каштарысная дакументацыя.
Да работы прыступілі шаснаццаць валанцёраў з Германіі і шэсць — з Беларусі. Разам з імі штодзень на будаўніцтве працуюць наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў. Сярод нашых нямецкіх сяброў шмат спецыялістаў у будаўнічай галіне, вопытных работнікаў. Беларускія валанцёры — студэнты вышэйшых навучальных устаноў, у тым ліку Мінскага лінгвістычнага ўніверсітэта, якія замацоўваюць набытыя веды на практыцы, займаюцца перакладчыцкай справай.
-2-
img_2943…Калі я прыйшла на будоўлю, працоўны дзень набліжаўся да завяршэння. Непадалёк ад будаўнічага аб’екта ўбачыла людзей у рабочай вопратцы.
— Як ідуць справы? — пачынаю размову з майстрам Алегам Бельскім.
— Добра. На сёння свае справы заканчваем, хутка пачнецца адкрыццё першай рабочай змены.
— Мяркую, што гэты будынак — не першы аб’ект, на якім вы працуеце?
— Так. Раней займаўся ўнутранымі работамі, аддзелкай вентфасадаў на буйных аб’ектах, у тым ліку ў гандлёвым цэнтры сталіцы. Затым працаваў майстрам вытворчага навучання Лепельскага аграрна-тэхнічнага каледжа, пазней — майстрам у ЛКУПМС “Лепельскае ПМС”.
Гэты аб’ект узводзіцца з выкарыстаннем тэхналогіі, папулярнай у Германіі. Сцены вырабляюцца з трыснягу і доўгіх драўляных стружак — экалагічна чыстага матэрыялу, дзякуючы якому ў памяшканні заўсёды захоўваецца аптымальная тэмпература.
— Як бачна, будынак вялікі, працаваць прыходзіцца шмат…
— Так, работы хапае. Аднак ніякіх цяжкасцей не заўважаеш, паколькі побач працуюць выдатныя спецыялісты, майстры сваёй справы. Некаторыя працуюць на будаўніцтве не адзін дзясятак год.
Уладзімір Вышыванюк шчыруе ў галіне будаўніцтва з 1997 года.
Пачынаў у Мядзельскім раёне, дзе ў свой час па ініцыятыве нашых нямецкіх партнёраў узводзіліся дамы для перасяленцаў з чарнобыльскай зоны. Практычнага вопыту дастаткова. Асаблівасць гэтага будынка заключаецца ў тым, што дах мае складаную канструкцыю, выкарыстоўваем у рабоце ўсе свае веды і навыкі.
Аляксандр Стадольнік — цясляр ВУП “ЭкаДомБуд”, дзе працуе з 2007 года:
— У свой час быў прэсаўшчыком, займаўся трысняговым уцяпленнем сцен. Працаваў на будаўніцтве сацыяльнага жылля для маладых спецыялістаў, урачэбнай амбулаторыі ў Нясвіжскім раёне, дзіцячага рэабілітацыйна-аздараўленчага цэнтра “Надзея”. Удзельнічаў у будаўніцтве каркасных дамоў у Вілейскім раёне.
Значнага прафесійнага росту дасягнуў і Андрэй Дроздзік, які займаецца будаўнічымі работамі з 1999 года.
— З будаўнічай справай практычна не развітваюся на працягу ўсяго жыцця, — адзначае суразмоўца. — Пачыналі будаўніцтва пасёлка Дружны для перасяленцаў з чарнобыльскай зоны, узводзілі шэраг аб’ектаў у вёсцы Стахаўцы Мядзельскага раёна, ФАП у вёсцы Стары Лепель. Працаваў таксама на аднаўленні ветраэлектрастанцыі ў Дружным, узвядзенні аб’ектаў у Занарачы.
— Напэўна, шмат спецыяльнасцей за гэты час удалося асвоіць?
— Так. Працаваў і арматуршчыкам, і гідраізаліроўшчыкам. Кожны від дзейнасці асвойваецца ў працэсе работы.
Здарылася так, што мая сям’я знаходзілася ў забруджанай радыяцыяй зоне. Калі нямецкімі партнёрамі пачалося будаўніцтва пасёлка для перасяленцаў з чарнобыльскай зоны ў пасёлку Дружны, праводзіўся адбор сем’яў з Брэсцкай вобласці. У іх ліку аказаліся і мы. Разам з астатнімі работнікамі ўдзельнічаў у будаўніцтве новага дома. Так і патрапіў на работу ў ВУП “ЭкаДомБуд”, дзе працую васямнаццаць год.
— Раскажыце, калі ласка, пра вашу сям’ю.
— Мы з жонкай выгадавалі траіх дзяцей. Старэйшаму сыну Дзмітрыю ўжо споўнілася 25 год, дачцэ Кацярыне — 23, а Марыі — дваццаць. Усе набылі жаданыя спецыяльнасці, працуюць.
-3-
Вельмі прыемна, што з кожным годам павялічваецца колькасць новых дамоў для перасяленцаў, пабудаваных па новай тэхналогіі. Упэўнены, што новы Цэнтр працоўнай і сацыяльна-бытавой рэабілітацыі ўпрыгожыць Лепель.
…Наступае доўгачаканы і ўрачысты момант адкрыцця першай рабочай змены. На аб’ект прыехалі намеснікі старшыні райвыканкама Аляксандр Шыдлоўскі і Віктар Азаронак, старшыня Стайскага сельвыканкама Анатоль Залатуха, дырэктар сельскагаспадарчага вытворчага філіяла “Заазер’е” ААТ “Віцебскі мясакамбінат” Алег Данчанка, менеджар праекта МДГА “ЭкаБудаўнік” Валянцін Шакура, прадстаўнікі дабрачыннай арганізацыі “Дамы замест Чарнобыля” Эдэльтрауд Шыл, Крыстаф Шыл і Кай Гертнер. На ўрачыстасць былі запрошаны таксама старшыня Лепельскай раённай арганізацыі ГА “Беларускае таварыства інвалідаў” Вольга Сакалоўская і актывісты арганізацыі, якія прымаюць непасрэдны ўдзел у будаўніцтве.
Крыстаф Шыл — пастаянны госць на Лепельшчыне. Сёлета ён наведаў наш раён у дваццаты раз. Па добрай традыцыі Крыстаф узышоў на будаўнічыя рыштаванні і цёпла прывітаў усіх гасцей:
— Лепельшчына стала для нас, жыхароў Германіі, вельмі дарагім і блізкім месцам. Тут жывуць шчырыя, гасцінныя і вельмі працавітыя людзі. Яркі доказ таму — прыгожыя будынкі дамоў для перасяленцаў, культурна-адукацыйнага цэнтра і ФАПа.
— Няхай жа гэты новы аб’ект стане сапраўдным падарункам для людзей з інваліднасцю, якія тут змогуць адчуць сябе паўнавартаснымі членамі грамадства — працаваць, займацца творчасцю. Няхай жа ўсе нашы планы і задумы абавязкова ажыццявяцца! — ад душы пажадаў майстар Алег Бельскі.
З цёплым прывітаннем да ўсіх гасцей звярнуўся і намеснік старшыні райвыканкама Віктар Азаронак:
— Цэнтр працоўнай і сацыяльна-бытавой рэабілітацыі інвалідаў стане адной з устаноў, якой можна будзе ганарыцца. Кожны з наведвальнікаў тут зможа цікава і карысна праводзіць час. Няхай жа будаўнікам, валанцёрам у гэтай высакароднай справе спадарожнічае толькі поспех!
А якое ж свята без шчодрых пачастункаў, спеваў і жартаў? У выкананні самадзейных артыстаў Лепельскай раённай арганізацыі ГА “Беларускае таварыства інвалідаў па зроку” Дзяніса Аблавушкі, Дзмітрыя Гаўрушына, Валянціны Кісель, Вольгі Сакалоўскай і іншых гучалі песні. Да мілагучных спеваў паступова далучыліся ўсе госці, нашы нямецкія сябры.
Дружна і зладжана пачалося адкрыццё першай працоўнай змены. Кіпіць работа на будоўлі, актыўна працуюць пажылыя і моладзь, бо высакародныя справы заўсёды аб’ядноўваюць.
Святлана ВАЗНЯК.
На здымках: ход будаўніцтва на адкрыцці першай рабочай змены абмяркоўваюць (злева направа) дырэктар СВФ “Заазер’е” ААТ “Віцебскі мясакамбінат” Алег Данчанка, старшыня Стайскага сельвыканкама Анатоль Залатуха, менеджар праекта МДГА “ЭкаБудаўнік” Валянцін Шакура і намеснікі старшыні райвыканкама Аляксандр Шыдлоўскі і Віктар Азаронак; (злева направа) майстар ВУП “ЭкаДомБуд” Алег Бельскі, цесляры Уладзімір Вышыванюк і Аляксандр Стадольнік.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>