Полю — калію ўволю

Сёлета сельскія гаспадаркі раёна павінны падсеяць шматгадовыя травы на 4650 га азімых і яравых культур. Сяўба праведзена на 1491 га, што складае 32% да плана, або 107% да задання па руні. Найбольшы працэнт выканання плана ў “Лядне” (69%), “Баброве” (50%), “Лепельскім” (45%). Не прыступалі да падсеву на сартастанцыі, у “Азімцы”, “Паземшчыне”, “ВалБіКу”.

 На 6130 га ўнесена 728 т хлорыстага калію.

У “Заазер’і” 219 т унесена на 1760 га, “Баброве” – 119 т на 995 га, “Лепельскім” – 92 т на 720 га.

Пратручана 75 т насення яравых збожжавых – 40 т у “Лепельскім і 35 т у “Заазер’і”.

 У “Заазер’і” прабаранавана 55 га сенажацяў і пашы.

 На палі вывезена да задання 97% арганікі. У “Пражэктары” – 108%, “Заазер’і” – 91%, “Лядне” і “Ладасне” – 88%. Горшыя паказчыкі ў “Паземшчыне” – 24%, на сартастанцыі – 72%, у “Баброве” – 76%.

 Назапашана 54% тукаў. На льнозавод іх завезена 109%, сартастанцыю – 71%, у “Пражэктар” і “Лядна” – 59%.

 Перабрана бульбы ў “Чарэйшчыне” – 455 т, на сартастанцыі – 100 т, у “Лядне” – 5 т.

*   *   *

 У “Баброве” падсеяць травы павінны на 400 гектарах азімых збожжавых. На 28 сакавіка работы выканалі на 330 гектарах. За лічаныя дні работы завершыць Міхаіл Хацько на ўніверсальным энергетычным сродку “Дзвіна”.

 Хлорысты калій Аляксандр Галай і Алег Чарняўскі ўнеслі на 770 гектарах шматгадовых траў. Пераключыліся на яравыя палеткі. Ужо падсілкавалі 225 гектараў.

 На полі адшукалі Алега Чарняўскага. Яго агрэгат стаяў на руні. Трактарыст корпаўся ў дазатары раскідвальніка мінеральных угнаенняў.

 — Нічога сур’ёзнага не здарылася, — патлумачыў механізатар. — Рэгулюю механізм на патрэбную норму высеву. Праз хвіліну будзе гатовы.

 — Даўно ў “Баброве”?

 — У 1990 годзе прыехаў з Мядзельшчыны на радзіму жонкі. Працаваў у “Чарэйшчыне”. У 1998 годзе перайшоў у “Баброва”. Атрымаў жыллё. Пасля ўзвядзення аграгарадка перасяліўся ў новы катэдж.

 — МТЗ-1221 і раскідвальнік тукаў МТТ-4У — уся твая тэхніка?

 — Ды дзе там. Дзевяць гадоў працаваў на корманарыхтоўчым комплексе “Палессе”. Пасля яго спісалі, і я перасеў на ўніверсальны энергетычны сродак УЭС-2-250. На ім кашу і здрабняю кармавыя травы, сею, культывую глебу.

 З нарыхтаваных 16019 тон арганікі на палі вывезлі 13632 тоны Міхаіл Цёмкін і Андрэй Парахонька. Буртуе кампост Алег Хацько на “Амкадоры”.

 Свайго насення збожжавых з восені пакінулі 70 тон. 140 тон вышэйшых рэпрадукцый набылі на сартастанцыі. Паставілі туды прэпарат для пратручвання. Насенны матэрыял апрацавалі. За яго заплачана. Засталося перавезці. Для пратручвання сваіх 70 тон летась набылі пратручвальнік. Людзі для працы на ім падрыхтаваныя, праінструктаваныя, прайшлі медкамісію.

 Тукі з базы мінеральных угнаенняў на МАЗах завозяць Валерый Булах і Мікалай Юрчанка. Назапашана 52 працэнты. Аднак калі калійных і азотных ёсць адпаведна 72 і 39 працэнтаў, то фосфарных толькі 15. Прыкінулі, што першымі двума будуць забяспечаны пад патрэбнасць, а вось апошнімі – працэнтаў на 70. Надта ўжо дарагія. Аднак гэта не азначае, што трэць 1470-гектарнага яравога палетка застанецца без фосфару. Наяўны размяркуюць так, каб усе культуры атрымалі яго аднолькавую колькасць.

 Тэхніка да палявых работ гатовая на 95 працэнтаў. Пакуль прастойваюць тры трактары з-за адсутнасці гумы. За яе ўжо заплацілі. Чакаюць завозу.

Уладзімір ШУШКЕВІЧ.

 На здымку: Алег Чарняўскі.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>