Михаил — человек деревенский. Родился в Беленице

img_2470Іншыя дзівяцца: “Навошта яму агарод, і тым болей такі!” Сапраўды, навошта. Жыве Міхаіл Сільвановіч адзін, колькі гадоў, як пахаваў жонку. Дзеці, як кажуць, на сваіх шляхах-дарогах. Газ, вада ў хаце, студня на двары, пенсія ў дзядулі — на жыццё хапае. Зарабіў, сорак гадоў вадзіцелем у ПМК-75 адпрацаваў, у той час, калі прыйшоў, яшчэ “МСО” называлася. Сядзі зараз, кніжкі чытай, фільмы ды навіны па тэлевізары паціху праглядвай. Не сядзіцца.
Акрамя як на сотках сваіх, часта ўбачыш Міхаіла Аляксандравіча на рынку. Ужо з вясны прадае расаду. Вунь яе колькі нарасло: і капусты, і памідораў. Далей пачынаецца свежая агародніна, клубніцы пойдуць, агурочкі, памідоркі. Зразумела, што трэба прадаваць, бо самому ж ніяк усяго не з’есці. Тут, на шасці яго сотках, агародніны хопіць, каб пракарміць некалькі сем’яў.
Навошта сямідзесяціпяцігадоваму дзядулю агарод? Проста, каб было? Проста так падумаў, а раптам гэта захапленне. Ды ніякае там не “раптам” — захапленне і ёсць. Захапленні бываюць розныя. Хтосьці маркі збірае ці фанцікі, хтосьці рыбу ловіць, камусьці даспадобы інтэлектуальныя гутаркі за кубачкам кавы. А ў гэтага захапленне — шэсць сотак агарода.
Бачыў соткі ўсялякія — ураджайныя і не вельмі, дагледжаныя і запушчаныя. Аднак такія, як у Міхаіла Сільвановіча, што жыве па вуліцы Маладзёжнай, сустракаюцца не часта. Кожны сантыметр яго невялічкага гарадскога прысядзібнага ўчастка дэталёва пралічаны. І гэта не проста прыгожыя словы. Градкі гаспадар закальцаваў у драўляныя рамоўкі, па сцежачках дзе дошкамі выслаў, а дзе так утрамбаваў зямлю, што здаецца, нібыта дарожкі цэментныя. Зразумела, для пустазелля на такім агародзе-аазісе проста не прадугледжана месца. Яно і не расце. Агурочкі, памідоркі пад дугамі, трэба — плёнкай прыкрые. Над кожным кусцікам старанна папрацавалі ўвішныя рукі, пасынкавалі, акучвалі, апрацоўвалі.
Праўда, над памідоркамі дык мы з ім нават і паспрачаліся. Сам не дылетант на агародзе, з памідорных кустоў разам з непатрэбнымі лішнімі пасынкамі выдаляю і лапушыстую ніжнюю лістоту, інакш парастуць лесам, самі сябе зацьмяць, будуць спець марудна, а то, глядзіш, ад лішку вільгаці каб часам не захварэлі на фітафтору. Міхаіл Аляксандравіч жа лічыць, што лістота дапамагае кусту сілу набраць, і нідзе ён не вычытаў, ні ў адной кніжцы, каб выдаляць яе.
Ну што ж, у кожнага свой агранамічны досвед, свая аграрная практыка. Галоўнае, што памідоркі ў яго на градках весела ўсміхаюцца і хочуць жыць.І хутка будзе ўраджай. Клубніцы дык ужо і пайшлі чырванець. А вялікія, а прыгожыя, а вабныя! Па ўсім відаць, добры сорт.
Траву і пустазелле сюды проста ніхто не запрашаў. Праўда, яна і няпрошанай госцяй усё ж часам перасяляецца праз плот суседняга ўчастка з травастоем. Асабліва лёгкае на пад’ём насенне дзьмухаўцоў. Аднак гаспадар з цяпкаю тут як тут — вораг не пройдзе!
У Міхаіла Аляксандравіча амаль няма саду. Дзе яму тут расці, вельмі ж ужо маленькая тэрыторыя, аднак месца ўсё ж знайшлося для некалькіх вішанек, для маладзенькай яблынькі і падлеткавага ўзросту грушы. Вішанькі па сёлетнім годзе нават прынясуць нармальны ўраджай, яблынька яшчэ маленькая, а да грушы ў гаспадара прэтэнзіі: салодкая, дэсертная, ды не захоўваюцца плады, гніюць хутка. І яшчэ знайшлося месца для стройнага шэрага малінніку. Ці ён ураджайны, пакуль казаць рана. Напэўна ж. Кепскіх сартоў гаспадар не трымае. Вось і ўвесь яго сад. Яшчэ прадугледжана месца для расадных гадавальнікаў, якія зараз ужо апусцелі. Застаецца толькі апрацаваць зямлю і тым самым зрабіць задатак на добры новы ўраджай.
Да зямлі Міхаіл Аляксандравіч паставіўся з надзвычайнай адказнасцю, яшчэ калі закладвалі ўчастак. Дом пабудавалі на балоце. Трэба было нешта рабіць — і гаспадар прыстараўся добрай зямлі. Прывезлі аж трыццаць пяць грузавікоў жоўтага жвіру і ўраджайнай глебы. Вось і раскашуюць зараз расліны на дабротнай прывазной зямлі.
Так гаспадарчая патрэба ператварылася ў захапленне, у хобі. Міхаіл Сільвановіч не проста працуе на агародзе з ранку да вечара, ён жыве там, размаўляе з раслінамі, адпачывае сярод іх. Мне, вяскоўцу, імпануе такая філасофія жыцця, яна мне зразумелая. У агароднай філасофіі ёсць свае логіка і гармонія.
Міхаіл — чалавек вясковы. Нарадзіўся ў Бяленіцы. Любоў да зямлі атрымаў у спадчыну ад маці, простай сялянкі. А калі той не стала, а маці памерла рана, жылі ў Поўсвіжы — з агарода. Замуж узяў таксама сялянку — Таццяну з Падымхоў. Разам будавалі дом у горадзе, падымалі на ногі дзяцей, трымалі гаспадарку, завіхаліся на агародзе. Рана не стала і жонкі. Пасля яе смерці агарод стаў для Міхаіла Аляксандравіча нечым культавым, дзеля чаго варта жыць. Вядома, і грошы, на ім заробленыя, не лішнія, хочацца і дзецям, і ўнукам перакінуць. Аднак не толькі ў грашах справа. Агарод для пажылога пенсіянера стаў справаю жыцця. А ў жыцці Міхаіл Сільвановіч прывык весці справы якасна і самааддана, бо ён ніколі не быў лайдаком.
Наколькі гэта цікавая справа — жыць на агародзе? А вы паспрабуйце.
Уладзімір МІХНО.
На здымку: Міхаіл Сільвановіч на сваіх шасці сотках.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>