Майстар с Косцінкі

Першы выраз, які сарваўся з языка пасля прыезду ў глыбінную вёску Косцінка, быў ад шчырага сэрца:

— І хто толькі надумаўся заснаваць на гэтым месцы населены пункт! Ні возера, ні ракі, ні лесу.

Ураджэнец Косцінкі Міхаіл Шнітко, улюбёны ў родны кут, горка ўздыхнуў і не стаў пярэчыць. Значыць, у душы згодны.

Якую маляўнічасць могуць ствараць парослыя кустамі ды асінава-альховымі гаямі ўзгоркі і нізіны, возера Заружань за паўтара кіламетра адсюль ды адзіны ручай, які балотныя воды струменіць у тую ж Заружань?

 У 1906 годзе ў вёсцы Кос­цінка Несінскай воласці налічвалася 20 двароў і каля 150 жыхароў. На 1924 год – 189 вяскоўцаў. У 1997 годзе мелася 10 падворкаў і 15 жыхароў. Цяпер у Кос­цінцы жыве адзін 47-гадовы дзяцюк Міхаіл Маліноўскі. 81-гадовую Галіну Шнітко нядаўна аформілі ў дом састарэлых, 85-гадовую Марыю Шнітко забраў сын Яўген у Новалукомль пасля таго, як яна ў студзені зламала руку ў плячы.

 На хаце адзінага жыхара Міхаіла Маліноўскага вісеў замок. Паехалі па вёсцы. Старыя котлішчы ды запушчаныя сады абапал вузкай вулачкі. А вось тут, відавочна, хтосьці часта бывае: трактарок, стары легкавік, “інвалідка” без колаў стаіць, сабака ў будцы сядзіць, хоць на чужакоў і не брэша. На дзвярах – замок.

 Ужо сабраліся ні з чым ад’­язджаць, як на іншамарцы пад’ехаў мужчына. Павітаўся і ахвотна ўзяўся распавядаць пра вёску. Быў гэта малодшы сын Міхаіл цяпер ужо жыхаркі Новалукомля Марыі Шнітко. Не пакінулі сыны бацькоўскі кут.

 — Я — з Заслонава, брат Яўген — з Новалукомля, не можам пусціць родную хату буцвець. Цягне нас сюды. Гэта вам не падабаецца наваколле Косцінкі, а нам яно мілей за які крымскі краявід. Гэта ж дробязь – паўтара кіламетра да возера Заружань. Ды мы ў дзяцінстве па некалькі разоў на дзень бегалі туды купацца і коней мыць, на якіх улетку ў саўгасе “Бароўка” працавалі. І лес не так ужо далёка. Што гэта для здаровых ног — пару кіламетраў пераадолець да Саснягоўскай пушчы ці за возера Сакольскае? І з грыбамі, і з ягадамі заўсёды былі. З самага ранку і да працы паспявалі па вядру чарніц назбіраць.

 Міхаіл павёў нас на экскурсію па апусцелай Косцінцы. За паўсотні гадоў, якія ён пражыў на свеце, вёска непазнавальна змянілася. На яго памяці тут былі сярэдняя школа, магазін, свінаферма, кароўнік, стайня, кашара.

 Маці працавала свінаркай, даяркай, паляводкай, бацька – трактарыстам. 17 год таму назад тры інфаркты звялі яго ў ма­гілу. Гады са тры таму назад памёр сярэдні брат Міхаіла і Яўгена – Коля.

 Пасля васьмі класаў Міша Шнітко падаўся ў Новалукомскае ПТВ набываць спецыяльнасці мантажніка жалезабетонных канструкцый і электрыка. Пасля армейскай службы пайшоў у міліцыю. Шэсць гадоў быў участковым інспектарам у Новалукомлі. Потым падаўся шукаць вышэйшыя заробкі ў прамысловасці. Працаваў механікам у прафтэхвучылішчы, электрыкам на заводзе “Этон”, электрыкам па вежавых кранах у ПМК. Хвароба бацькі вымусіла перасяліцца бліжэй да Косцінкі, каб дапамагаць даглядаць карову, каня, свіней, апрацоўваць агарод. Пайшоў стралком ваенізаванай аховы ў Заслонава, атрымаў кватэру. Пасля таго, як маці пераехала ў Новалукомль, кожны дзень бывае ў Косцінцы. Сабаку трымае. Пчол завёў. Праўда, пакуль толькі тры вуллі мае, аднак летась ужо пяць кілаграмаў мёду атрымаў.

 Каля кожнай пустой хаты, нават ля хатнішчаў спыняліся, і Міхаіл тлумачыў, хто тут жыў, куды дзеўся.

 — На маёй памяці ў 32 хатах жыццё віравала. Большасць насілі прозвішча Шнітко. Былі раднёй у розных каленах – бацькавы сястра і два браты, іхнія дзеці. Яшчэ жылі Галаі, Шкіндзеры, Жукавы, Маляўкі. Вось гэтая хата належала настаўніку Зайцаву. Адгадайце, што на ліпе вісіць? Ды не шпакоўня гэта, а пастка для пчол. Я павесіў, каб раі з дупла лавіць. У той лагчыне, за агародамі, ручай у Заружань цячэ. Бабры яго перагарадзілі плацінай, дык у невялікае вадасховішча рыба з возера заходзіць. Увесну, як разводдзе пачынае спадаць, хадзі ды збірай быццам грыбы тую, што ў лужынах адрэзаная ад вадаёма засталася. Бачыце — лес сухі? Ён апынуўся ў бабрыным вадасховішчы, карані згнілі, а ствалы засохлі. А вунь на тым востраве грыбны асінавы гай рос. Дык падчыстую склалі яго зубатыя звяры. Студня гэтая старая, аднак вада ў ёй добрая, я прыходжу набіраць. Хат і жыхароў няма, а сады засталіся. Ніхто з іх ураджай не здымае. Прыязджайце ўвосень, колькі захочаце, садавіны набераце. А каб на Радаўніцу, Вялік­дзень ці Тройцу прыехалі, дык процьму выхадцаў з Косцінкі сустрэлі б – на могілкі памянуць родных з’язджаюцца…

 Адчувалася, што кожны вясковы куточак выклікае замілаванне ў былога вяскоўца – з такой ахвотай і так падрабязна распавядае пра жыццё дарагой сэрцу Косцінкі. Аднак які ён былы, калі і цяпер падаўжае яе жыццё? Агарод садзіць.

 — Вось на гэтым ускапаным лапіку зямлі ўвосень шэсць мяхоў бульбы накапалі. Урадзіла так таму, што хлеў тут стаяў, у якім хатнюю жывёлу трымалі.

 — Трактарок нейкі смешны ў цябе…

 — З братам купілі ў Новалукомлі. Гэта сучаснікам ён здаецца смешным, бо за мяне старэйшы – канца 50-х гадоў вырабу. Марка Т-20. На Харкаўскім трактарным заводзе выраблены. Кабіны не меў. Счапленне ручным рычагом уключаецца. Сядло і руль перастаўляюцца так, што за лічаныя хвіліны зад трактара можна перадам зрабіць. У абодвух кірунках аднолькава спрытна рухаецца як пусты, так і з навясным абсталяваннем. Я на ім людзям з навакольных вёсак агароды абрабляю. Прыходзяць з Сызаўшчыны, Доўгага, Астравоў, Халімонава, просяць, каб дапамог. Ну, як старым адмовіш?

 — А што тут “інвалідка” робіць?

 — Я прыцягнуў. Колы знайду, падрамантую — і ездзіць будзе. Для мяне гэта праблемы не складзе. Я зараз вам яшчэ больш экзатычную тэхніку пакажу.

 Адамкнуў Міхаіл хату насупраць — і мы ад здзіўлення за галовы схапі­ліся. Матацыкл першага выпуску Мінскага матазавода (тады яшчэ прыстаўкі “вела” прадпрыемства не мела) маркі М1М стаіць. Шукаем год вырабу – 1961. Яшчэ смяшнейшы за трактар. Пасажырскага сядла не мае. Нязграбны.

 — Я б яго запусціў, — тлумачыць Міхаіл. – Але гума згніла. Яна ж вузкая. Такая цяпер нідзе не прымяняецца. Дык я матор на мапед паставіў. Ездзіць без праблемаў. Пайшлі ў гараж, пакажу.

 І мапед такі ўпершыню ўбачылі. Маркі не мае, бо складзены са зборных вузлоў. Рама — ад “Верхавіны”, колы — ад “Рыгі”, матор ад ужо знаёмага нам мінскага М1М. Завёў яго Міхаіл — і з гаража выехаў.

  А яшчэ “Яву-350” паказаў. 1971 года вырабу. Тую, што вузкі руль мела, а таму па пяску кіраваць ёй дрэнна было.

 — Таксама працуе. Аднак яна ўжо мне без патрэбы – і так тэхнікі шмат. Прадаў бы, аднак баюся, што ў дрэнныя рукі трапіць і ў металалом пойдзе. А мне шкада матацыкл. Яшчэ доўга служыць можа.

 …Усю зваротную дарогу абмяркоў­валі тэхніку косцінскага Кулібіна. Залатыя рукі мець трэба, каб дапатопныя механізмы ў справу пускаць. Як толькі паспявае? На дзяжурства ж яшчэ хадзіць трэба.

 Уладзімір ШУШКЕВІЧ.

 На здымку: Міхаіл Шнітко на зборным мапедзе.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>