На этот раз дед Пашка вспоминает самые трагические страницы

pavel-malya%d1%9ekaЧарговы раз слухаю ўспаміны васьмідзесяцівасьмігадовага Паўла Маляўкі з Лазовікаў. Надзвычай цікавы мемуарыст — з яснай учэпістай памяццю і добрымі задаткамі апавядальніка. На гэты раз дзед Пашка прыгадвае самыя трагічныя старонкі нашай гісторыі, звязаныя з Вялікай Айчыннай вайной 1941 — 1945 гг.

“Бомбы падалі,
як бульбачка”
Я пайшоў кароў пасвіць калгасных. Падпаскам быў. Калі пасвілі, якраз вайна пачалася. Мужыкі прыходзілі на поле за коньмі і сказалі. А радыё не было.
Побач з намі аэрадром быў. Стаялі аднаматорныя самалёты, вучэбныя. Не помню, на каторы дзень вайны кароў пасвілі калгасных. Гадзін у дзевяць з боку Гарадчэвічаў ішлі два самалёты бамбіць. І адзін, калі ўзлятаў з аэрадрома, не бачылі, стаў страляць з кулямётаў. Гляжу на іх — хлапок. Толькі пырснулі мне пясчынкі на твар — куля каля маіх ног увайшла ў зямлю. І тут адзін самалёт пачаў нахіляцца над аэрадромам, ад яго сталі аддзяляцца, як бульбачка, бомбы, а далей не відно за дрэвамі. І зноў выбухі. На краі аэрадрома было гаручае — цыстэрны стаялі, але не дацягнулі бомбы туды. Нямецкія самалёты зноўку круг зрабілі паміж Лазовікамі і Пунтамі і на нашым полі пяць бомб скінулі. Адна ўзарвалася каля Горак, там вялікую яму выкапала. У той варонцы бабы колькі гадоў бялізну паласкалі. Самалёты яшчэ адзін заход над аэрадромам зрабілі.
У 1941 годзе мне было чатырнаццаць гадоў. Што я адзін у сям’і! Дзед — стары. Добра, што бацька яшчэ да вайны, тады ён быў брыгадзірам, даваў мне араць на лёгкім плузе. Таму араць я ўмеў. Дзед толькі з сявалкай хадзіў, а я заворваў усё. Матка жала тады. Так і жылі. У вайну нейкая чутка пайшла, што трэба спячы дзевяць булак хлеба і разнесці па вёсках. Нашы пяклі, а чаго пяклі, не ведаю. У Жэжліна панеслі, а там не ведаюць, дзе свой дзець.
* * *
Наехалі неяк народнікі. Сядзім вечарам у хаце. Шум у вёсцы — партызаны. У Горках размясціліся. У Лазовіках, на краі, папярэдні пост быў. Партызаны збіралі з вёсак мужыкоў, моладзь, каб капаць траншэі. Аднаго разу з Зорніцы вёў партызан моладзь. Шашэйную дарогу пераходзілі, а з Лепеля на Заслонава ехала Камінскага армія народная — народнікі. Іх яшчэ называлі арлоўцамі. Яны за немцаў былі. Бачаць — натоўп людзей. Яны тады партызана забралі, а людзей адправілі дамоў.
Партызаны спахапіліся, што іхняга доўга няма. Двое на павозцы пад’ехалі да паста ў Лазовіках і паехалі далей у бок Зорніцы. Убачылі партызаны, што едзе шмат павозак, саскочылі па розныя бакі. Конь пайшоў далей, а яны сталі ўцякаць. Па іх стралялі. Некалькі мін на Горкі пусцілі. А партызаны, пачуўшы стральбу, з Горак адступілі. Сэнсу не было супраціўляцца.
Мы ў склепе схаваліся. Народнікі нам сказалі, каб выходзілі, а то гранату пагразілі кінуць. У Горках сталі мальцаў гадоў па васямнаццаць і маладых мужыкоў набіраць. Праз некалькі дзён у газеце пішуць, што з Горак выбілі партызан, захапілі склады. Стаялі калгасныя свірны. Калі партызаны там што і захоўвалі, забралі з сабой. А народнікі пішуць, што захапілі харчовыя склады, забралі ў палон сорак аднаго партызана. Народнікі размясціліся ў Горках і ў Дварцы. У Дварцы патрымалі тых мужыкоў некалькі дзён. Зноў у газеце пішуць, што партызаны згадзіліся ўзяць зброю і ваяваць у народнай арміі.
З Параф’янава на Лепель незадоўга да адступлення немцы будавалі вузкакалейку. Для гэтага сталі па вёсках моладзь набіраць. Я таксама падыходзіў. Калі да нас прыйшлі ў хату, я ляжаў, коўдраю накрыўшыся. Маці сказала, што захварэў. Адправілі да іх фельчара па даведку. Той памераў мне тэмпературу. Даведку атрымаў. Не ведаю, можа, маці што за гэта фельчару давала.
Воласць была ў Гарадчэвічах. І калі партызаны прыйшлі ў Чэрцы адвячоркам, а тады пайшлі ў Гарадчэвічы, там старастам быў бургамістр з Бачкароў — Васька, з Горак Крэчык быў паліцэйскім. З Будзішча прыйшлі на прыпіску ўдвух. Бургамістр сказаў, што не будзе прыпісваць усякіх бадзяг. Пазняк быў сакратаром там, угаварыў, каб прыпісалі людзей. А потым гэтыя былыя палонныя пайшлі ў партызаны. Вось яны і прыйшлі ў воласць, і гэтага бургамістра застрэлілі. Пазняку сказалі: “А ты, бацька, яшчэ пазімуй”. Так ён вайну і пражыў спакойна.
Калі немцы адступалі, прыслалі мне позву, каб з’явіўся ў Зорніцу. Там арганізоўвалі самаабарону. Але я не з’явіўся. А мясцовым зброю падавалі. Тыдзень-два — рускія прыйшлі. Не ведаю, куды яны тую зброю падзявалі.
Немцы самі застрэлілі паліцэйскага Крэчыка. Нехта паскардзіўся ў камендатуру, што паліцэйскія Гарадчэвіцкай воласці рабуюць у якіхсьці вёсках. Крэчак з нейкай вайны ў нас застаўся, ці то чэх? Як немцы прыйшлі, адразу пайшоў на службу. Гаварыў ён як мясцовы.
З партызанамі мне не давялося сутыкацца. Толькі так. Гаварылі — дэсантнікі. Адзін з шабляй быў, адзін з вінтоўкай, у ваеннай форме. Па хатах прыходзілі і пыталіся, ці засталіся дзе ваенная амуніцыя, зброя. Калі нашы адступалі, запалілі склады ў Заслонаве і Бароўцы. Эшалонамі вывозілі, але было запасаў столькі, што не спраўляліся. У Бароўцы пагружаны эшалон спалілі. Амаль суткі гарэла ў Заслонаве і ў Бароўцы. Страшны гук стаяў, як ірваліся снарады.
* * *
Немцы ў Лазовіках зрабілі на раз’ездзе эстакаду. Перашылі чыгунку на вузкакалейку. Калі адступалі, рэйкі рвалі ў двух месцах. Наперадзе ваганетку коцяць, а самі ідуць і адзін пад адну рэйку, другі пад другую ўзрыўчатку кладуць. А ззаду ідуць і падпальваюць шнуры. Далёка асколкі ляцелі. Пасля мы ўжо даведаліся. У Заслонава прыйшлі нашы і заначавалі. І дзве міны ўзарваліся ўздоўж чыгункі. Тады яны перасталі рваць і паехалі.
На баравенскім полі, напэўна, у машынах у іх было многа ўзрыўчаткі. І машыну тую ўзарвалі, і ўзрыўчатку. Там яма была глыбокая. За Бораўнам тры ці чатыры танкі засталіся.
У Лазовіках немцы з тыдзень стаялі. У Данілы Аксяновіча былі суровыя. У Міхалове ў старога авечку зарэзалі. У Навіны пайшлі — кошык яек прынеслі. А ў нас у хаце стаялі мірныя — маці бульбу ім варыла. У нас звычайна чысцяць, а ім трэба са шкарлупкамі. Калі сталі выязджаць, ад запальнічкі каменьчыкаў адзін, другі, трэці даў. У кожным народзе ёсць і добрыя, і дрэнныя. І сёння ў нас ёсць такія, па вуліцы ходзяць і толькі гарэлку п’юць.
У вайну на немцаў не давалося працаваць. Больш немцы бралі з партызанскіх краёў. Помню, калі блакада ва Ушачах была, бежанцы ў нас жылі. Я яшчэ і не быў у гадах, каб забраць на работы. У нас тут не было партызан.
Помню, немцы на чыгунцы масты ахоўвалі. Іх знялі на фронт. Партызаны прыйшлі, папалілі. Збіралі каля дарогі смецце і пад мост клалі — каля Жарсцвянікаў на дарозе пад гарой. Туды ўжо не павялі людзей, запалілі мост на дарозе. А потым немцы зноў будавалі. З Бораўна на Жэжліна ішла чыгунка. Якраз у 1944-м, у суботу перад Вялікаднём, узарвалі. Усе гаварылі, навошта ўзарвалі мост чыгуначны. Там руху не было праз рэчку Улу. А дзесьці праз месяц іду цераз пераезд — немцы, расклаўшыся, ляжаць, абедаюць. Сталі ўзнаўляць чыгунку. Праз Улу сталі будаваць драўляны мост.
Партызаны прыходзілі. Аднаго разу па вясне сказалі па два мяхі зерня і па авечцы даць. Арганізавалі мужыкоў з павозкамі, тыя да нейкай вёскі давезлі, і тады партызаны ўзялі коней ужо самі.
Была на зарняцкім полі чыгуначная казарма, там некалькі сем’яў жылі. Калі з Валосавічаў народнікаў выбілі, яны там спыніліся. Абнеслі зямлёй, двухметровымі сценамі. Адна сцяна, другая, а паміж сцен зямлёй засыпалі. Рабілі байніцы. У Пунтах я быў у цёткі, бачу: партызаны ідуць у разведку. І стральба пачалася. На наступны дзень стараста загадаў мне і дзяўчыне адной малако народнікам несці. Тыя паміж сабой гаварылі, што хацелі ўцякаць на Бораўна, але партызаны адышлі. А тады куды падзеліся народнікі?.. Партызаны прыехалі і спалілі казарму.

Раманенка
з Вішанек
У вайну спалілі Вішанькі. Тады ў Горках жыў Раманенка Іван. Начальнікам пошты ў Заслонаве рабіў. У Гарадчэвічах немцы стаялі і на Вішанькі наступілі. Партызанаў там не было — зайшоўшы, шэсць немцаў забілі. Назаўтра Раманенка гаварыў жонцы: “Запражом каня, выедзем куды падалей”. Яна забаялася, бо ў пялёнках дзіця. Ён узяў двух большых сыноў і пайшоў у балота. Назаўтра з балота глядзеў, як вёска гарыць. Згарэлі жонка, у пялёнках дзіця і яшчэ, напэўна, дзіця. А з сынамі Раманенка жывы застаўся. У Заслонаве прыжаніўся, яна ўдава была. Старэйшы сын вучыўся, тады нейкім начальнікам быў на чыгунцы. А другі быў прайдзісвет.

Забойства
яўрэйскай сям’і
Жыла яўрэйская сям’я — маці і дзве дачкі. Там, дзе цяпер Заслонава, была вёска Ласасніца. Мельнікам бацька быў іхні. Калі гарадок будавалі, перасялялі ў Горкі. Бацька памёр, а два сыны іх былі ў Расіі. Маці з дочкамі жылі ў Горках. Дом перавезлі. У калгасе ўжо восенню бульбу капалі, як немцы прыйшлі. Нехта данёс, што ў Горках яўрэі жывуць. Людзі думалі, што гэта паліцыя данесла. Адкуль немцы ведаюць, што тут яўрэі жывуць?
Едуць удвух на конях. На шапках — арлы, на грудзях — бляшкі, напэўна, жандармерыя. Праз некаторы час едуць яшчэ ўдвух такія. Тады чую стрэлы. Чуткі пайшлі па вёсцы — расстралялі яўрэяў тых. Маці дома была, а дочкі ў Палянях. Тады прывезлі. Вывелі ў калгасны сад. Двое стралялі ў маці і дачку, а трэцяя яшчэ крышку адбеглася, і яе застрэлілі. Быў тут Мішка з Горак — валёнкі ў старой зняў. Ямку выкапалі і ў адну ўсіх закапалі. Цяпер там можа нават і дом пабудавалі. Там зараз цэлая вуліца. Калі раней коньмі аралі, бугор гэты пакідалі — бур’янам заросшы быў. Пасля вайны прыехаў сын, папрасіў Якуша Семянько паказаць, дзе яны пахаваны. Папрасіў адкапаць, каб упэўніцца. Як адкапаў да вопраткі, папрасіў больш не капаць.
Дом іх вялікі застаўся. Школа знаходзілася ў ім. Тут была адна, што нарадзіла хлопчыка ад яўрэя. Пры немцах баялася, каб не сказалі, што ад яўрэя. Той, што прыязджаў, аддаў дом хлапчуку гэтаму.

Пра Гельфіна
У Лепелі жыў яўрэй Гельфін, ён быў добрым доктарам. У вайну мой цесць ездзіў да яго вочы лячыць. Тады ўсіх яўрэяў пастралялі, а яго пакінулі. Ён і сваіх, і немцаў лячыў. Яўрэем было забаронена па тратуарах хадзіць. У іх на левым плячы латка была прышыта і ззаду. Ён ішоў па вуліцы, і немцы падбілі яго машынай. Цесць, калі да яго ездзіў, казаў, што хацеў адступаць з рускімі, але кідаць дом жонка не хацела. Ён расказваў цесцю, як іх вучылі. Цяпер, казаў, дзвесце вучаць і дзвесце выпускаюць, а калі ён вучыўся, было сорак чалавек і толькі васямнаццаць урачоў выйшла.
Запісаў
Міхась ВАЛОХА.
На здымку: дзед Пашка ўспамінае.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>