Поселился на побережье озера Островки

img_4657Жыхар вёскі Суша Юрый Маскаленка зусім не выпадкова пасяліўся на ўзбярэжжы возера Астраўкі. Яго добра абуладкаваны, дагледжаны дом сядзібнага тыпу з гаспадарчымі прыбудовамі стаіць на высокім пагорку. Адсюль адкрываюцца непаўторныя па прыгажосці далёкія краявіды, што гарманічна абрамляюць люстраную паверхню вады возера. Лашчыць вока і шырокі заліўны луг перад азёрным прасторам, засланы дасціпным абрусам з яркай зеляніны траў і рознакаляровых кветак.
— Зямля запаветная, найбольш прыдатная для заможнага, шчаслівага жыцця, на самой справе знаходзіцца ў Сушы, — можа, жартам, а магчыма, і ўсур’ёз, адзначыў Юрый Мікалаевіч. — Няўжо можна знайсці дзесьці большую прыгажосць?!
Гэта я сцвярджаю яшчэ і таму, што ў 1981 — 1983 гадах у складзе абмежаванага кантынгенту савецкіх войскаў у Афганістане праходзіў тэрміновую вайсковую службу, пабачыў невыносную спякоту тых далёкіх мясцін, непрыдатныя для сельскагаспадарчай апрацоўкі камяністыя горныя прасторы.
— Дзе базіраваліся?
— У горадзе Кундуз на поўначы Афганістана. Служыў вадзіцелем. Удзельнічаў у ахове калон машын з боепрыпасамі, прадуктамі, гаруча-змазачнымі матэрыяламі. Асабліва складана было рухацца па горных серпанцінах, дзе душманы рабілі засады на дарогах, знішчалі нашу тэхніку, забівалі ваеннаслужачых.
— Ці маеце баявыя ўзнагароды?
— Адзначаны медалём “За адвагу”. У гарах на калону напалі “духі”. Падарвалі першую і апошнюю аўтамашыны, каб поўнасцю спыніць перамяшчэнне транспартных сродкаў, весці трапную стральбу на паражэнне па фактычна стацыянарных мішэнях. Асабліва моцны агонь яны сканцэнтравалі на сярэдняй частцы калоны, дзе ў браніраванай разведвальна-дазорнай машыне знаходзіўся і я. Ды мы вырашылі не чакаць, пакуль душманы перастраляюць нас, а перайшлі ў контрнаступленне, падтрыманыя агнём з буйнакаліберных кулямётаў. Вораг адступіў. Бой закончыўся для нас з мінімальнымі стратамі.
— Як склалася жыццё пасля вяртання з вайны?!
— Працаваў механізатарам у саўгасе “Сушанскі”, вадзіцелем у ААТ “Ладасна”, а цяпер, ужо ў больш сталым узросце, уладкаваўся вартаўніком на мехдвары.
Жыву ў доме, які пабудаваў у свой час для маёй сям’і саўгас “Сушанскі”. У 90-я гады дваццатага стагоддзя мне дазволілі яго прыватызаваць.
— Ці вялікая сям’я?
— Жонка, двое дзяцей ужо дарослыя. Сын Дзяніс жыве ў Мінску, працуе будаўніком. Рэгулярна прыязджае, дапамагае ў апрацоўцы прысядзібнага зямельнага ўчастка, іншых гаспадарчых справах.
Дачка Святлана выйшла замуж. Падарыла нам унука Стаса, якому споўнілася восем месяцаў. Жыве зараз разам з намі ў Сушы, гадуе дзіцяці. А зяць Андрэй — ураджэнец вёскі Копцевічы Чашніцкага раёна, працуе вахтавым спосабам у Расіі. Цяпер выконвае зварачныя работы ў Маскве. Хутка павінен прыехаць у чарговы водпуск. Асабіста я на “Аудзі” дабіраюся на працу ў аграгарадок Камень і потым вяртаюся дадому.
— Ці шмат апрацоўваеце зямлі?
— Каля аднаго гектара. Саджу бульбу, збожжавыя культуры, буракі, цыбулю, часнок, фасоль. Толькі пад агароднінай занята больш за пяць сотак зямлі.
Утрымліваем карову, двое парасят, пятнаццаць курэй. Сёлета купіў маладога каня. Без каня немагчыма абысціся ў асабістай падсобнай гаспадарцы на вёсцы.
Харчуемся ў асноўным сваімі экалагічна чыстымі прадуктамі, дзякуючы чаму эканомяцца вялікія грашовыя сродкі сямейнага бюджэту.
— Які чысты даход ад падсобнай гаспадаркі?
— Толькі продаж дзяржаве лішкаў малака прыносіць у сярэднім у месяц 200 рублёў.
Мікалай ГАРБАЧОЎ.
На здымку: Юрый Маскаленка з канём па мянушцы Малыш.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>