Как важно человеку хотя бы иногда возвращаться в детство

img_2462 Зямля круглая… Можаце сабе ўявіць ваша пачуццё, калі вы размаўляеце з незнаёмым чалавекам, і раптам вам кажуць, што вы… знаёмыя.

Гутарым па вытворчых пытаннях з галоўным інжынерам леспрамгаса. Называе сваё імя, прозвішча і раптам:
— Ды мы знаёмыя.
— Мы? Адкуль?
— Ды я з Чэрцаў.
— З Чэрцаў? Іваноў? Ігар? Ды ў нас там такіх і прозвішчаў… Чакайце… Ігар Іваноў? Вы — Машы Івановай сын? Ты — Ігар?
— Так, — заўсміхаўся. — Зараз успомнілі?
Як не ўспомніць свайго дзяцінства! Як не ўспомніць нашу фельчарку Машу Іванову, зусім малодзенькую дзяўчыну. Менавіта так, Машай, яе ўсе ў вёсцы і звалі, ці за моладосць, ці за пяшчоту душэўную, з якой тая ставілася да пацыентаў. Яны займалі палову цаглянага двухкватэрнага дома ў самым цэнтры вёскі. Ой, як жа гэта даўно было!
Ігар — худзенькі, чарнявы, злёгку кірпаносы, шустры хлапчук, гады на два за мяне маладзейшы, вучыўся ў першым класе, калі мы ўжо былі трэцякласнікамі. Разам сядзелі на ўроках у нашай настаўніцы Кацярыны Антонаўны Машара. У той час у нашай Чэрскай школе першы клас займаўся разам з трэцім, а другі — асобна.
Казаць не буду, сябрамі мы з Ігарам не былі. Я ўвогуле ў дзяцінстве быў “бібліятэчным хлопчыкам” і сяброў-равеснікаў ў мяне не было. Аднак жа як не памятаць.
— А я вас запомніў, калі разам працавалі на калгасным полі.
— Якое там “вас”! Ігар, мы ж землякі.
Бераг нашага возера — чысцюткі, з жаўцюткім пясчаным пляжам ля самай Аршанскай шашы, на “малочнай”. Так звалі той незабыўны ў дзяцінстве пляж, бо там стаяла тады калгасная малочная. А па возеры зімою ходзіш, па памацнелым ужо лядку, чысценькім, без снегу, і ўсё дно “на малочнай” — як на далоні. І рыбкі плаваюць, бяры сякеру і глушы. У нас на возеры было столькі рыбы!
— А мы ракаў лавілі, — успамінае Ігар, — мы з суседам і сябрам, Сяргеем Падасінавікам. Гэтулькі ракаў было ля берага, пад кожным карчом. А то порах капалі, ля помніка, помніш?
— Як не помніць. Хто яго толькі не капаў з дзяцей.
— Затым загортваеш у каляровую фольгу і пускаеш рознакаляровымі “ракеткамі”. Можа, і зараз дзеці капаюць?
***
— Ды не, там ужо зараз даўно ўсё зарасло. Курыш?
— Не, тады яшчэ, у дзяцінстве, як паспрабаваў. Большыя хлопцы падвучылі. Ды мне Кацярына Антонаўна як задала перцу, болей сябе не труціў… А яшчэ ў мяне сябар быў з Навін, Вася. Не памятаю ўжо прозвішча.
— Напэўна, Баннікаў.
— Я да яго па Аршанцы пешшу ў Навіны бегаў, а то на веліках ездзілі. Дзе ён зараз?
— І не ведаю, дзесьці “на свеце”. А Сяргея ж няма ўжо. Пухам звалі. Пухам яму зямля…
Сяргей Падасінавік — “афганец”, з вайны вярнуўся параненым. Так сталася, што не здолеў адаптавацца ў гэтым складаным свеце, рана пайшоў з жыцця… І многія… многія ўжо нашы равеснікі на могілках…
— Вы ў нас, у Чэрцах, пабылі нядоўга.
— Гадоў пяць.
— І як жа склаўся твой далейшы лёс, Ігар? Ты, зрэшты, адкуль? Вы ж прыезджыя.
— О, дзе мы толькі не пабывалі. І ў Шчучыне жылі… А нарадзіўся я ў Бешанковічах, затым туды часта ездзіў да бабулі на канікулы. А пасля Чэрцаў здымалі кватэру ў Лепелі, там я скончыў СШ №3.
— Вучыўся ты сярэдне?
— Чаму ж, вучыўся якраз добра, асабліва ўжо ў старэйшых класах, калі ўзяўся за розум. Чатыры з паловай бала. Інакш бы не паступіў у інстытут. Праўда, інстытут — гэта ўжо было пасля, амаль зусім нядаўна. А ў той час паступаў у радыётэхнічны, ды недабраў балаў. І пайшоў на экскаватарны “гайкі круціць”. А тут і ў армію забралі.
— Дзе служыў?
— Ва Усурыйску. Рэактыўная артылерыя. Быў на магіле ў Віталя Банівура…
— “Дзедаўшчына” была? У той жа час…
— А не сказаць каб. Справа ў тым, што я з вучэбкі, з Хабараўска, вярнуўся ўжо малодшым сяржантам. І “зямляцтвы” былі. Толькі славяне неяк адзін аднаго не трымаліся.
***
— А пасля арміі — зноў на завод?
— Пасля арміі ажаніўся.
— Цябе не прызнаў адразу, даруй. А вось жонку тваю ведаю, і добра, бо ўжо доўга і плённа творча супрацоўнічаем з дырэктарам тэрытарыяльнага цэнтра. І дзе ты сваю Віктараўну знайшоў?
— Ну дзе ў той час можна было знайсці дзяўчыну? На танцах, вядома. Гэта зараз моладзь у інтэрнэце адзін аднаго шукаюць, а мы ж на танцы бегалі.
— І даўно ты ў леспрамгасе?
— Сёлета ў жніўні будзе дваццаць пяць гадоў. Памятаю, прыйшоў штабялёўшчыкам драўніны, затым стропальшчыкам быў. А ў дзве тысячы трэцім раптам надумаўся вучыцца далей. Паступіў у БДТУ па спецыяльнасці “лесаінжынерная справа”, вядома ж, на завочнае. Бо ўжо сям’я была, Дзімка наш падрастаў. Так вось і працую. Быў інжынерам па ахове працы, інжынерам-тэхнолагам, гадоў пяць як галоўны інжынер.
— А сын дзе?
— У лясгасе,
— Бач ты, вы ўсе леснікі. А ракаў ловіш?
— А дзе цяпер тыя ракі? Рыбку палавіць люблю. На якіх толькі ні быў азёрах. А нідзе, як раней на Чэрцах, гэтак не ловіцца. Выламаеш арэшыну, зробіш вудачку і нацягаеш плотак ці гусцёрак.
— Не кажы. За раніцу — на дзве здаровыя патэльні. А зараз чым толькі яе рыбакі не завабліваюць, чым толькі не закармліваюць. Далібог, гатовыя каўбасы на закормку несці, а рыба асцярожная стала, хітрая, да берагоў не ідзе. Пачастункам не давярае. Ці давярае яна ўвогуле чалавеку? Ды і возера наша зарасло, забалочваецца.
— Бачыў, праязджаю міма, не пазнаю.
І мы яшчэ доўга не маглі ўзбіцца з земляком на вытворчыя тэмы. Не маглі ніяк нагаварыцца. Успаміналі тую нашу вёску сямідзясятых і тых нашых людзей, асабліва тагачасную моладзь, нашых равеснікаў. Прыгадвалі іх пакручастыя лёсы.
Як важна чалавеку хаця б зрэдзьчас вяртацца ў дзяцінства, бо гэтае вяртанне ачышчае забалочанае лёсам жыццё, выкрышталізоўвае ў чалавеку тое першароднае, з чым ён нараджаецца. І гэты крышталік дзяцінства з ім увесь час па жыцці. Варта толькі яго ачысціць ад напластаванняў гадоў, адмыць ад бруду жыццёвых перыпетый. Кожны чалавек у душы застаецца дзіцем і з гэтым светлым пачуццём сыходзіць у свет іншы. Мы блукаем па гэтым свеце, і ва ўсіх нас розныя дарогі і лёсы. Ды ўсе мы родам з дзяцінства…
Уладзімір МІХНО.
На здымках: Ігар Іваноў — у дзяцінстве (справа ў верхнім радзе), Вася Баннікаў (у ніжнім радзе справа); у цяперашні час.
Фота аўтара і з аўтарскага архіва.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>