“Бессмертный полк Лепельщины”

img_1387“Мой дарагі, любімы дзядуля! Вось ужо дванаццаць год, як цябе няма побач з намі, але ты застаўся на ўсё жыццё ў памяці сваіх дзяцей, унукаў, праўнукаў. Я часта ўспамінаю гады свайго дзяцінства, калі прасіла расказаць цябе пра вайну. Ты не любіў успамінаць тыя страшныя падзеі. І толькі раненні, якія давалі ведаць аб сабе на працягу жыцця, і медалі нагадвалі пра цяжкія франтавыя вёрсты.
Мой дзядуля, Максім Раманавіч Сільвановіч, ваяваў на Першым Прыбалтыйскім фронце ў 204-й стралковай дывізіі 730-га стралковага палка стралком. У адным з баёў пад г. Шауляй шостага жніўня 1944 года атрымаў навылётнае кулявое раненне ў нагу. Узнагароджаны медалямі “За баявыя заслугі”, “За адвагу”, “За Перамогу над Германіяй” і іншымі.
Ваяваў і другі дзядуля, Канстанцін Харытонавіч Сільвановіч. У пачатку вайны эсктэрнам скончыў Краснадарскае артылерыйскае вучылішча і ў званні малодшага лейтэнанта быў накіраваны на фронт. Камандаваў узводам на Першым Прыбалтыйскім фронце, вызваляў гарады ў Калінінскай вобласці Расіі. З баямі дайшоў да г. Ліепая. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, ордэнамі Айчыннай вайны I і II ступеняў, а таксама медалём “За адвагу”.
Як шмат вы зрабілі для нас, нашы дарагія! Цаной уласнага жыцця вы змагаліся за свабоду і незалежнасць нашай краіны, за тое, каб мы мелі магчымасць жыць пад мірным небам і ствараць шчаслівую будучыню”, — такія думкі хвалююць сэрца кожны раз напярэдадні свята Перамогі.
Сёлета ж яркім пачаткам свята стала ўрачыстае адкрыццё акцыі “Бессмяротны полк Лепельшчыны”. Ля ваенкамата, раённага краязнаўчага музея і аўтавакзала сабраліся вучні школ, прадстаўнікі Лепельскай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Белая Русь”, работнікі гарадскіх арганізацый і прадпрыемстваў.
Перад першай калонай крочыць духавы аркестр Лепельскай дзіцячай школы мастацтваў, наступную калону ўзначальвае ансамбль мажарэтак дзіцячай школы мастацтваў. У руках удзельнікаў акцыі — фотаздымкі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, подзвігі якіх назаўсёды сталі яркімі старонкамі гераічнага мінулага нашай краіны.
img_1302Па традыцыі прадстаўнікі мясцовай улады, гарадскіх арганізацый і прадпрыемстваў усклалі вянкі да брацкіх магіл у гарадскім скверы. Удзельнікі акцыі “Бессмяротны полк Лепельшчыны” выстраіліся ўздоўж плошчы. Ганаровае месца перад трыбунай занялі ветэраны Вялікай Айчыннай вайны. З кожным годам іх усё менш і менш… Ісак Прыцкер, Андрэй Лапцеў, Клаўдзія Багамолава і Алена Шкіранда прайшлі нялёгкімі шляхамі вайны. Ім, нашым дарагім ветэранам, прысвяцілі песню Аляксандр Астроўскі і Віталь Хватынец. З цёплымі віншаваннямі да ўсіх гасцей звярнуўся старшыня райвыканкама Барыс Яфрэмаў:
— Свята Дзявятага мая непарыўна звязана са славутым пакаленнем пераможцаў, якія, не шкадуючы свайго жыцця, выратавалі свет ад карычневай чумы, абаранілі Айчыну, а затым самааддана ўзнялі краіну з руін і попелу. Подзвіг савецкага народа на стагоддзі застанецца ў памяці ўсяго чалавецтва, — адзначыў Барыс Сяргеевіч.
Шчымлівым акордам лілася песня, прысвечаная падзеям вайны, у выкананні спявачкі, кампазітара Інгі Карпусенкі і хору дзіцячай школы мастацтваў. Акампанемент цудоўных спеваў на флейце зрабіла Алена Прыпутнева. Арганічным дапаўненнем спеваў стала харэаграфічная кампазіцыя ў выкананні юных удзельніц узорнага ансамбля танца “Затея”.
Пад пранікнёныя гукі музыкі вучні школ падарылі ветэранам кветкі. Памяць пра адважных воінаў, якія не вярнуліся з вайны, была ўшанавана хвілінай маўчання.
Святочныя віншаванні гасцям выказаў таксама камандзір 19-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады гвардыі палкоўнік Андрэй Латышаў. Ён жа даў загад ваеннаслужачым брыгады пачаць урачысты марш. Адна за другой па плошчы крочаць калоны афіцэраў, прапаршчыкаў і салдатаў. Услед за імі прайшлі ўдзельнікі духавога аркестра, мажарэткі дзіцячай школы мастацтваў. Яркім апафеозам урачыстага мітынгу стала праходжанне па плошчы ўдзельнікаў акцыі “Бессмяротны полк Лепельшчыны”.
img_1411Святочныя мерапрыемствы набывалі ўсё большы размах. На гандлёвых вітрынах Лепельскага райспажыўтаварыства лепяльчанам прапаноўваліся апетытныя мясныя, кулінарныя вырабы і напоі. Тут жа можна было пачаставацца гарачым шашлыком. Бацькі набывалі дзецям сувеніры.
І дзяцей, і дарослых зацікавіла выстава ваеннай зброі і тэхнікі, арганізаваная ваеннаслужачымі 19-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады перад уваходам у парк. Госці свята актыўна збіраліся на тэматычнай пляцоўцы “Палявая пошта”. Жадаючыя выканаць песні ваенных гадоў праявілі свае вакальныя здольнасці на пляцоўках “Жывы мікрафон”, “Праспяваем, сябры!”. Удзельнікі хору народнага клуба “Ветэран” выканалі песні ваенных гадоў.
Непаўторныя вырабы майстроў Лепельскага раённага Дома рамёстваў, народных умельцаў, выхаванцаў раённага Цэнтра дзяцей і моладзі радавалі вочы гледачоў. Прыгожыя лялькі, саматканыя паясы, сувеніры, вырабы з гліны і дрэва, саломкі, вязаныя рэчы ўражвалі сваёй арыгінальнасцю і мастацкім каларытам. Усім жадаючым прапаноўвалася стаць удзельнікамі бяспройгрышнай латарэі. Вялікую цікавасць у гледачоў выклікала выстава твораў на ваенную тэматыку, падрыхтаваная выхаванцамі мастацкага аддзялення дзіцячай школы мастацтваў. Побач былі падрыхтаваны выставы з фондаў краязнаўчага музея “У баях за Радзіму”, выстава-агітцягнік “Свяшчэнную памяць захоўваючы аб вайне”. Уразілі гледачоў творы мастака Аляксея Ляшчова, прадстаўленыя на выставе “Героі Вялікай вайны”.
Пакупнікі набывалі пернікі, ласункі, прыгатаваныя работнікамі філіяла Лепельскі хлебазавод ААТ “Віцебскхлебпрам”. А якое ж свята без апетытнай салдацкай кашы? І пажылыя, і моладзь частаваліся свежапрыгатаванай кашай ва ўтульнай палатцы.
Нямала гледачоў сабралася на пляцоўцы кінапаказаў “Пераможны май”. Выдатная святочная праграма была падрыхтавана і для дзяцей. Хлопчыкі і дзяўчынкі забаўляліся на атракцыёнах, прымалі ўдзел у конкурсах, каталіся на каруселях.
Выдатны настрой лепяльчанам падарыла тэматычная канцэртная праграма “Дзякуй за мірнае неба над намі!” ў летнім амфітэатры. Уразілі гледачоў яркія выступленні артыстаў Лепельскай дзіцячай школы мастацтваў — юных вакалістаў, музыкантаў і танцораў.
Свята працягвалася і ў вячэрні час. Станоўчыя эмоцыі гасцям падарыў флэшмоб на песню “Кацюша” ў летнім амфітэатры. Яркія ўражанні пакінулі выступленні артыстаў раённага Дома культуры на канцэрце “Вясна, Перамога, песня і каханне…” Яркім жа завяршэннем свята стаў танцавальны вечар “Энергія ў рэжыме “Non-stop”.
Вялікі дзякуй вам, дарагія ветэраны, за ваш бессмяротны подзвіг, за нашу слаўную Перамогу!
img_1226-kopiya img_1242 img_1297 img_1376 img_1452-kopiya img_1511 img_1514 img_1516 img_1525 img_1534 img_1565 img_1594 img_1611 img_1615 На здымках: яркія акорды свята.
Святлана ВАЗНЯК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>