Еще в первом классе Сереже предложили записаться в секцию таэквондо

syarg-kryvickiБываюць людзі, з якімі проста прыемна бачыцца, размаўляць, жартаваць, нават спрачацца. Мы, журналісты, маем справу з рознымі людзьмі. І, паверце, часам трэба быць добрым псіхолагам, каб разгаварыць чалавека, каб зазірнуць да яго ў душу, стрымацца, калі адчуваеш, што трапіўся суразмоўца “не з тваёй пясочніцы”, да якога не ляжыць душа. Важна не падаць нават і выгляду, а ўпарта шукаць кропкі судакранання і агульную мову. І такім псіхолагам урэшце становішся — з гадамі, з досведам.
Сяргей Крывіцкі — з тых, з кім размаўляеш і адпачываеш душою: без дакору, без панукання, без дарослых настаўленняў. Як быццам бы з роўным гутарыш, хоць яму шаснаццаты год па факце, а мне — толькі ў душы… Хлопец цікава і захоплена распавядае, мае сваю пазіцыю, сваю думку. І, вядома ж, увесь у юначых захапленнях — крыху яшчэ наіўных, затое светлых і радасных, без фальшы.
— Кожны чалавек марыць. Аб чым марыш ты?
— У мяне тры мары: стаць гітарыстам, ды-джэем, спартсменам.
— І, напэўна, адна мэта — быць знакамітым? Магчыма, нават славутым?
— Сумленна? Не без гэтага…
— Гэта добра, што ёсць добрыя амбіцыі. Галоўнае, не “перагнуць палкі”, каб пасля не расчаравацца, Ну і пальцаў не загінаць. Бо яшчэ ж ніводнай са сваіх мар не дасягнуў, так што няма пакуль чым асабліва хваліцца. А як ты ішоў да мары?
Як ён ішоў да сваіх мар? Звычайна, як і ўсе падлеткі, як і ўсе хлапчукі ў яго ўзросце з правінцыйнага гарадка, якім пашчасціла мець тыя ці іншыя здольнасці, ды не пашчасціла нарадзіцца ў вялікім мегаполісе.
Яшчэ ў першым класе Сярожу прапанавалі запісацца ў секцыю таэквандо. Чаму ён туды пайшоў? Трэба ж было неяк сцвердзіць сябе. Ён — хлопчык, павінен умець абараніць не толькі сябе, але і любога слабейшага. Хадзіў на ўсходнія адзінаборствы гадоў пяць, да шостага класа. І за гэты час авалодаў практычна ўсім, чым можна было там авалодаць. Дайшоў да зялёна-сіняга пояса.
— Белы пояс — гэта зусім навічок, — тлумачыць Сяргей, — бела-жоўты — імкненне, жоўта-зялёны — расток, зялёна-сіні — гэта ўжо калі нешта ведаеш, а пасля яшчэ сіні, чырвона-сіні, чырвоны, чырвона-чорны і ўрэшце — чорны. Чорны колер — жах…
Не будзем пра жах, тым болей, што ён застаўся ў мінулым, калі хлопчык у шостым класе сышоў у іншыя віды спорту. У гэты час яго ўжо заўважылі на фізкультуры і “запрэглі” напоўніцу. Што зробіш — спартыўны малы. Са спартыўнай сям’і, маці фітнесам займаецца, бацька ў маладосці быў спартсменам. Хто цягне, таго і запрагаюць. Сяргей Крывіцкі пабег вунь як шпарка! Спачатку — па лёгкай атлетыцы, быў восьмым, сёмым з трыццаці ўдзельнікаў спаборніцтва, а ў сёмым класе стаў першым. А потым каманда па зімовым шматбор’і перамагла ў раёне, рэзка выскачыла на вобласць і нечакана апынулася ў рэспубліцы.
— Нас там усё дзяўчаты абганялі на кросе, — расказвае Сяргей, — а потым мы іх абставілі на стральбе. І ў выніку занялі першае месца ў агульным заліку.
Спецыяльна ўзнагародаў не калекцыяніруе, аднак у яго скарбонцы ўжо сорак чатыры спартыўныя медалі з розных спаборніцтваў. Някепскі задзел для дзевяцікласніка на шляху да адной са сваіх мар — спартыўнай. Вось і нядаўна быў на кросе, беглі два кіламетры. Прыбег першым.
А потым прыйшло захапленне музыкай. Пачалося, калі пайшоў у ЦДМ на гурток гітары да Аляксандра Астроўскага. Праўда, Аляксандр Генадзьевіч больш прапануе класічныя варыянты музыкі, а дома Сяргей шукае тое, да чаго болей ляжыць душа. Слухае ACIDC, Rebhiot Chilli, “Бi-2”, Nirvana, Metallica. Спрабуе імправізаваць сам. Бацькам нічога не заставалася, як падарыць сыну на дзень нараджэння добры інструмент. З электрагітарай не расстаецца і зараз. Пачаў выступаць у Доме культуры, ездзяць з канцэртамі па раёне: выступалі ў гарадскім парку, былі ў Бароўцы.
Спадабалася сядзець за апаратураю на дыскатэках: спачатку — у школе, а затым — у РДК.
Запомнілася паездка ў Маскву на два дні — у госці да тамтэйшых піянераў. У Маскве піянерскі рух зусім не шматлікі, аднак прымалі класна: звазілі ў Москаў-сіці, у Маскоўскі ўніверсітэт, на Вараб’іныя горы, вучылі іграць на барабане.
Летам Сяргей з сябрамі ганяе ў футбол на Святым возеры, падарожнічае на веліку, дамамагае сваім бабулям на градках, купаецца, загарае — як і большасць яго равеснікаў. Восень, зіма, вясна — вучоба ў СШ №1. Любімы ўрок — фізкультура, падабаюцца таксама біялогія і хімія. А кім стане — пакуль не ведае. Яшчэ ёсць час выбіраць. Думаю, што вырасце добрым чалавекам, а гэта галоўнае.
На здымку: Сяргей Крывіцкі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>