Завершилась научная археологическая экспедиция на Лепельщине

qwqad_sgknoРазведка
Нядаўна завяршылася навуковая археалагічная экспедыцыя на Лепельшчыне. Каля вёскі Бабча 40 школьнікаў пад кіраўніцтвам навуковага супрацоўніка інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Марата Клімава ў самым літаральным сэнсе сваімі рукамі мацалі гісторыю. Першымі памочнікамі былі настаўнікі Валерый Тухта і Вольга Бабаед з Слабадской сярэдняй школы, а таксама Наталля Драздовіч і Таццяна Сільвановіч, якія працуюць у гімназіі імя І.Ерашова.
Месца для раскопак было выбрана па выніках археалагічнай разведкі вакол азёр Кабак і Бабчанскае яшчэ ўвесну, аб чым, дарэчы, паведамляла наша газета №34 за 28 красавіка. Пад час разведкі былі знойдзены некалькі фрагментаў керамічных вырабаў — вечкі старажытных гаршкоў, якія дазвалялі датаваць старажытныя паселішчы прыблізна Х —ХІІІ стагоддзямі.
— Былі тады знойдзены і два ўнікальных артэфакта, якія выбіваліся з агульнай карціны, — успамінае Валерый Тухта. — Прасліца, зробленае з шыферу. Звычайна ў нашых мясцінах такія рэчы рабіліся з гліны. Шыферны выраб — імпарт, які даказвае наяўнасць гандлёвых сувязяў з далёкімі краінамі. Натуральны шыфер здабываўся і апрацоўваўся, напрыклад, на Каўказе. Дарэчы, у Беларусі дорага цаніўся. Другая знаходка — наканечнік стралы, зроблены з крэменю, адносіцца ўвогуле да іншай гістарычнай эпохі — ІІ тысячагоддзя да новай эры. У любым выпадку ўсе знойдзеныя рэчы паказвалі, што шукаць старажытнае паселішча трэба на заходнім беразе возера Бабчанскае.

fdmbaf89j9uВаланцёрскі
прызыў
Валерый Тухта мае багаты досвед удзелу ў археалагічных раскопках, таму ўзяўся за работу з поўным веданнем справы.
— Сёлетняя экспедыцыя стала другой па маштабнасці і колькасці ўдзельнікаў. Падобнае мерапрыемства праводзілася летась ва ўрочышчы Дубавец, што за Верабкамі. Мінулагоднія раскопкі сталі, так бы мовіць, пробным каменем. Да таго ў археалагічных экспедыцыях нашы дзеці ўдзельнічалі нячаста, эпізадычна. На лета 2016 года заставаліся чатыры-пяць школьнікаў, якія мелі археалагічны вопыт. Астатнія ж выраслі, раз’ехаліся, паступілі ў навучальныя ўстановы, былі прызваны на службу ў войска. Тыя хлопцы і сталі першым касцяком, асновай экспедыцыі. Праз Дубавец прайшло каля паўсотні падлеткаў, якія пазнаёміліся з навукай, навуковым падыходам і метадамі. А ўжо сёлета каля 80 працэнтаў удзельнікаў бабчанскай экспедыцыі былі колішнімі археолагамі Дубаўца. Іх ужо не трэба было вучыць, як правільна капаць, шукаць артэфакты. Яны самі вучылі навічкоў.
— Як шукалі валанцёраў-добраахвотнікаў?
— Як і ў мінулым годзе, звярнуліся да настаўнікаў гісторыі. Акрамя таго, захаваліся каардынаты большасці ўдзельнікаў леташняй экспедыцыі, іх нумары мабільных тэлефонаў, адрасы электроннай пошты. Дзеці, якія летась былі ў Дубаўцы, сёлета паклікалі малодшых братоў і сясцёр. Напрыклад, следам за Раманам Сільвановічам з Лепеля сёлета прыехаў і яго брат Арцём, Іван Матырка са Стаяў прывёз і сястру Насту. У першыя дзень-два старэйшыя вучылі малодшых, а потым тыя сталі капаць як сапраўдныя археолагі. Прыехалі і дзеці з больш далёкіх куткоў. Напрыклад, Вераніка Клундук — з Наваполацка. Яна і летась удзельнічала ў экспедыцыі. Аня Калядка прыехала з Глыбокага, а Крысціна Маркава — ажно з Прагі. Дзяўчынка з бацькамі жыве ў сталіцы Чэхіі, на канікулы прыехала ў госці да бабулі ў Бабчу — адтуль і далучылася да экспедыцыі. Узрост юных археолагаў быў разнастайны. Асноўнай ударнай сілай, вядома, сталі вучні сярэдніх і старэйшых класаў, але побач з імі шчыравалі і васьмёра пачаткоўцаў.

zp2webx9zciПадрыхтоўчы этап
Археалагічная экспедыцыя ўмоўна раздзяляецца на два этапы — падрыхтоўку і археалагічныя раскопкі. Прычым першы, як правіла, больш важны. Загадзя на месца прыбыла першая група ўдзельнікаў, якіх Валерый назваў тылавікамі. Іх задачай стала абуладкаванне месца стаянкі.
Выдзелілі і абуладкавалі месцы для палатак, зладзілі кухню і сталоўку, павесілі імправізаваныя ўмывальнікі і абавязкова зрабілі прыбіральню. Былі наладжаны збор і ўтылізацыя смецця. Адходы збіраліся ў поліэтыленавыя пакеты, кожны дзень адвозіліся ў бліжэйшую вёску Бабча і выкідваліся ў смеццязборныя кантэйнеры. Ваду для мыцця посуду чэрпалі ў возеры, а для гатавання ежы — прывозілі з Курмялёўкі, з былой панскай крыніцы.
— За некалькі дзён да пачатку экспедыцыі ўсім дзецям, іх бацькам разаслаў памяткі, што і колькі трэба браць з сабой, — успамінае Валерый Тухта. — У заплечнік рэкамендавалі класці зменную вопратку, абутак, шкарпэткі, бялізну і крыху ежы. На прадукты сабралі грошы загадзя. Пісаў, каб бралі з сабой турыстычныя дыванкі і спальныя мяхі. І абавязкова — зараджалі мабільнікі. Самымі экіпіраванымі аказаліся браты Раман і Арцём Сільвановічы.

У раскопе і шурфах
Уласна раскопкі праходзілі даволі цяжка. З аднаго боку, надвор’е не вельмі радавала яснымі і сонечнымі днямі. Раз-пораз з неба імжыла, дзеці захіналіся ў поліэтыленавыя плашчы і накідкі, абувалі гумавыя боты. Аднак непасрэдна ў час капання здараліся неверагодныя цуды, і дожджык прыпыняўся. З іншага боку, адсутнасць спёкі і духаты ўспрымалася таксама як значны плюс.
Заклалі адзін раскоп памерамі чатыры на шэсць метраў — у ім і праходзіла асноўная праца. А непадалёк выкапалі яшчэ два разведвальныя шурфы па адным квадратным метры, каб паглядзець, пераканацца ў правільнасці выбару.
Спачатку знялі верхні слой каля 10-12 сантыметраў — так званыя наносы. А далей пайшоў 70-сантыметровы культурны пласт, які археолагі здымалі акуратна, слой за слоем.
Звычайна на былых паселішчах зямля чарназёмная, урадлівая, рыхлая, капаецца лёгка як вялікай рыдлёўкай, так і маленькай кельмай. Аднак у паселішчы каля Бабчы сітуацыя была крыху іншая: чарназём быў настолькі сціснуты, спрэсаваны, што рыдлёўка з цяжкасцю ў яго заходзіла, адкалупваць даводзілася па маленькім каменьчыку. Марат Клімаў у сувязі з гэтым прыйшоў да высновы:
— Па Беларусі дзесьці да XV — XVIII стагоддзя, а ў пэўных мясцовасцях і пазней, людзі амаль не карысталіся студнямі. Сяліліся звычайна па берагах рэк, азёр і бралі ваду з вадаёмаў. Значна пазней сталі капаць калодзежы. У дадзеным выпадку назіраем такую ж карціну: паселішча размяшчалася на самым беразе возера. Паводле знаходак, датуем яго Х — ХІІ стагоддзямі. У ХІІІ стагоддзі адбылася змяненне клімату, якое прывяло да павышэння ўзроўню вады ў азёрах і рэках. Старажытную вёску заліло, людзі перабраліся і сталі будавацца вышэй, на месцы сучаснай вёскі. Праз стагоддзе-другое возера вярнулася ў свае берагі, але жыхары ўжо не сыходзілі з абжытых месцаў. За гэты час вада ўшчыльніла грунт, спрасавала яго — вось чаму цяжка было капаць.
Варта зазначыць, што бабчанская зямля на індывідуальныя знаходкі не была шчодрай. Часцей трапляліся фрагменты керамікі, асколкі гаршкоў і місак. Дзеці жартавалі, маўляў, там жылі сем’і, якія часта сварыліся і ў час спрэчак білі гліняны посуд. Хлопчыкі знайшлі некалькі крамянёвых адшчэпаў — прылад працы ранніх эпох. З дапамогай металашукальніка быў знойдзены фрагмент восцяў — старажытнай рыбалоўнай прылады. А Наста Матырка знайшла невялікі жалезны нож.
У раскопе таксама былі знойдзены сляды старажытнай печы. Дакладней, вогнішча, бо ў тыя далёкія часіны людзі не ладзілі печаў з комінамі. Замест гэтага ў хаце было вогнішча, складзенае з камянёў, якое ацяпляла будынак па-чорнаму. Ад колішняга вогнішча на бабчанскім паселішчы засталіся камяні, змацаваныя глінай, і тоўсты, да 80 сантыметраў, слой попелу.

zj-fegf1zomКультурная праграма
Разам з тым для юных валанцёраў арганізатары прыдумалі цэлую праграму, каб яны займаліся не толькі працай і навукай, а і забаўляліся. Як гэта — жыць на беразе возера некалькі дзён і не пакупацца? Дарослыя гэта разумелі, таму было арганізавана купанне. У абавязковым парадку аматары водных працэдур апраналі выратавальныя камізэлькі, бо, па словах Валерыя Тухты, спачатку бераг ад урэзу вады спадзісты, а потым — глыбіня вышэй галавы.
Былі наладжаны і забавы, аднак самай запамінальнай стала культурная праграма. Экспедыцыя была разлічана на пяць дзён актыўных раскопак — кожны дзень, дакладней, вечар арганізоўвалася пэўнае культурнае мерапрыемства. У панядзелак у госці прыбыла бард Таццяна Матафонава-Грыневіч. У Бабчу яна прывезла выступленне-інтэрактыў, каб прысутныя сталі ўдзельнікамі дзеі. Віктарыны, сумесныя спевы, гульні — прадстаўленне доўжылася больш за дзве гадзіны.
У аўторак гасцявалі галоўны рэдактар часопіса ARCHE Валер Булгакаў і гісторык Алесь Пашкевіч. ARCHE — гістарычны часопіс, дзе змяшчаюцца публікацыі навукоўцаў, справаздачы аб археалагічных і этнаграфічных экспедыцыях, публікуюцца архіўныя дакументы, хронікі і летапісы. Таму ў той вечар сустрэліся калегі старэйшых і малодшых пакаленняў. Сталыя навукоўцы у цікавай форме расказалі пра гістарычную навуку, яе крыніцы. Тут жа прадэманстравалі апошнія навінкі кнігавыдання гістарычнай літаратуры.
А ў сераду на месца раскопак завітаў гурт “Рэха”! Рок-гурт Андруся Такінданга — чарговы госць экспедыцыі, парадаваў археолагаў сваім выступленнем. Саліст Андрусь валодае непераўзыдзеным абаяннем, уменнем завесці публіку, перадаць ёй пазітыўны, драйвовы настрой. Нават самым панурым і стомленым цяжкай працай людзям. Назаўтра, седзячы ў раскопе і прасейваючы зямлю, дзеці напявалі Андрусёвы “Ровар-мэн” і “Трэнд-трэнд-трэнд, беларускі брэнд”.
А ў чацвер адбылося Купалле, якое арганізатары імкнуліся наладзіць як мага бліжэй да старажытнага канону. Карагоды, вогнішча ад крэсіва, народныя танцы, скокі праз агонь, пусканне вянкоў на ваду — дзея закончылася толькі тады, калі першыя промні сонца заззялі на ўсходзе.
А ў пятніцу раскопкі завяршыліся, мацерыковы грунт у раскопе і шурфах быў зачышчаны, знаходкі — сабраны і спакаваны для перавозкі ў інстытут гісторыі. За большасцю дзяцей прыехалі бацькі. Апошнія ўдзельнікі экспедыцыі, прыбраўшы за сабой, пакінулі месца стаянкі ў суботу.

Падводзім вынікі
Хаця на фактычныя, індывідуальныя знаходкі Бабчанскае паселішча не было багатым, яно самім фактам свайго існавання дае пацвярджэнне наяўнасці сістэмы засялення паўночна-ўсходняй часткі Беларусі. У Х — ХІІІ стагоддзях на Лепельшчыне і ў навакольных рэгіёнах па берагах рэк і азёр існавала сістэма паселішчаў, якія пры гэтым не былі ізаляванымі адно ад аднаго, а актыўна ўзаемадзейнічалі, абменьваліся, гандлявалі паміж сабой.
Для школьнікаў удзел у экспедыцыі стаў прыгодай, якая запомніцца на ўсё жыццё. Гэта і дакрананне да навукі, і жыццё ў палатках, і барацьба супраць непагадзі, і разам з тым — новыя сябры. Сёлета, як і летась, усім удзельнікам экспедыцыі былі ўручаны імянныя майкі з дэвізам — радком Янкі Купалы: “Мы ідзём у сонцы з сонцам маладым паходам, слава Бацькаўшчыне нашай і яе народам!”. Гэта майка стала для падлеткаў сімвалам дакранання да вялікай справы.
С. БАЗЫЛЬ.
На здымках: эпізоды раскопак.
Фота з архіва археалагічнай экспедыцыі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>