Пробовал окорок порезать на меньшие куски, но нож был туповат

sbityj-losМяса любяць амаль усе. Чаму амаль? Ды вегетарыянцаў маю на ўвазе. Таму і “амаль”. Аматарам дзічыны быў і жыхар адной з вёсак Лепельшчыны Іван Лысенка (прозвішча зменена). Ён і стаў галоўным персанажам нашага далейшага аповеду. Пра гэту крымінальную гісторыю распавёў супрацоўніку рэдакцыі намеснік пракурора раёна Віталь Жыгімонт.
…У той снежаньскі зімовы дзень паехаў Іван на “Жыгулях” знаёмага Віктара Грыгор’ева ў вёску Бабцы суседняга Докшыцкага раёна на аўтазапраўку. Гаспадар аўто па баках дужа не паглядваў, бо за рулём быў. Пасажыр жа ад нечага рабіць аглядваў запаведніцкі пейзаж. Там напачатку нічога дужа адмысловага не бачыў. Пакуль не даехалі да аўтобуснага прыпынку. Непадалёк вочы зачапіліся за ласіную тушу. Жывёліна нерухома ляжала ў кювеце. Напэўна, збіла машына. Іван падзяліўся навіной з кіроўцам. Той “жыгулі” не прыпыняў. У яго была іншая пільніца — “накарміць” вернага чатырохколавага “скакуна”.
Па дарозе назад, калі даехалі да запаветнага месца з гарой мяса, Іван паляпаў вадзіцеля па плячы:
— Ведаеш што, Віця, спыніся.
— Навошта?
— Справа ёсць…
Не ведаем, як там было на самой справе, але такую версію выказаў на судовым пасяджэнні І. Лысенка. Маўляў, Віктар Грыгор’еў ніякага дачынення да ласёвай тушы не мае. Сваімі намерамі Іван не дзяліўся са знаёмцам.
— Ну трэба дык трэба, раз прыспічыла, ідзі, — пагадзіўся вадзіцель.
Іван падхапіўся з мяккага сядзення і выкуліўся на халадэчу. Як-ніяк зімовы дзянёк дагараў на двары. Пасажыр жвава падбег да тушы жывёліны. Тая не падавала прыкмет жыцця. Сяголетак прыкладна двухгадовага ўзросту, па словах Лысенкі, сканаў нядаўна. Мусіць, цёпленькі яшчэ бачок быў.
Іван вярнуўся ва ўтульны салон.
— Ну што тут стаяць, паехалі!
— Паехалі.
Віктар газануў. “Жыгулёнак” раўнуў рухавіком, імпэтна пачаў накручваць на колы асфальтавую стужку дарогі.
— Віця, ты падкінь да майго двара, — папрасіў Іван знаёмца.
Той не адмовіў. Перад тым стала вядома, што вадзіцель збіраецца ў новую паездку ў бок ракі Бярэзіна. Іван наматаў на вус інфармацыю. Стрэмкай засела ў галаве задума пакаштаваць ласінага мясца. Дармавы прадукт. Навошта, каб сапсаваўся ці ваўкі расцягнулі вантробы па лесе. Лепш у каструлі няхай пабулькае. Мясцо ж экалагічна чыстае, лясны дарунак, словам.
— Калі паедзеш па сваіх справах, прыхапі мяне. Нам акурат па дарозе, — папрасіў знаёмага.
Той у знак згоды кіўнуў галавой.
Ва ўмоўленым месцы Віктар прытармазіў. Пасажыр затрымліваць яго не стаў. Проста папрасіў прыхапіць на зваротным шляху. Ну раз просіць чалавек, чаму адмаўляць. Не шапачна ж знаёмства. Не першы год адзін аднаго ведаюць.
Борздзенька пакрочыў аматар ласяціны да тушы. Раз-пораз азіраўся па баках. Сведкаў не хацелася мець. Траса ж ажыўленая. Усялякае можа здарыцца.
Туша была на месцы. Іван хуценька выразаў важкі кумпяк і кінуў дармавы набытак у загадзя прыхоплены мех. Далікатэсны кавалак цягнуў не на адзін кілаграм. У галаве мройна завіхрылі эпізоды будучага застолля. Смаката! І слінкі толькі паспяваў каўтаць мужчына.
Прыстоіў на ўзбочыне трасы. Нервова пазіраў у той бок, адкуль павінен быў паказацца легкавік. І аўто неўзабаве паказалася. Спынілася. Іван кінуў мех у машыну. Сам скокнуў у салон.
Мех потым паклаў у свой драўляны гараж. Спрабаваў парэзаць кумпяк на меншыя кускі, але нож быў тупаваты. А скура ласіная — нібы тая браня. “Не буду дарэмна сілы траціць, — падумаў Іван. — Дома вастрэйшы нож вазьму”. Відаць, дужа карцела мужчыне як мага хутчэй пасмакаваць далікатэсу.
Дома сядзелі яго і Віктарава сужыцелькі. Ім і паведаміў прыемную навіну…
На судовым пасяджэнні Іван Лысенка поўнасцю адмаўляў дачыненне Віктара да ласінай эпапеі.
На судзе скрупулёзна ўзважылі ўсе здабытыя раней доказы. Па месцы жыхарства Іван Лысенка характарызаваўся станоўча. Мужчына быў інвалідам трэцяй групы. Пражываў у вясковай хаце разам з састарэлай маці. Пакаранне атрымаў такое: пазбаўленне волі на адзін год. Да таго ж з улікам усіх абставін гуманна вырашана не прыводзіць прыгавор у дзеянне, калі на працягу года падсудны не ўчыніць новага злачынства.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>