С поля боя меня вынес молодой связист

img_0780На адным з дамоў па вуліцы Эсенскай прыбіта адмысловая таблічка, па якой і пазнаём хату ветэрана Вялікай Айчыннай. Шчыра кажучы, хаціна някідкая. Ва ўсякім разе, значна саступае дыхтоўным суседскім, чые гаспадары, відаць, і жвавейшыя, і маладзейшыя.

Зразумела, жывуць тут людзі небагатыя і немаладыя. Гаспадару дзевяноста першы пайшоў, не нашмат меней і гаспадыні — восемдзесят восем. Па словах Аляксандра і Яўгеніі Суворыных, жывуць яны разам ужо шэсцьдзясят восьмы год, а пажаніліся ў далёкім пяцідзясятым. Дом гэты — спадчына Яўгеніі Ягораўны. Багата пабачыў, шмат каму даў прытулак. Ды і зараз часам збірае разам сваякоў. Энергетыка тут добрая. Вось і ветэран нікуды адсюль выбірацца не хоча. Кліча сын з нявесткаю да сябе, хаця б на зіму. У іх кватэра гарадская, прасторная, месца хопіць. Не і ўсё. Люба тут, у някідкай хаціне, старому чалавеку, які пражыў у ёй большую частку свайго жыцця.
-1-
Аляксандр Аляксеевіч з Расіі. У сяле Тугалукава, на Тамбоўшчыне, прайшлі яго дзіцячыя і юнацкія гады. Рос хлопец не ў вялікай выгодзе, бо гадаваўся ў мнагадзетнай сям’і простых калгаснікаў, а таму змалку ведаў, што такое праца, як няпроста людзі зарабляюць на хлеб. І сам вырас звычайным працаўніком, які ніколі не шукаў хлеба лёгкага і ніколі не цураўся ў жыцці чарнавой працы.
Ён і на вайне, на якую пайшоў яшчэ такім юным, быў сярод тых шарагоўцаў, якія неслі сваю цяжкую жыццёвую ношу з акопа ў акоп, з траншэі ў траншэю. Ён быў сярод тых “чорнарабочых” вайны, якія не думалі пра славу, не спадзяваліся на ўзнагароды, а лезлі пад кулі, падымаліся ў атаку на поўны рост. І менавіта без іх святой акопнай праўды ніколі не было б Перамогі.
Амаль падлеткам, фактычна са школьнай парты, пайшоў Аляксандр на фронт. Паспеў толькі сем класаў скончыць, калі позняй восенню сорак чацвёртага ішоў у армію іх прызыў — юнакоў, народжаных у другой палове дваццаць шостага года. На кароткі час трапіў у Мелікес у кулямётную роту Другога вучэбнага батальёна. Вучыліся абыходзіцца са славутым кулямётам “Максімка”. Доўга навучацца не давялося — Радзіма пылала ў вайне.
Дзевяностагадовы ветэран ужо не можа прыгадаць, як дабіраліся на фронт, як прымаў сваё першае баявое хрышчэнне. У памяці захаваліся толькі фрагментарныя ўрыўкі. Магчыма, арганізм такім чынам абараняецца, адмаўляецца памятаць самае жахлівае… Вось як былы аўтаматчык апісвае тое франтавое пекла:
— Лес. Балота. Елка таўшчынёю два метры ў абхопе. Абстрэл. Каманда: “Кладзіся!” І мы тварам у гразь. Акапацца хацелі, капнулі — вада. Галінак наламалі і двое сутак сядзелі ў такіх “акопах”, не падымаючы галавы, пакуль наша артылерыя не падаспела. А тады зноў каманда: “У атаку бягом марш! За Радзіму, за Сталіна!”…
Слухаю. Трымаю даведку пра яго раненне і — трымцяць рукі, не магу справіцца з хваляваннем… Падобная даведка ў мяне ў запаветнай шкатулцы дома — бацькава. Сапраўдныя рэліквіі акопнай праўды вайны. Ім у музеі месца, інакш сыдуць у нябыт, згубяцца разам з зыходам іх уладальнікаў. Чытаю: “Чырвонаармеец 935 стралковага палка Аляксандр Суворын 10 кастрычніка 1944 года цяжка паранены. Сляпое асколачнае раненне правай голені з пашкоджаннем косці і змяшчэннем, асколачнае раненне левага сцягна з пашкоджаннем сядалішчнага нерва”. Круглая пячаць і подпісы начальніка эвакуацыйнага шпіталя 4779 маёра Зайцава і загадчыцы медканцылярыі Вяршынскай.
Вось і ўсё дакументальнае сведчанне яго ваеннай эпапеі…
— Двухпавярховы домік на ўскрайку гарадка, — распавядае ветэран, назвы гарадка ён дакладна, на жаль, ужо не памятае, — дарога асфальтавая. Акопы ля дарогі, у якіх мы залеглі. Каманда: “У атаку шагам марш!” Падымаюся і бягу. Метраў пяцьдзясят прабег, як раптам снарад. Нагу апякло. Упаў, ускочыў і — зноў на зямлю. Бачу — паранены. Паўзком спрабую адпаўзці ў акоп, тут зноў снарад, асколкам — у нагу. З поля бою мяне вынес малады сувязіст, узяў дзве палкі, заматаў мяне дротам, узваліў на спіну і панёс. Па дарозе сустракаем капітана. Той на хаду яму: “За тое, што вынес параненага з поля бою, будзеш прадстаўлены да ордэна Чырвонай Зоркі”.
-2-
— А вы баявыя ўзнагароды маеце? — пытаюся.
— Медаль за баявыя заслугі… Дзесьці ўжо згубілася.
Баявыя ўзнагароды не губляюцца. Дзякучы гэтаму медалю і сайту “Подзвіг народа” ў інтэрнэце ўдалося дакладна ўстанавіць, дзе служыў чырвонаармеец Суворын і дзе ён быў паранены. Подзвіг яго апісаны наступным чынам:
“Таварыш Суворын уступіў у дзеючую армію 20.09.44 г. у складзе 935 стралковага палка 306 Чырванасцяжнай Рыбкінскай стралковай дывізіі 41 арміі Першага Прыбалтыйскага фронту радавым аўтаматчыкам. 10.Х.44 г. пры прарыве абароны немцаў і наступленні на горад Мемель (Усходняя Прусія) у складзе гэтай жа часці быў пад час сутычкі з праціўнікам цяжка паранены… Да 17.03. 45 г. знаходзіўся на лячэнні ў шпіталі, пасля чаго па стане здароўя быў звольнены з Чырвонай арміі. Таварыш Суворын — інвалід ІІІ групы, правай нагой не валодае ў выніку няправільнага зрастання касцей. У народнай гаспадарцы пакуль не працуе па стане здароўя. Дысцыплінаваны, граматны, культурны таварыш…”
З інфармацыі, змешчанай на сайце, таксама вынікае, што Аляксандр Суворын прадстаўляўся да ўзнагароджання медалём “За адвагу”, аднак у выніку быў узнагароджаны 28 красавіка 1945 года медалём “За баявыя заслугі”.
Дадому са шпіталя дабіраўся няпроста. Да Жэр’еўкі ехаў на цягніку, там звярнуўся ў мясцовы ваенкамат, каб дапамаглі дабрацца да Тугалукаў. Выдзелілі падводу, што перавозіла зерне. Дваццаць кіламетраў ехаў, і нават не на адной. Снег ляжаў глыбокі, да самага дому на падводзе не даехаў. Маці пераказалі, тая з санкамі прыбегла. Адмовіўся. Як жа яго, маладога хлопца, на санках павязуць! Доўга і пакутліва пераадольваў тыя метраў дзвесце на мыліцах.
* * *
А пасля працаваў аб’ездчыкам у родным калгасе. Затым падаўся да брата ў Рыбінск, адкуль па вярбоўцы трапіў у Ленінградскую вобласць на будаўніцтва электрастанцыі. Спачатку жалязякі цягаў шасціметровыя, пасля на станку крукі рабіў для бетоназвязкі. Скончыў курсы буравых майстроў, на станку для горных работ працаваў, а затым на вышуковым К-300. Перавялі на Нарву, дзе таксама будавалі электрастанцыю на вадзе. Працаваў на буравым станку, узначальваў брыгаду бурыльшчыкаў. Вапнякі даходзілі да пятнаццаці-шаснаццаці метраў таўшчынёю, было шмат рыбы.
-3-
Там жа злавіў ён і самы галоўны свой “улоў” — пазнаёміўся з будучай жонкаю. Пажаніліся, нарадзілі сына. І неўзабаве паехалі ў Беларусь.
Тут, у Лепелі, уладкаваўся ў 736 ДЭУ (зараз ДЭУ-34) вадзіцелем. Сеў на ГАЗ-51 і больш як трыццаць гадоў з яго не злазіў. Зайздроснае пастаянства ў прафесіі!
І амаль столькі ж гадоў ужо жыве пенсіянерам. Шмат дзе пабываў на адпачынку. Жонка кажа, што дваццаць пяць разоў ездзіў у санаторыі, усю Прыбалтыку, Расію, Беларусь аб’ехаў. “Ён там па санаторыях адпачывае, а мне тут адной на агародзе спраўляйся”.
Жартуе, вядома, кпіць. Яны ўжо за столькі гадоў разам адным цэлым зрабіліся. Унукі, праўнукі аб’ядноўваюць. Разам вялікае і важнае жыццё пражылі. Куды ж ім адзін без аднаго!
Суворын заўсёды заставаўся ў цені свайго светлага і важнага жыццёвага шляху, не быў ні камуністам, ні кар’ерыстам, не любіў высоўвацца, малявацца, не пахваляўся, не лез на трыбуны, хаця было чым пахваліцца. Ён не з бурапеністай, а з крэмніевай пароды людзей, якія прывялі нас са сваёй акопнай праўдай да Вялікай Перамогі.
Уладзімір МІХНО.
На здымку: Аляксандр Суворын.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>