В 1579 году крепость была взята войсками Речи Посполитой и дотла разрушена

146Вёска Суша размешчана паміж азёрамі Цеменіца і Астраўкі, за 33 кіламетры на паўночны ўсход ад горада Лепеля. Населены пункт упершыню ўпамінаецца ў пісьмовых крыніцах з XVI стагоддзя, калі ўваходзіў у склад Вялікага Княства Літоўскага, а з 1569 года — Рэчы Паспалітай. Падчас Лівонскай вайны (1558 —1583 гады) на месцы цяперашняй Сушы па загаду расійскага цара Івана IV Грознага была пабудавана крэпасць Кап’ё, у якой да 1579 года знаходзіўся гарнізон расійскіх войскаў. У 1567 і 1579 гадах пад сценамі гэтага магутнага абарончага ўмацавання адбываліся жорсткія баі паміж Рэччу Паспалітай і Расіяй.
У 1579 годзе крэпасць была ўзята войскамі Рэчы Паспалітай і дашчэнту разбурана нашымі продкамі. Захаваліся толькі рэшткі абарончых валоў XVI стагоддзя.
Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 годзе паселішча апынулася ў складзе Расіі і было вядомае па архіўных звестках як вёска Суша Каменскай воласці Лепельскага павета Віцебскай губерні, уласнасць Багдановічаў. У 1886 годзе ў населеным пункце працаваў вінакурны завод. У 1906 годзе ў Сушы налічвалася 37 двароў і 285 жыхароў.
Сумежна з гэтай вёскай размяшчаўся населены пункт Двор Суша — маёнтак Корсакаў Каменскай воласці Лепельскага павета. У пачатку XX стагоддзя тут налічвалася два двары і 19 жыхароў. У 1997 годзе ў Двор Сушы было 44 падвор’і і 78 жыхароў. Зараз у гэтым населеным пункце маецца 25 падвор’яў і зарэгістраваны як пастаянныя жыхары 58 чалавек.
Ужо на самым уездзе ў Двор Сушу ўражваюць сваім прыгожым, гарманічным выглядам тры вялікія капітальныя збудаванні, сцены якіх зладкаваны з рознакаляровых, абчасаных камянёў, старанна ўкладзеных роўнымі радамі па ўсім перыметры пабудоў і трывала зацэментаваных умелымі, руплівымі рукамі народных майстроў. Прытым два будынкі размешчаны зусім побач, праз дарогу, а трэці — крыху воддаль, за некалькі соцень метраў.
Патэлефанаваў дырэктару ДУК “Лепельскі раённы краязнаўчы музей” Аліне Стэльмах, каб даведацца, калі былі ўзведзены гэтыя адметныя, своеасаблівыя старадаўнія збудаванні.
— Гэтыя будынкі датуюцца XIX — пачаткам XX стагоддзя, — паведаміла Аліна Уладзіміраўна. — Хутчэй за ўсё іх пабудавалі тыя ж самыя народныя майстры, што шчыравалі і на ўзвядзенні падобных прыгожых і надзвычай трывалых каменных сцен у Двор Таронкавічах Валосавіцкага сельсавета. Такія надзейныя пабудовы былі поўнасцю застрахаваны ад магчымасці разбурэння нават у выпадку шматгадовага шкоднага ўздзеяння вільгаці, моцных вятроў, зімовых халадоў і летняй спёкі. Узводзіліся перш за ўсё для гаспадарчых патрэб.
Цікава было даведацца, як гэтыя будынкі ў вёсцы Двор Суша выкарыстоўваліся ў адносна недалёкім мінулым, напрыклад, у 70-я і 80-я гады XX стагоддзя. На вясковай вуліцы напаткаў мясцовага жыхара Сяргея Гладыша.
— Старажылы расказвалі, што ў адным з гэтых будынкаў раней была канюшня, а ў другім — млын, — сказаў Сяргей Сяргеевіч. — Не выпадкова таму на двух з трох гэтых будынкаў па-ранейшаму захоўваюцца шыферныя дахі і яны маюць пакуль што даволі добры, прэзентабельны выгляд.
Разам з суразмоўцам наблізіліся да адной з гэтых пабудоў. Праём дзвярэй аказаўся высокі і шырокі, у які нават у выпадку неабходнасці магла заехаць конная фурманка.
Калі ж на развітанне вырашыў сфатаграфаваць Сяргеея Гладыша на фоне такога надзвычай ладнага, эфектнага будынка, зробленага з прыгожых рознакаляровых камянёў, з тым разлікам, каб у кадр трапіла ўсё збудаванне разам з шыферным дахам, давялося ад яго адысці на некалькі дзясяткаў метраў.
Мікалай ГАРБАЧОЎ.
На здымку: Сяргей Гладыш каля старадаўняга будынка ў Двор Сушы.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>