Крылы для творчасці

Маё знаёмства з Аленай Іванаўнай адбылося дзесяць год таму назад, калі ўбачыла яе на сцэне ў якасці вядучай канцэрта, прысвечанага Дню маці. Яна чытала ў адрас жанчын цёплыя вершаваныя радкі, выказвала ім найлепшыя пажаданні. У той час яна працавала намеснікам дырэктара раённага Дома культуры. Ніводзін святочны канцэрт не праходзіў без ­удзелу абаяльнай вядучай.

 У 2006 годзе Алена Бара­дзейка была прызначана

дырэктарам раённага Дома рамёстваў. У той час лепельскія майстры ўжо дасягнулі значнага творчага ўзроўню. Тканыя паясы, ручнікі, вырабы з лазы, саломкі, гліны, дрэва, непаўторныя скульптуры, гарлачыкі… Знаходзячыся сярод такой казачнай прыгажосці, Алена Іванаўна не пераставала захапляцца непаўторнасцю твораў і сама не заўважыла, як пачала займацца ткацтвам.

 Сціплая і стрыманая па натуры, Алена Іванаўна не любіць гаварыць аб асабістых якасцях, няспынна расказвае аб майстрах Лепельшчыны, кожны з якіх — індывідуальнасць. Алена Іванаўна ўражана творчасцю старэйшай ткачыхі нашага раёна Кацярыны Смажэўскай, майстра па вырабе беларускага касцюма Ірыны Альхімовіч, выдатных майстрых Ніны Кудзінай, Вольгі Ганчар, Алены Камекі, Таццяны Размысловіч, Святланы Залатухі, Наталлі Петуховай…

 А як запамінальна і ярка ў раённым Доме рамёстваў заўсёды праходзяць адкрыцці выстаў майстроў дэкаратыўна-прыкладной творчасці, вядомых у раёне мастакоў! Сучаснае памяшканне Дома рамёстваў нагадвае цудоўны храм. Увайшоўшы сюды, немагчыма адвесці вачэй ад шыкоўных карцін, пано, саламяных, гліняных вырабаў, паясоў, ручнікоў. Тут, за ткацкімі станкамі, працуюць майстрыхі. Уражваюць гледачоў беларускія нацыянальныя строі. Побач прадстаўлены ўвазе наведвальнікаў беларускія лялькі.

 — Раскажыце, калі ласка, як пачынаўся ваш шлях у творчасці, — звяртаюся да суразмоўцы.

 — Раней для вучняў дзясятых — адзінаццатых класаў школ працавалі курсы вучэбна-вытворчага камбіната. Сярод розных спецыяльнасцей мяне вельмі зацікавіла прафесія культработніка. Займаючыся на курсах, кожны раз адкрывала для сябе штосьці новае, цікавае.

 Кіраўнік курсаў Тамара Бароха параіла мне паступаць у Мінскі інстытут культуры.

 Пасля заканчэння інстытута культуры Алена была размеркавана на пасаду дырэктара клуба ў родныя Поплаўкі. Ужо тады ў аддзеле культуры Алену заўважылі як ініцыятыўную, апантаную творчасцю асобу, якая цікавіцца ўсім новым. Маладога спецыяліста запрасілі на працу ў раённы навукова-метадычны цэнтр. Менавіта тут дзяўчына і праявіла на практыцы свае багатыя тэарэтычныя веды. Разам са сваімі калегамі збірала фальклор у вёсках, рыхтавала сцэнарыі да святаў.

 Тут жа, на роднай Лепельшчыне, дзяўчына сустрэла і сваё шчасце. Выйшла замуж, а праз год у маладой сям’і нарадзілася дачушка.

 Пасля дэкрэтнага водпуску Алена некаторы час працавала ў краязнаўчым музеі.

 — Я лічу сябе шчаслівым чалавекам, — зазначае мая суразмоўца. — У мяне ёсць не толькі любімая работа, а і цудоўная сям’я. Ва ўсім адчуваю надзейную падтрымку і дапамогу мужа, радуе сваімі поспехамі дачушка.

 Муж Алены Іванаўны Васіль Мікалаевіч працуе вадзіцелем у сельскагаспадарчым вытворчым філіяле “Заазер’е” ААТ “Лепельскі МКК”, а дачцэ Таццяне хутка споўніцца 14 год. Акрамя вучобы ў школе, Таня займаецца ва ўзорным ансамблі танца “Лілея” раённага Дома культуры і радуе бацькоў яркімі выступленнямі ў час многіх святочных мерапрыемстваў.

 Аб тым, што Алена Іванаўна — цудоўны спецыяліст, умелы арганізатар, сведчаць яе ўзнагароды. У кастрычніку мінулага года атрымала Ганаровую грамату Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь за шматгадовую плённую працу, значны ўклад у справу адраджэння і захавання культуры Беларусі, а па выніках работы за 2011 год ёй прысвоена ганаровае званне “Чалавек года Віцебшчыны”.

 Самі ж работнікі раённага Дома рамёстваў сцвярджаюць, што крыніцай іх натхнення з’яўляецца душэўнае цяпло і шчырасць выдатнага кіраўніка.

Святлана СІЛЬВАНОВІЧ.

На здымку: цеплыня душы Алены Іванаўны натхняе творцаў.

Фота аўтара.

Один комментарий для “Крылы для творчасці

  • 17.03.2012 в 4:42 пп
    Permalink

    Мои искренние поздравление и уважение Алене Бородейко, моей близкой землячке из Поплавок!
    Анатолий Павловский, уроженец Заполья

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>