Покупка товаров через интернет

dd8ddad93cb79db54b19163ffb2 Пакупка тавараў праз інтэрнэт апошнім часам набывае ўсё большую папулярнасць у лепяльчан і жыхароў вёсак. Гэтаму ёсць нямала тлумачэнняў. Найперш патэнцыйных пакупнікоў прывабліваюць нізкія цэны. Нізкая цана дасягаецца ў тым ліку з-за таго, што гаспадарам інтэрнэт-крам няма патрэбы купляць, будаваць ці арандаваць гандлёвае памяшканне, плаціць за яго падатак на нерухомасць, камунальныя плацяжы. Часта ў інтэрнэт-крам няма і сваіх складоў, яны прадаюць тавар ад пастаўшчыка ці вытворцы напрамую спажыўцу, з’яўляюцца своеасаблівымі пасярэднікамі.
Па-другое, у інтэрнэце вельмі шырокі асартымент тавараў. Напрыклад, адных акумулятараў для аўтамабіляў можа быць прапанавана сотня розных марак і мадэляў з рознымі характарыстыкамі на розны кашалёк. Што ўжо казаць пра такія “дробязі”, як гадзіннік ці мабільнік.
Яшчэ адзін немалаважны складнік папулярнасці — дастаўка. Тавар прадавец па дамоўленасці можа даслаць поштай або — часцей гэта датычыць буйнагабарытных пакупак — кур’ерам да дома, пад’езда, або нават прынесці ў кватэру. Усё для кліента. Так дэкларуецца. Аднак сустракаюцца нядобрасумленныя прадаўцы, якія пазбягаюць выканання сваіх абавязацельстваў.
З мабільнікам узніклі праблемы ў лепяльчанкі з мікрараёна Плінтоўка. Дакладней, у яе мужа. Распавядзём па парадку. Муж захацеў зрабіць жонцы падарунак на дзень нараджэння — новы мабільны тэлефон. У нібыта надзейнай інтэрнэт-краме перагледзеў асартымент, выбраў патрэбную мадэль, пра такую жонка даўно марыла. Цана падалася вельмі прывабнай, на 20 — 25 працэнтаў ніжэй, чым у лепельскіх гандляроў. Зрабіў заказ, пакупку праз некалькі дзён атрымаў бандэроллю на пошце. Пры гэтым, як высветлілася ў далейшым, зрабіў істотную памылку: пры атрыманні пасылкі не праверыў яе на месцы. Думаў зрабіць жонцы сюрпрыз, няхай сама распакуе, адчуе хвалюючы момант.
Аднак момант прынёс расчараванне. Нават пры першым уключэнні мабільнік адмаўляўся нармальна працаваць, не трымаў зарадку, сігнал раз за разам перарываўся — адным словам, суцэльная марока. І ўсе намаганні звязацца з прадаўцом, запатрабаваць у яго абмен няякаснай пакупкі, вяртання грошай таксама аказаліся марнымі. У рэшце рэшт мужчына звярнуўся ў аддзел эканомікі райвыканкама да спецыяліста па абароне правоў спажыўцоў. Аднак і тут яму нічым не змаглі дапамагчы, бо мужчына пры атрыманні тавару падпісаў дакумент, што праверыў яго і не мае прэтэнзій, хаця сам пры гэтым, памятаем, не правяраў. Па-другое, рэальнага прадаўца ў інтэрнэт-прасторы знайсці і прыцягнуць да адказнасці вельмі цяжка.
У другім выпадку пакупнік з Пясчанкі набыў праз інтэрнэт наручны гадзіннік. Пры атрыманні пакупкі ён не ўпэўніўся ў яе цэласці і камплектнасці, маўляў, што можа здарыцца? Аднак — здарылася. Ужо дома, распакаваўшы пасылку, убачыў, што шкло на корпусе моцна падрапанае. І зноў жа, як і ў выпадку з мабільнікам, усе прэтэнзіі прадаўцом былі адкінутыя.
Трэці выпадак адбыўся ў Бароўцы. Там сям’я заказала праз інтэрнэт новую шафу. Акрамя цаны прывабіла і магчымасць дастаўкі заказу да пад’езда. У дамоўлены час мікрааўтобус пад’ехаў, з яго дасталі запакаваны камплект, з якога ў далейшым па інструкцыі шафа збіраецца пакупніком самастойна. Сын пакупніцы яшчэ звярнуў увагу на нейкае незразумелае пазвякванне, аднак прадавец адказаў, што нічога страшнага, гэта болцікі і гаечкі ў асобным пакеціку. На месцы распакоўваць, правяраць камплектнасць і цэласнаць пакупкі не сталі. Падпісалі дакументы аб прыёмцы, мікрааўтобус паехаў, а мужчыны самастойна паднялі на трэці паверх. Зборку шафы прызначылі на заўтра. Няцяжка ўявіць сабе расчараванне, калі гаспадары ўбачылі, што вялікае, ад падлогі да столі, люстэрка, з-за якога ў многім і набывалі шафу, трэснутае. На прэтэнзіі пакупнікоў прадавец адказваў:
— Вы набывалі шафу, падпісалі дакументы, што прынялі пакупку. Мы вам даставілі тавар цэлым, камплектным. Магчыма, вы самі, як падымалі на трэці паверх, стукнулі, а цяпер хочаце на нас усё зваліць…
Дарэчы, пакупкі праз дошкі аб’яў нашых раённых сайтаў lepel-kraj.by і lepel.by больш бяспечныя, бо пакупнікі і прадаўцы, як правіла, знаходзяцца блізка адзін ад аднаго, у выпадку любой прэтэнзіі хутка знаходзяць і вырашаюць усе пытанні. Ды да такіх казусаў, шчыра кажучы, даволі рэдка даходзіць. На пытанне, як лепей абараніць свае правы пры правядзенні пакупак у інтэрнэт-крамах, адказвае галоўны спецыяліст аддзела эканомікі райвыканкама Марына Скакун:
— Пакупкі праз інтэрнэт, паводле статыстыкі, год ад году паказваюць стабільны рост, лепяльчане ўсё часцей звяртаюцца да глабальнага сеціва. Выпадкі нядобрасумленнага вядзення бізнэсу там адзінкавыя. Па крайняй меры, да нас звяртаецца няшмат абураных пакупнікоў, аднак кожны з іх вельмі адчувальны. Людзі выбітыя са сваёй каляіны, некаторыя — у стане стрэсу. Хаця большасці канфліктных сітуацый можна было б пазбегнуць, выконваючы некалькі нескладаных правілаў. Па-першае, уважліва праглядзіце на сайце інфармацыю аб тавары, пры патрэбе праверце яго сертыфікацыю. Пацікаўцеся гарантыйнымі абавязацельствамі, наяўнасцю сервісных цэнтраў, якія пры патрэбе маглі б узяцца за рамонт. Па-другое, прагледзьце інфармацыю аб інтэрнэт-прадаўцы, захавайце яго даныя. Зазірніце на форум, пацікаўцеся водгукамі як на тавар, так і аб працы прадаўцоў, дастаўкі, сэрвісных службаў.
Пры атрыманні пакупкі патрабуйце чэк і захоўвайце яго ў далейшым. Рэквізіты рэальнага прадаўца павінны адпавядаць рэквізітам, заяўленым на інтэрнэт-сайце. І абавязкова патрабуйце неадкладнай праверкі тавару адразу пры атрыманні, у прысутнасці прадаўца ці кур’ера. І не зважайце ні на якія аргументы, што, маўляў, “і так усё добра, за якасць адказваю, не было ніводнага непаразумення, часу няма, спяшаюся…” Вы, пакупнік, маеце права пераканацца ў камплектнасці і якасці дастаўленага тавару перш, чым яго аплачваць, як і ў любой рэальнай краме. Жадаю ўсім прыемных пакупак, каб яны толькі радавалі, а не засмучалі.
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>