Извечная купальская песня

_dsc0453Разам з раённым Купаллем у розных кутках Лепельшчыны ноч з шостага на сёмага ліпеня асвяцілася полымем вогнішчаў, паветра напоўнілася гукамі музыкі і песень. Аўтару ўдалося пабываць, напэўна, на самым аўтэнтычным свяце, якое было максімальна набліжана да старажытнага канону — парадку, якога прытрымліваліся нашы продкі пры святкаванні Купалля тысячу гадоў таму. Адбылася падзея непадалёк ад вёскі Бабча, на беразе аднайменнага возера.

Непадалёк ад месца народнага гуляння знаходзіцца старажытнае паселішча. Сёлета на яго даследаванне накіравана археалагічная экспедыцыя на чале з навуковым супрацоўнікам Нацыянальнай акадэміі навук Маратам Клімавым. Навукоўцу на валанцёрскіх пачатках актыўна дапамагаюць аматар-краязнаўца з Велеўшчыны Валерый Тухта, настаўніца гімназіі Наталля Драздовіч і вучні розных школ раёна. Для іх і было арганізавана свята, каб наглядна паказаць традыцыі нашых продкаў.
-1-
У першую чаргу, адмовіліся ад выкарыстання ў якасці паліва старых адпрацаваных пакрышак. У рытуальным вогнішчы павінна быць толькі дрэва, а для распальвання — сухі мох, трава! У цэнтры канструкцыі ўстанавілі высокую жэрдку з колам як сімвал Сонца — усемагутнага бога старажытных беларусаў, які дае жыццё і сілы. Хлопцы, удзельнікі археалагічнай экспедыцыі, распавядалі, што амаль палову дня займаліся збіраннем паліва, вырабам кола і складваннем вогнішча. Дзяўчаты ж у гэты час запляталі вянкі, балазе, кветак на навакольных лугах цвіце мноства.
-2-
_dsc0579Увечары да бабчанскага Купалля далучыліся некалькі дзясяткаў адпачывальнікаў, якія жылі ў палатках на беразе возера. Прыехалі аматары этнаграфіі і фальклору з Лепеля, падышло некалькі мясцовых жыхароў. На свята да дзяцей прыехалі і некаторыя бацькі. Адным словам, кампанія сабралася — каля ста чалавек.
Калі сонца схілілася да захаду, пачалася рытуальная дзея. Памыўшы рукі азёрнай вадою, удзельнікі свята ўзяліся за рукі і ланцужком рушылі да вогнішча, павялі вакол карагод. Купальскія песні спявалі лепельскія аматары народнай творчасці Уладзімір Крыцкі, Васіль Хацкевіч і Наталля Мірановіч.
Між тым ВасільХацкевіч, аматар фальклору і народных традыцый, узяўся распальваць агонь. Купальскае вогнішча магічнае, сакральнае. Таму ніяк нельга запальваць яго запальнічкай ці запалкамі, тым больш недапушчальнае выкарыстанне бензіну ці вадкасці для распальвання. Толькі крэсіва! Толькі сухі мох і трава! Таму з непрывычкі давялося павазіцца. Аднак неўзабаве кволы агеньчык заскакаў і хутка разросся ў полымя, якое шугала ўверх, асвятляючы і саграваючы ўсіх навокал.
-3-
Карагод з песнямі вадзілі да таго часу, пакуль, падгарэўшы, не абрынулася на зямлю жэрдка з колам-Сонцам. У гэтым таксама быў магічны знак. Чым бліжэй ад удзельніка карагоду ўпадзе кола, тым больш яму на працягу бліжэйшага года будзе шчасціць. Яго абавязкова напаткае ўдача, будуць заўсёды побач моцнае здароўе, лад у сям’і, усе планы і задумы рэалізуюцца найлепшым чынам. Таму не дзіўна, што хлопцы і дзяўчаты з цікавасцю назіралі, у які ж бок пачне хіліцца жардзіна, якая падгарэла.
Затым надышла чарга танцаў! Падыспань, кракавяк, базар змянялі адзін аднаго так, што ўдзельнікі ледзьве паспявалі перавесці дух. І не важна, што большая частка ўдзельнікаў не ведала, як правільна весці танцы. Глядзелі адзін на аднаго, вучыліся, тут жа асвойвалі і, нарэшце, разам прытопвалі. А калі раптам і збіваліся з рытму, то ўспрымалася гэта як шыкоўная імправізацыя.
Віктар і Таццяна Сільвановічы прыехалі ў госці да сваіх сыноў Рамана і Арцёма, якія ўдзельнічаюць у археалагічнай экспедыцыі, а трапілі на вясёлае свята. З імпэтам танцавалі яны польку і кадрылю, хаця да гэтага дня, прызналіся, ні разу не выконвалі народных танцаў. А вось Іван Матырка са Стай некалькі гадоў займаўся ў дзіцячым фальклорным калектыве “Сунічкі”, яму ўсе танцы даўно знаёмыя, таму хлопец стаў для дарослых настаўнікам.
Ледзьве не забыўся пра музыкаў! Музычнае суправаджэнне танцаў ладзілі Васіль Шкіндзер (дуда, скрыпка) і Анатоль Цялятка (бубен).
Бліжэй да апоўначы, калі ўжо ладна сцямнела, удзельнікі свята пабачылі фаер-шоу. Аляксей Александровіч, Аляксандра Ампілогава, Юлія Кравец і Насця Коўзель ужо больш за год займаюцца гэтым відам мастацтваў. Дасягнулі пэўных вынікаў, напрацавалі некаторы вопыт, якім дзеляцца з гледачамі. Вогненныя шары і маланкі лёталі па самых неверагодных траекторыях, уражваючы гледачоў, якія апладысментамі і воклічамі “Брава!” дзякавалі артыстам. Гэта падалося нават крыху сімвалічным — вогненнае шоу на свяце Сонца і Агню.
Завяршылася бабчанскае Купалле традыцыйнымі скокамі праз вогнішча і пусканнем вянкоў на ваду. Дзяўчаты загадвалі жаданні. Спытаўся, якія — ніводная не адказала. Толькі стрымана ўсміхаліся.
_dsc0553 _dsc0517 _dsc0445 _dsc0443 _dsc0408 _dsc0407 _dsc0406С. БАЗЫЛЬ.
На здымках: моманты свята.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>