В школу, так сложилось, не ходила, не до того было

img_3079Чарговай нагодай для сумеснага выезду работнікаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, прадстаўнікоў улады, супрацоўнікаў міліцыі стала вельмі добрая падзея — Аляксандры Дзмітрыеўне Семянько споўнілася 100 гадоў!
— У раёне было два чалавекі, якія перакрочылі 100-гадовую мяжу. Гэта Праскоўя Васільеўна Махонь з Домжарыцаў, якая цяпер жыве ў аддзяленні кругласутачнага знаходжання састарэлых “Святліца”, і Ірына Ігнатаўна Клачок з Ворані. А цяпер вось і Аляксандра Дзмітрыеўна дасягнула гэтага паважанага ўзросту. Усе ветэраны працы ў нас на ўліку, пастаянна цікавімся іх справамі, станам здароўя. Таму з нецярпеннем чакалі і сённяшняга дня, калі з поўным правам паедзем віншаваць яшчэ адну векавую юбілярку, — кажа старшыня раённага савета ветэранаў Васіль Майзус.
Аляксандра Дзмітрыеўна амаль усё жыццё пражыла ў Горках, там прапісаная і цяпер. Таму ў складзе прадстаўнічай дэлегацыі прыехаў і старшыня Горскага сельвыканкама Васіль Бадзяй. Аднак апошнія гады жанчына жыве разам з дачкой і зяцем у Камені.
-1-
Сустрэла нас прыгожая, абуладкаваная сядзіба, за кветнікамі выглядалі два парнікі, да дома вяла дарожка, выкладзеная дошчачкамі. Жывуць тут Віктар і Валянціна Папко. Віктар добра знаёмы, пастаянны ўдзельнік мастацкай самадзейнасці, спявак, артыст, а яшчэ і спартсмен, двухпудовую гіру падкідвае як пушынку. Валянціна, больш сціплая, за ім, як за каменным мурам. А з некаторага часу тут жыве і Аляксандра Дзмітрыеўна Семянько, маці Валянціны. Віктар, дарэчы, і сам з цеплынёй называе яе мамай.
Юбілярка ў той час сядзела ў пакоі, глядзела тэлевізар. Хаця і папярэджвалі, што прыедуць віншаваць, але шчыра здзівілася, як шмат гасцей прыбыло. З радасцю слухала словы віншаванняў, прымала кветкі ад Васіля Бадзяя. А начальнік аддзялення па грамадзянстве і міграцыі РАУС Васіль Сушко ўрачыста ўручыў юбілярцы новы пашпарт. Усе разам пажадалі ёй моцнага здароўя і сустрэцца на новай замене пашпарта — праз дзесяць гадоў.
-2-
Крыху пазней за кубачкам гарбаты мы разгаварыліся.
— Мой тата Дзмітрый і мама Пелагея Трубекі жылі ў вёсцы Гарадзінец. Дзяцінства я памятаю мала. Крыху помню, як тата хадзіў працаваць на будоўлю чыгункі Орша — Лепель. У сярэдзіне 1920-ых гадоў пачалі будаваць 116-ты кіламетр, будучы ваенны гарадок Заслонава. Частку земляў Гарадзінца забралі пад яго, тады наша сям’я і перабралася ў Горкі.
Тата быў на ўсе рукі майстар, асабліва ўмела апрацоўваў скуры, шыў з іх кажухі, рабіў абутак. Быў непераўзыдзеным бондарам, рабіў драўляны посуд. Маці ж шыла, абшывала ўсю сям’ю.
— Раскажыце крыху пра жыццё ў тыя часы.
— Хаця і працавалі шмат, але скажу шчыра, што жылі нашмат весялей, чым цяпер. Памятаю, вячоркі рэгулярна ладзіліся па хатах, моладзь збіралася. Танцавалі падыспань, падыстэп, кадрылю. А калі ўжо польку ўрэжуць, адбівалі ўсе абцасы. Назаўтра толькі абутак бацьку неслі, каб падрамантаваў. Жаніцьбу Цярэшкі абавязкова ладзілі. Хлопцы з дзяўчатамі пары выберуць, а потым танцуюць ледзьве не да золаку. А праз некаторы час глядзіш — і пажэняцца. Ды з замужжам і нараджэннем дзяцей не спяшаліся. Дзяўчаты выходзілі замуж і нараджалі дзяцей ва ўзросце каля 24-26 гадоў, хлопцы жаніліся каля 30.
— Калектывізацыю памятаеце?
— Не вельмі. Маладая была. Ды і сям’я наша ў калгасе не працавала. Больш завіхаліся на будоўлях. Я, напрыклад, будавала казармы, жылыя дамы на 116-ым кіламетры, корпусы ваеннага санаторыя, Дом афіцэраў у Бароўцы. Некаторы час працавала на рамонце дарогі Мінск — Віцебск, на адрэзку каля Старога Лядна, на конскім возе падвозіла жвір, каменне.
-3-
— А дзе вы вучыліся?
— У школу, так склалася, я не хадзіла, не да таго было. Ужо пазней я наведвала лікбез.
Гэтыя словы выклікалі ў мяне пэўны шок. Я бачу і гавару з жывым сведкам, удзельнікам той славутай маштабнай кампаніі! Сучасная моладзь не ведае, для іх крыху растлумачу. У ХХ стагоддзе Расійская імперыя, а затым і Савецкі Саюз увайшлі з малапісьменным насельніцтвам, многія не ўмелі ні чытаць, ні пісаць. А на вёсцы ж непісьменнасць была амаль пагалоўная. Савецкая ўлада ў канцы 1920-ых гадоў паставіла задачу — за кароткі тэрмін, не больш, як за пяцігодку, карэнным чынам выправіць сітуацыю. Кампанію назвалі “ликвидация безграмотности — скарочана ликбез”. Да гэтай справы прыцягваліся ўсе, хто меў хоць якуюсьці адукацыю. За партамі побач з падлеткамі сядалі і асвойвалі пісьменства мужчыны і жанчыны. І задача была вырашана — за адведзены тэрмін непісьменнасць была цалкам ліквідавана. Ужо напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны непісьменных людзей у БССР заставаліся лічаныя адзінкі, уся моладзь, дзеці, падлеткі былі ахоплены школьнай пачатковай, а затым і сярэдняй адукацыяй.
— У Горках пад лікбез выдзелілі хату, — усамінае Аляксандра Дзмітрыеўна. — Днём настаўнікі вучылі дзяцей у школе, а па вечарах прыходзілі і навучалі пісьменнасці дарослых. Я з таго часу хаця і ўмею чытаць і пісаць, але дзе правільна мяккі знак паставіць, не ведаю.
І рассмяялася.
Часы акупацыі Аляксандра Дзмітрыеўна ўспамінаць не любіць, відаць, шмат нацярпелася страху, як і ўсе беларусы.
-4-
Пасля вайны сустрэлася з Іванам Семянько, за яго і выйшла замуж. Пра гэты этап жыцця мамы распавяла дачка Валянціна:
— Тата да сустрэчы з мамай быў жанаты і аўдавеў. Першая жонка памерла, пакінула яму траіх сыноў: Мішу, Валодзю і Колю, якому на той час споўнілася толькі паўтара месяца. Мама іх прыняла і выхавала як сваіх. А разам нарадзілі і вырасцілі яшчэ пецярых — сына Васю, дачок Зіну, Ніну, мяне і Ларысу. Калі ўнукі і праўнукі з’язджаюцца сюды, цесна робіцца ў хаце.
Апошнія гады працоўнага жыцця Аляксандры Семянько прайшлі ў калгасе “Парыжская камуна”, была ў паляводчай брыгадзе. Адтуль і пайшла на пенсію. Успамінае пра гэты час:
— Лён быў самай прыбытковай для нас культурай. За яго плацілі вялікія грошы, той, хто працаваў на льне, добра зарабляў. Хаця і працы ручной вельмі шмат было: даводзілася рваць лён, часаць яго, аддзяляючы ад сцяблоў галоўкі з насеннем. Затое і заробак быў нашмат большы, чым на якіх-небудзь бураках. Яшчэ, памятаю, да касьбы было надзвычай паважлівае стаўленне. На працу імкнуліся апрануць усё самае лепшае. Адзенне рабілі з даматканага палатна, якое дадаткова выбельвалі. Калі жонка старанная, то мужчына-касец кожны дзень выходзіў ва ўсім белым.
* * *
Цяпер стогадовай юбілярцы кожны месяц да пенсіі будзе выплочвацца дабаўка ў пяць базавых велічынь — істотны даважак да пенсіі ў 300 рублёў.
— Мама вельмі добра трымаецца, — кажа Валянціна, — шмат у чым сама сябе абслугоўвае. Хадзіць, праўда, ёй цяжка. Затое слых, зрок амаль захаваліся. Мне нітку ў іголку ўвесці праблемна, а яна гэта робіць з лёгкасцю. Ды і розум светлы. З зяцем Віктарам у яе цудоўныя ўзаемаадносіны. Муж, як чымсьці займаецца па гаспадарцы, любіць напяваць, а маме падабаецца слухаць. Калі яго няма, пытаецца: “Чаму Віці не чуваць? Пайшоў кудысьці?”.
На развітанне не ўтрымаўся і задаў пытанне:
— Аляксандра Дзмітрыеўна, раскажыце, як вам удалося дажыць да 100 год? У чым сакрэт?
— Мая ты дзетачка! Няма ніякага сакрэту! — рассмяялася бабуля Аляксандра. — Жыла сумленна і працавала шчыра — вось і ўсё.
Васіль МАТЫРКА.
На здымку: Аляксандра Дзмітрыеўна Семянько з дачкой Валянцінай.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>