А венчает экзотический ансамбль грецкий орех

img_3025Пачну з таго, што ў маіх суседзяў Акуленкаў смачная вада. Сваёй вады дома хапае, часам аж занадта, а вось смачнай — бракуе. Вось і цягаюся з вядром да суседскае студні па ваду есці варыць. І колькі хаджу, столькі і дзіўлюся, бо кожнага разу як усё адно прыходжу на новы дворык.
Сказаць, што суседні двор патанае ў квецені — нічога не сказаць. Гэта не проста квецень, якая сёння адцвіце, а заўтра будзе пуста. Тут асаблівы густ і тонкі разлік. Разлік на тое, каб цвіло і буяла вясной, летам і восенню. Як яшчэ мае суседзі не прыхапілі для кветкавага сезона зімы, але, гледзячы на цяперашнія цёплыя зімы, мусіць, і гэта не за гарамі.
-1-
І як яны ўсё паспяваюць! Гаспадыня Людміла — пенсіянерка. Сям’я яе ўся працуе ў нафтавай прамысловасці на Поўначы, а яна тут сабе гаспадарыць адна за ўсіх. Ну, не зусім каб адна. Засталася ў Беларусі дачка Таццяна. Зараз, праўда, працуе ў Мінску ў Еўраопце, ды часта бывае дома. І сыны бываюць наездамі, асабліва малодшы, Яўген. Як прыедзе дадому — пайшла мужчынская рука па падворку. Весніцы паламаліся — заварыў, машын у яго заўсёды — цэлая аўтамайстэрня. Шустры хлопец! Яшчэ калі падлеткам быў, шустрыў ля тэхнікі.
А жаночая рука на Акуленкавым двары гаспадарыць увесь час. І калі яны, Людміла з Таццянаю, паспяваюць! У хляве вунь парсюк рохкае, індакачак, качак звычайных, курэй не пералічыць. Агарод велізарны з гары паласою аж да возера цягнецца. Дзіва дзіўнае! Каб было ў сутках не дваццаць чатыры гадзіны, а болей, то можна думаць… За гаспадаркаю, за агародам такім іншы б распладзіў пад вокнамі бур’ян, а тут кветкі ўжо з двара палезлі. Месца ім мала на двары, палезлі паціху цугам па вуліцы — і наша вуліца спакваля, хаця і не на ўсім, на жаль, працягу, прыгажэе.
Кветкавым царствам займаюцца ўдзвюх, але кіруе тут, як мне падаецца, дачка. На гэты раз здзівілі мяне вазоны. Прыходжу па ваду — сядзіць Таццяна над вазонам з пэндзлем ды рознакаляровымі фарбамі стварае прыгажосць. А вазон зроблены са звычайнага аўтамабільнага кола.
— Дзе ты, Таня, такое майстэрства пераняла?
— Ды вось, брат стрыечны ідэйку падкінуў, пасля ў інтэрнэт зірнула, а затым Жэня колаў раздабыў.
Каб Жэня-“аўтаслесар” ды не знайшоў колаў! І завалала яго сястра на добрую стваральную справу. А тую справу трэба не ўдваіх, а, можа, учатырох рабіць. Бярэш пакрышку з дыскам. З гладкага боку да ўнутранай шыны робіш паметку, заразаеш вострым нажом. Самае цяжкае — вывернуць гуму, тут не жаночыя — мужчынскія рукі патрэбны, і не адны. Загарэлася Таццяна гэтай ідэяй — і да канца яе ажыццявіла. Дворык зараз літаральна ўстаўлены аўтавазонамі Таццянінай архітэктуры. Зразумела, у кожным вазоне ўжо растуць пышныя кветкі.
Мора кветак — рамонкі, гартэнзія, ружы, цюльпаны, півоні, вяргіні… А колькі яшчэ такіх, што гаспадары і самі назваў не ведаюць.
Дзе бяруць? Шматлетнікі ўсе свае, множацца штогод, вось і цесна ім у дворыку, і пайшлі гуляць па ўсёй вуліцы. Да таго ж Людміла з базару ніколі не вяртаецца без новых саджанцаў. Што можна не купіць, а кветкі — святое.
Вінаград дружна аплёў вялікія дугі, утварыўшы прасторную жывую альтанку. Там свабодна змяшчаецца стол, і там яны ладзяць усе свае сямейныя размовы ды ўрачыстасці. Побач расце сумах — так званае “воцатнае дрэва”, чые прыгожыя буйныя шышкі радуюць хараством асабліва тады, калі ўжо адцвіце ўсё іншае. Ружы стаяць як маякі — бардовая, жоўтая, белая, крэмавая, а таксама пляцістыя. Далей Таццяна арганізавала міні-гадавальнік, дзе наўпрост з галінак вырашыла вырасціць туі. Раз у чатыры дні іх палівае, зямлю рыхліць — прыжыліся чатыры туйкі.
-2-
img_3017А вянчае экзатычны ансамбль грэцкі арэх. Таксама набылі на рынку саджанец і, хаця той пакуль маленькі, ужо неўзабаве разлічваюць на ўраджай.
Ну, а пакуль што ўраджай сабралі з клубніц ды, не паверыце, каля пяці вядзёр вялікіх з аднае фактычна градкі. Тут ужо, па клубніцах, Таццяна — сапраўдны лідар і спецыяліст. Пералічвае мне на пальцах:
— Ампельныя, садовыя, рэмадантныя, проста нашы, яшчэ стайго, старога гатунку, акрамя таго, суніцы — лясныя, садовыя…
Наварылі варэння, намарозілі, елі, колькі хацелі. Яшчэ і зараз, хаця ўжо і адышлі, сям-там чырванеюць сакаўныя апетытныя ягадкі. А як жа па-іншаму? Жыць у вёсцы і ягадзіны не з’есці?
Што ні кажы, а з суседзямі мне пашанцавала. Добрыя суседзі, як добрая радня. Сваякі, бывае, далёка і не дабягуць, а сусед заўсёды побач, перад вачыма. Часцей, на ўсё жыццё. І шчасце, калі з суседзямі дзеліш не пустазелле і бур’ян, а кветкі і радасць стварэння ўтульнасці ды хараства. Нам жа разам тут, на гэтай зямлі, жыць. Дык чаму ж яе не зрабіць такой, каб кожнаму з нас жылося хораша і прыгожа!
Уладзімір МІХНО.
На здымках: Таццяна ля вазонаў уласнай архітэктуры; Людміла — гаспадыня альтанкі і рамонак.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>