Міліцэйская хроніка

Цана няўважлівасці — мільён

У адзін з сакавіцкіх дзён злодзей зрабіў падарунак сабе: з прыватнай крамы, размешчанай па вуліцы Чуйкова, 50А, сярод белага дня скраў электрадрыль. Яму паспрыяла адна абставіна — няўважлівасць прадаўца, які не адразу заўважыў прапажу. 994 тысячы рублёў — цана электраінструмента. І няўважлівасці.

Слоікі з агароднінай

Мажліва, надта прагаладаўся жыхар Бароўкі, бо палез у падвал шматкватэрнага дома, каб украсці некалькі слоікаў з кансерваванай агароднінай.

А можа проста не было чым закусіць: грошы на віно знайшоў, на закусь — не.

Пасля паўгадовага роздуму

У лютым у дзяжурную часць РАУС звярнуўся індывідуальны прадпрымальнік з Бароўкі з заявай аб тым, што з яго гандлёвага павільёна злодзей скраў акумулятар. Супрацоўнікі міліцыі знайшлі зламыснікаў. Крадзеж учынілі жыхар Бароўкі і вясковец з Залучына.

Пад покрывам ночы

У міліцыю звярнуўся жыхар Баброва, паведаміў, што ў сакавіку нехта выставіў шыбу ў яго доме, залез і вынес мабільны тэлефон і электрапілу. Агульная сума ўрону склала 1,2 мільёна рублёў.

Чатыры ноўтбукі

За апошнія гады гандлёвая кропка “Ультратэк” некалькі разоў была аб’ектам атак начных злачынцаў. У ноч на 11 сакавіка набег паўтарыўся, невядомы вынес чатыры ноўтбукі. Здаецца, што ўладальнікі гандлёвага павільёна не робяць ніякіх высноў, а злодзеі заходзяць туды як да сябе дахаты.

Мялі, млынок

Спакойна стаяў сабе ў двары прыватнага дома ў Стаях самаробны млынок. Гаспадыня з яго дапамогай здрабняла збожжа для гаспадарчых патрэб. Прылада спадабалася двум непрацуючым мужыкам, братам 1970 і 1970 гадоў нараджэння. Скралі млынок, нанёсшы гаспадыні ўрон, які тая ацаніла ў мільён рублёў. Міліцыянеры злодзеяў выкрылі хутка. Заведзена крымінальная справа.

Небяспечныя госці

12 сакавіка ў РАУС звярнулася жыхарка Домжарыцаў, пенсіянерка, якая заявіла, што напярэдадні ўвечары ў яе доме гасцяваў знаёмы, а пасля гаспадыня выявіла прапажу 450 тысяч рублёў. На чужыя грошы паквапіўся раней ужо судзімы аднавясковец.
У іншым выпадку лепяльчанка, пенсіянерка мала што пусціла патэнцыйнага злодзея ў свой дом, дык яшчэ і распівала з ім спіртное. Чаму тады здзіўляцца, што пасля яго візіту знікла сто тысяч рублёў?

Электрадрыль з альтанкі

Працаваў жыхар Чарэйшчыны ў сваім двары, свідраваў электрадрылем. Як завяршыў справу, паклаў яго ў альтанцы. Праз некаторы час прыйшоў — інструмента і сляды астылі. Высветлена, што крадзеж учыніў непрацуючы аднавясковец. Супраць яго ўзбуджана крымінальная справа.

Дзве муфты

З СВФ “Заазер’е” паведамілі, што з мехдвара ў Юркоўшчыне былі ўкрадзены дзве трактарныя абгонныя муфты коштам больш за два мільёны рублёў. Крадзеж учыніў непрацуючы жыхар гэтай жа вёскі, 1967 года нараджэння. Меркаваў здаць на металалом.
Паводле паведамленняў РАУС.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>