Остатки “банды”, выбитые из “деревни”, стали убегать по мосту через Улу

00203-00_05_45_00-nepodvizhnoe-izobrazhenie005У вайсковых часцях ідзе планамерная баявая вучоба. Вось і ў 19-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгадзе прайшло батальённае тактычнае вучэнне па тэме “Падрыхтоўка і вядзенне танкавым батальёнам баявых дзеянняў ва ўмовах уздзеяння незаконнага ўзброенага фарміравання”. Закавырыстую і мудрагелістую назву патлумачыў кіраўнік вучэнняў камандзір 19-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады палкоўнік Андрэй Латышаў:
— Асноўны праціўнік на вучэннях — незаконнае ўзброенае фарміраванне (НУФ), якое дзейнічае ў аператыўным тыле нашых часцей.
— А ў чым адрозненне НУФ ад дыверсійна-разведвальных груп? Па-мойму, гэта адно і тое ж.
— ДРГ — дыверсійна-разведвальная група складаецца з прафесійных байцоў, спецназаўцаў, перад якімі ставяцца канкрэтныя задачы: разведка, збор і перадача даных, дыверсіі на важных аб’ектах. А незаконнае ўзброенае фарміраванне — гэта, па сутнасці, банда, якая, між іншым, можа быць арганізавана і ўзначалена кадравымі разведчыкамі-дыверсантамі. Аднак пры гэтым большасць яе ўдзельнікаў — гэта, як правіла, дэзерціры, крымінальнікі — словам, усялякі зброд. Фактычна НУФ — гэта банда, якая займаецца марадзёрствам, тэрарызуе мясцовае насельніцтва, дэзарганізуе жыццё і працу.
— Супраць такіх, як правіла, павінны дзейнічаць часці ўнутраных войскаў МУС або падраздзяленні тэрытарыяльнай абароны, пакуль галоўныя сілы арміі ваююць супраць кадравай арміі агрэсара.
— Усё правільна. Але ва ўмовах вайны абстаноўка часта і рэзка мяняецца. Вораг можа апынуцца ў нашым тыле, закінуць ДРГ ці стварыць банду, якая здольная нарабіць шмат бяды. Такі сцэнарый часта разыгрываецца ў ходзе ўзброеных канфліктаў апошніх гадоў. Пакуль армія дзейнічае на фронце, у тыле застаецца тактычны рэзерв, які ў выпадку патрэбы і скіроўваецца супраць ДРГ і НУФ. Прычым як мага хутчэй, не даючы часу праціўніку для замацавання.
* * *
00203-00_07_52_19-nepodvizhnoe-izobrazhenie012Паводле сцэнарыя, вучэнні пачаліся з таго, што НУФ нечакана заняло населены пункт, умоўна названы “вёскай Жэжліна”. Ролю такога пункта сыграла былая верталётная база ля вёскі Зорніца. Зараз яна знакамітая тым, што там праводзяцца спаборніцтвы і гульні па пейнтболе і страйкболе. Будынкі, сцены, канструкцыі, руіны — усё амаль як на сапраўднай вайне. Ролю бандытаў выканала разведвальна-дыверсійная група разведбата 19-й брыгады пад камандаваннем старшага лейтэнанта Максіма Саванчука. Байцы з веданнем справы арганізавалі кругавую абарону, падзялілі яе на сектары.
Камандзір танкавага батальёна 19-й брыгады маёр Уладзімір Кісялёў прыняў рашэнне штурмаваць вёску, пакуль да “бандытаў” не падышло падмацаванне. Была выдзелена мотастралковая рота старшага лейтэнанта Уладзіміра Кірэева. Бой у населеным пункце кардынальна адрозніваецца ад бою на адкрытай мясцовасці. З-за любога вугла, руіны ў баявую машыну могуць пацэліць гранатай або стрэлам з гранатамёта ці іншай ручной супрацьтанкавай зброі. Гэта яскрава было прадэманстравана пад час Другой сусветнай вайны ў Варшаве, Сталінградзе, Берліне. Таму пры штурме “вёскі Жэжліна” нашы вайскоўцы дзейнічалі наступным чынам. Рота раздзялілася на групу зачысткі (аўтаматчыкі, кулямётчыкі, снайперы) і групу прыкрыцця (баявыя машыны пяхоты з іх экіпажамі). Наперад ішлі мотастралкі, зачышчалі дом за домам. Калі ж выяўлялася агнявая кропка праціўніка, кулямёт ці аўтаматчыкі, то па іх стралялі БМП, якія ішлі за пехацінцамі на пэўным аддаленні. Тыя па рацыі звязваліся з наводчыкамі і давалі карэкціроўкі для агню.
Умела дзейнічалі снайпер радавы Максім Азаронак і кулямётчык радавы Канстанцін Лапавухаў. Яны прыкрывалі адзін аднаго, сваіх таварышаў, не дазвалялі “бандытам” падняць галаву.
Вядома, адразу падобную аперацыю штурма населенага пункта правесці праблематычна. Перад гэтым тэхніка і людзі прыбылі на месца канцэнтрацыі, была праведзена разведка — як па планах рэальнай вайны. Значная роля ва ўсім тактычным вучэнні адводзілася падраздзяленням забеспячэння: аўтамабільнаму ўзводу, узводу сувязі, інжынерна-сапёрнаму ўзводу, які перад рухам салдатаў і тэхнікі праверыў дарогі на адсутнасць мін і фугасаў.
* * *
На другім этапе рэшткі “банды”, выбітыя з “вёскі”, сталі ўцякаць па мосце праз Улу, каб схавацца ў лясным масіве. Там іх чакаў сюрпрыз — мост аказаўся пад надзейнай аховай — узвод пяхоты з танкам агнявой падтрымкі. Салдаты не спалі, напасці на іх знянацку не ўдалося.
Выдатна паказаў сябе танкавы экіпаж, танкісты загадзя выбралі для сябе выгадную пазіцыю, акапалі і замаскіравалі баявую машыну. Пры гэтым наводчык радавы Артур Сас мог весці агонь на 360 градусаў, быў гатовы да нападу з любога боку.
“Бой” быў кароткім, “бандзе” адразу не ўдалося авалодаць мостам. Адчуваючы пагоню і пераслед, парадзелая групоўка пабегла ў лес, трымаючыся, аднак, лясной дарогі.
Нечакана наткнуліся на блок-пост. Умацаванне ўтрымліваў мотастралковы ўзвод пад камандаваннем лейтэнанта Ільі Шрамкова пры падтрымцы аднаго танка. “Бандыты” абстралялі яго, але на паўнавартасны штурм не адважыліся, бо ўжо і так панеслі “страты”. Іх задачай быў прарыў у лясны масіў далей, каб адарвацца ад пагоні. Аднак і тут “бой” быў жаркім. У ім выдатна сябе паказаў экіпаж танка — яфрэйтар Вячаслаў Бударын і радавы Арцём Лазараў. Камандзір узвода выдатна наладзіў сістэму назірання і абароны блок-паста. Таму нават пры масіраваным абстрэле “нашы” не панеслі значных страт.
* * *
00203-00_11_09_12-nepodvizhnoe-izobrazhenie020На апошнім этапе рэшткі незаконнага ўзброенага фарміравання дабівалі танкі і БМП. Ролю цэляў выконвалі мішэні на вайсковым палігоне. Разам з гэтым ставілася яшчэ адна задача — у чарговы раз праверыць у абстаноўцы, набліжанай да баявой, мадэрнізаваны танкавы прыцэл “Сасна 2У”.
Дадзеная мадэль абсталявання распрацавана беларускім навукова-вытворчым аб’яднаннем “Пеленг”. Работа была выканана літаральна з нуля.
Прыцэл паказаў сябе ў войсках і падраздзяленнях з самага лепшага боку. Па-першае, ён нашмат прасцейшы ў эксплуатацыі і асваенні ў параўнанні з папярэдняй мадэллю. Ён настолькі просты, што дастаткова некалькіх дзён інтэнсіўных заняткаў і практыкаванняў, каб з навабранца зрабіць дастаткова кваліфікаванага наводчыка.
Прыцэл мае больш дасканалую оптыку, якая дазваляе разгледзець цэлі на адлегласці да сямі кіламетраў — амаль удвая большай, чым раней. Яшчэ адна яго станоўчая адметнасць — дасканалае праграмнае забеспячэнне. Кажа камандзір танкавага батальёна маёр Уладзімір Кісялёў:
— Прыцэл складаецца з дзвюх частак: уласна оптыкі і камп’ютара, які павінен забяспечваць дакладнае навядзенне. Ранейшая мадэль, яшчэ савецкай вытворчасці, мела такую непрыемную асаблівасць, як запозненая рэакцыя стабілізатараў. Вось едзе танк, ківаецца з боку ў бок, а стабілізатары трымаюць ствол у адным накірунку. Аднак рэакцыя крыху запозненая. Здаецца, і не нашмат, літаральна праз секунду-паўтары ствол вяртаецца ў належнае становішча, але і гэтага было зашмат. Пры кожным нахіле адбываўся мікразбой наводкі. Новы камп’ютар рэагуе значна хутчэй, гармата заўсёды дакладна трымае цэль.
Доказам слоў афіцэра сталі выніковыя стрэльбы з танкаў на палігоне. Адна рота страляла, карыстаючыся новымі прыцэламі, а дзве — старымі. Рота на новых прыцэлах адстралялася на выдатна, нягледзячы на тое, што там было больш за палову наводчыкаў-навабранцаў. Астатнія роты адстраляліся на добра. Агульная адзнака — добра.
Другая апрабаваная навінка — сістэма электрамагнітнай абароны танкаў ад супрацьтанкавых мін з бескантактнымі дэтанатарамі. Камандзір танкавага батальёна растлумачыў:
— Гэтая сістэма дазваляе танку праехаць праз міннае поле або замініраваны ўчастак дарогі без страт. Дапусцім, танк пад’язджае да схаванай міны, і сістэма пасылае электрамагнітны сігнал, які ўздзейнічае на дэтанатар — выбух. Дэтанацыя супрацьтанкавай міны непасрэдна пад танкам — гэта гібель экіпажа. Калі ж міна выбухне за тры метры перад танкам, як разлічана сістэмай, то баявую машыну толькі моцна страсяне ды абсыпе зямлёй. Так, непрыемна, страшна, але не смяротна. Тэхніка і экіпаж пасля такога падрыву цэлыя і гатовыя далей выконваць баявыя задачы.
* * *
Мяркую, найбольш цяжкай была баявая праца разведчыкаў, перад якімі стаяла задача выканаць ролю незаконнага ўзброенага фарміравання. Між іншым, да яе таксама можна ставіцца, як да карыснай практыкі. Вядома ж, з праекцыяй на спецыфіку службы разведкі.
Васіль МАТЫРКА.
На здымках: эпізоды вучэнняў.
Фота з архіва штаба Паўночна-заходняга аператыўнага
камандавання.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>