За своё упрямство Ивана оштрафовали на девять миллионов рублей

156e672619207fНу што тут рабіць, калі памяць нібы тое рэшата. Праліваюцца праз яе факты асабістай біяграфіі. Дык хоць бы  тыя падзеі мелі пазітыўны характар. Наадварот, “мінусавы зарад” насілі. Нешта падобнае адбывалася ў жыцці персанажа нашага аповеду Івана Царэнкі (прозвішча зменена). Меў мужчына сярэднюю спецыяльную адукацыю, але працай сябе не абцяжарваў дужа.

Цераз мяжу закона перасягнуў аднойчы і ў базу даных трапіў. За што? Ніякага асаблівага сакрэту няма. Навідавоку былі тыя падзеі. Прыцягваўся да адміністрацыйнага пакарання за адмову ад праходжання медыцынскага агляду. Не здароўем яго, вядома, зацікавіліся людзі ў пагонах, алкагольным ап’яненнем. Затрымалі кіроўцу, бо ад яго ж патыхала спіртным. Шыла ў мяху не схаваеш, як не вылузвайся з уласнай скуры.
За тую сваю ўпартасць Івана аштрафавалі на дзевяць мільёнаў рублёў. І не толькі, канешне, штраф атрымаў. У дадатак яго пазбавілі права займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем транспартнымі сродкамі на тры гады. Пакаранне суровае. Сума ўражвае. Абставіны вымушалі задумацца над далейшым лёсам. Не хлопчык жа які зялёны ды недасведчаны. За плячыма — сорак тры гады. Сталы чалавек, ды ўчынкі неабачлівыя, за мяжой закона.
Цягнула мужыка на прыгоды! Не адумаўся. Асядлаў мапед без рэгістрацыйнага знака і падаўся навыперадкі з ветрам. Хаця тут мы гіпербалізавалі сітуацыю. Мапед не такая ўжо хуткасная штука, каб сапернічаць з ветрам. Як на тую бяду, аказаліся ў Баброве даішнікі. Злавілі парушальніка, як кажуць, на гарачым…
Пра свае паходжанні Іван Царэнка дэталёва потым распавядаў на судзе. Заадно трохі абмаляваў падзеі той першай паездкі, за якую паплаціўся дужа. Штраф не на жартачкі напалохаў: дзявятка з шасцю нулямі (недэнамінаванымі). На той час Іван не беспрацоўны быў, рабіў у адной паляўнічай гаспадарцы. Папрасілі яго адрамантаваць казённы матацыкл. Чаму ж просьбу не ўважыць, калі рукі з патрэбнага месца растуць. Уважыў. Давёў двухколавік да ладу, вырашыў апрабаваць на дарозе. Падаўся ў Баброва. Ды як праехаць міма магазіна! Куры засмяюць! Купіў пляшку гарэлкі. Спаражніў паўлітровую ёмістасць, як кажуць, у антысанітарных умовах — прама за гандлёвай кропкай. Палагоднела на душы, паехаў далей. І даездзіўся кіроўца. Спынілі вандроўку работнікі АДАІ.
— Ад вас спіртным патыхае, — сказаў даішнік, — трэба ехаць на медагляд.
— Нікуды я не паеду. Рабіце, што хочаце.
У прысутнасці двух панятых склалі пратакол. А далейшыя санкцыі вядомыя.
Па словах Царэнкі, мае ён ва ўласнасці скутар замежнай вытворчасці. Не зарэгістраваны. Чаму? Пяць гадоў таму назад набыў транспартны сродак з рук, гаспадар ніякіх дакументаў не перадаў. Так і ездзіў. Да пары да часу, пакуль не спынілі міліцыянеры.
Дык вось у той сакавіцкі дзень падаўся мужчына на рыбалку на Астравенскае возера. З сабой для лепшага клёву, мусіць, прыхапіў бутэльку віна. Ну што для здаровага мужыка паўлітровая пляшка! Так, на адзін зуб. Карцела дабавіць. Завуркатаў скутар і пакаціў Іван па знаёмым маршруце — у Баброўскую краму. Купіў віна, аднак на зваротнай дарозе не пашанцавала — паласаты жэзл указаў спыніцца на ўзбочыне. Прызнаўся работнікам АДАІ, што кіраваў скутарам у нецвярозым стане.
На судовым пасяджэнні Іван Царэнка прызнаў сваю віну. Аднак згода не вызваляе ад адказнасці. Атрымаў пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на паўтара года, пазбаўлены права кіраваць транспартнымі сродкамі на пяць гадоў. Тут мусім паставіць кропку. Для большага эфекта. Чаму? Даведаецеся з наступных радкоў. Штраф на гэты раз прагрымеў аглушальна — пяцьдзясят два мільёны пяцьсот тысяч недэнамінаваных рублёў!
Фінал павучальны не толькі для нашага персанажа. Для аматараў пракаціцца без правоў і ў нецвярозым стане — халодны душ. Тут працверазееш за хвіліну!
Мікалай КАЗЛОЎСКІ, суддзя суда раёна.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>