Возможность получения целевого направления

tselevaya-podgotovka-spetsialistov1 Падышоў да заканчэння навучальны год, большасць выпускнікоў лепельскіх школ ужо выбрала для сябе прафесію, далейшую жыццёвую дарогу. Частка іх абіраюць прафесіі сельскагаспадарчага накірунку. Пра магчымасць атрымання мэтавага накіравання гутарым са спецыялістам па кадрах упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Жаннай Кажан.

— Жанна Пятроўна, колькі месцаў у вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных установах плануецца выдзеліць для нашага раёна?
— Размеркаванне мэтавых накіраванняў рэгулюецца рашэннем Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, якое будзе прынята і даслана ў канцы мая. З вопыту мінулых гадоў магу сказаць, што будзе выдзелена каля 30 накіраванняў па розных спецыяльнасцях аграпрамысловага комплексу.
— Калі і куды звяртацца за мэтавым накіраваннем?
— Ва ўпраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, да спецыяліста па кадрах. Дарэчы, ужо пяцёра выпускнікоў звярнуліся да нас, пакінулі свае заяўкі, каардынаты. Так што не варта губляць час.
Са свайго боку заўважу, што і мы маем трывалыя кантакты са школамі, вядзём, так бы мовіць, прафарыентацыйную работу. Стараемся выявіць школьнікаў, якія маюць жаданне працаваць на вёсцы, каб у далейшым заключыць з імі дамовы на мэтавае навучанне. Прычым не толькі на вакансіі спецыялістаў, а і па рабочых прафесіях.
— Апошнімі гадамі з будучымі студэнтамі заключаюцца трохбаковыя дамовы з удзелам самога абітурыента, навучальнай установы і сельгасарганізацыі…
— Так, гэта добрая практыка. На жаль, не ўсе сельгасарганізацыі ёй карыстаюцца. Найлепш справа мэтавага навучання пастаўлена ў ААТ “Чарэйшчына”. Гаспадарка заключае такія дамовы, увесь час навучання плаціць студэнтам надбаўкі да стыпендыі па дзве-тры базавыя велічыні ў месяц. Да таго ж студэнты праходзяць практыку і стажыроўку непасрэдна ў гаспадарцы. І пры гэтым ёсць магчымасці кар’ернага росту, павышэння дабрабыту. Паказальны прыклад Аляксея Дзёмкі. Скончыў Слабадскую школу, паступіў у Лепельскі дзяржаўны прафесійны ліцэй. Аднак ён вырашыў не заседжвацца на адным узроўні, а ладзіць кар’еру. Пасля заканчэння ліцэя ў 2010 годзе крыху папрацаваў і ў той жа год прыйшоў да нас з пытаннем аб вучобе па мэтавым накіраванні. На хлопца звярнулі ўвагу ў “Чарэйшчыне”, накіравалі ў Беларускі дзяржаўны аграрна-тэхнічны ўніверсітэт. Хлопец там паспяхова вучыўся, разам з асноўнай спецыяльнасцю — “кіраўніцтва аховай працы ў сельскай гаспадарцы” — асвоіў дадатковую — “кіраўніцтва арганізацыямі і падраздзяленнямі ў АПК”. У 2015-м вярнуўся ў раён, працаваў у ААТ “Чарэйшчына” спачатку інжынерам-механікам, а праз месяц яго прызначылі загадчыкам рамонтна-механічнай майстэрні. За няпоўныя два гады ён двойчы вучыўся на курсах павышэння кваліфікацыі, быў залічаны ў кадравы рэзерв. А з сёмага красавіка Аляксея Дзёмку прызначылі загадчыкам сектара механізацыі і інтэнсіфікацыі сельскагаспадарчай вытворчасці раённага ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання. Перад хлопцам адкрываюцца новыя перспектывы.
— Не забудзем яшчэ і пра матэрыяльнае стымуляванне…
— Так, у сельскай гаспадарцы пакуль што не самыя высокія заробкі. Для маладых спецыялістаў да пяці гадоў прадугледжаны даплаты з рэспубліканскага бюджэту, якія дасягаюць ста рублёў у месяц. У сельгасарганізацыях працуюць восем такіх спецыялістаў. Акрамя гэтага, для іх прадугледжваецца магчымасць выкупу дзяржаўнага або ведамаснага жылля.
— Вы ўзгадалі ААТ “Чарэйшчына”. А як іншыя сельгасарганізацыі?
— “Чарэйшчына” — прыклад працы з кадрамі. У апошнія гады гэтая праца актывізавалася ў СВП “Пражэктар”, СВФ “Заазер’е”. У апошнім, дарэчы, на сёння працуюць тры маладыя спецыялісты да пяці гадоў: заатэхнік-селекцыянер, бухгалтар і праграміст.
— У якія навучальныя ўстановы мяркуеце выдаваць накіраванні?
— З мінулага года ў веданні Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання засталіся толькі чатыры вышэйшыя навучальныя ўстановы: Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт, Беларускі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт, Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія і Віцебская акадэмія ветэрынарнай медыцыны, а таксама аграрны каледж пры Віцебскай ветэрынарнай акадэміі ў Лужасне. Астатнія навучальныя ўстановы пераведзены ў веданне Міністэрства адукацыі, у тым ліку і наш аграрна-тэхнічны каледж.
— А калі абітурыент захоча паступаць менавіта ў наш каледж ці, скажам, у Гарадоцкі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж, дзе, дарэчы, атрымлівалі адукацыю па сельгасспецыяльнасцях многія лепяльчане?
— Такая магчымасць таксама ёсць. У дадзеным выпадку без удзелу райсельгасхарчу. Калі сельгасарганізацыі патрэбны спецыялісты, якія рыхтуюцца ў дадзенай навучальнай установе, то яна мае права заключыць дамову аб мэтавым навучанні. Да гэтага, дарэчы і мы са свайго боку падштурхоўваем адміністрацыі сельгаспрадпрыемстваў.
На завяршэнне хачу сказаць, што па стане на канец мінулага года сельгасарганізацыі Лепельшчыны былі поўнасцю ўкамплектаваны спецыялістамі — лепшы паказчык у вобласці. І на бліжэйшую перспектыву пэўны рэзерв ёсць. Аднак гаспадаркі з пачаткам веснавых палявых работ адчуваюць патрэбу ў жывёлаводах, трактарыстах.
Васіль МАТЫРКА.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>