Два выратаваныя жыцці

Шмат падзей адбылося ў жыцці Яўгена Жарнасека з лясной вёсачкі Стайск, ад якой у запаведных нетрах засталіся толькі некалькі нежылых пабудоў. У 1957 годзе 19-гадовым юнаком трапіў на армейскую службу ў Рыгу. Пасля трохгадовай муштры па аргнаборы падаўся ў казахстанскую Акмалу, якую з-за перакладу слова на рускую мову як Галодная Магіла пазней перайменавалі ў Цалінаград, а потым зрабілі сталіцай Казахстана з назвай Астана.

У 1965 годзе звёз дзяўчыну са Стайска Марыю Стэльмах у цалінны саўгас “Карасускі” Паўладарскай вобласці. Праз год яна нарадзіла сына Жэню. А яшчэ праз год пераканала мужа вярнуцца на Лепельшчыну. З таго часу і да пенсіі Яўген хлеб развозіў па магазінах раёна. Але пра ўсё давялося выцягваць з яго па крупінцы, бо нічога адметнага ў сваім жыцці Яўген не бачыў. А вось два выпадкі запомніў, нават ганарыцца імі. І сапраўды ёсць за што! Яўген Жарнасек выратаваў двух чалавек ад смерці, якія жывуць да гэтага часу і ўдзячныя свайму выратавальніку.
Зіма 1964 года выдалася марознай. Тэрмометры зашкалівалі. А моладзь усё адно сцюдзёнымі начамі хадзіла на танцы ў суседнія вёскі. Яўген Жарнасек якраз прыехаў у водпуск і разам з аднавяскоўцам Косцем Стэльмахам скіраваўся са Стайска за пяць кіламетраў у Велеўшчынскі клуб. Лесам ісці было добра. Мароз хоць і балюча шчыпаў твар ды залазіў у Косцевы хромавыя боты, аднак вецер не даймаў. Калі ж гушчар скончыўся, заставалася кіламетры з паўтара да Велеўшчыны. Санная дарога знікла — завея снегам занесла. Пайшлі цаліной нацянькі і адразу заўважылі чорную пляму на патануўшым у цемры заснежаным полі. За віхурай не разабраць, што гэта. Калі калода з воза звалілася, то чаму да гэтага часу не занесеная дуйкай?
Падышлі і жахнуліся. На бездарожжы ляжаў чалавек. Памацалі — цёплы, але на ногі не становіцца, настолькі скарчанеў. У небараку пазналі Мішку Пыцька з Велеўшчыны. Яўген узваліў яго на плечы і панёс прама на край Велеўшчыны, дзе жылі Пыцькі.
Цяпер Яўген сам здзіўляецца, як здолеў чалавека пранесці паўтара кіламетра па сумётах і ў пранізлівы вецер. Холаду не адчуваў, бо адзенне наскрозь прамокла ад поту — так горача было.
Мішкава жонка Валя адразу кінулася прыводзіць у пачуццё мужа. Яго ратавальнікам паведаміла, што яшчэ днём ён пайшоў у Стайск да цешчы дапамагчы штосьці зрабіць. Па дарозе назад выбіўся з сілаў і пачаў замярзаць. Так і загінуў бы, каб стайскія хлопцы выпадкова не наткнуліся на яго.
Дасталася і Косцю: падмарозіў ногі ў модных хромавых ботах. А Яўгенаву майку і сарочку Валя сушыла прасам — да таго іх пот вымачыў.
* * *
Жарнасекі жывуць па 1-м Бярэзінскім завулку. Каля двух гадоў таму назад вырашыў Яўген на рыбу схадзіць. Падаўся за хлеў чарвей капаць. Раптам пачуў трывожны крык суседскай дзяўчыны Веры. Кінуўся ў яе двор. Тая лямантуе і на дом паказвае, знутры якога дым прабіваецца. Скрозь слёзы паведамляе, што ў памяшканні знаходзіцца яе стрыечны брат Яўген Барчук. Яўген Жарнасек кінуўся на дапамогу. Усе пакоі былі запоўненыя дымам. Каля падлогі ён быў радзейшы. Лёг і папоўз, мацаючы наўкола рукамі. І намацаў чалавека, да якога ўжо дабраўся агонь. Схапіў таго за дзягу і павалок вонкі. Ледзь не задыхнуўся ў дыме сам, але выцягнуў непрытомнага небараку. Толькі на вуліцы агледзеў, што гэта і ёсць яго цёзка Барчук. На ім курадымілася адзенне, абгарэлі сукрыстыя валасы.
Хутка пад’ехалі пажарныя і медыкі. Яўгена Барчука забралі ў бальніцу, пажар затушылі, не выпусціўшы “чырвонага пеўня” вонкі. А пра ўчынак Яўгена Жарнасека ў “Лепельскім краі” напісалі ў нататцы пад загалоўкам “Выратаваў небараку”.
* * *
На пытанне, чым займаецца цяпер, Яўген Жарнасек адказаў:
— Вуджу рыбу на любімым возеры Вогзіна.
— Вам засталося яшчэ тапельца выратаваць, — жартую.
— І не задумаюся, — сур’ёзна адказвае Яўген. — Адразу кінуся на дапамогу.
Уладзімір ШУШКЕВІЧ.
На здымку: Яўген Жарнасек.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>