Чароўнае слова ты, роднае слова

У Слабадской школе мы адзначалі Міжнародны дзень роднай мовы. Хацелася, каб гэта было не проста чарговае школьнае мерапрыемства, а атрымалася свята. Таму да падрыхтоўкі паставіліся вельмі адказна. Загадзя разам з вучнямі прадумалі  сцэнарый святочнага дня. І вось ён настаў.

94З самага ранку дзесяцікласніцы Карына Додрыкава і Кацярына Дзёмка сустракалі вучняў, бацькоў, настаўнікаў пры ўваходзе ў школу, віншавалі іх на роднай мове і прасілі гэтым разам размаўляць толькі па-беларуску.
Тым часам у школьнай бібліятэцы распачалася тэматычная акцыя «Чытаем беларускае». Чытачоў чакалі цікавыя выставы «Навіны беларускай літаратуры», «Беларускія юбіляры-2017». На працягу ўсяго дня праходзіў марафон «Чытаем па-беларуску». У кабінеце беларускай мовы і літаратуры была аформлена выстава “Роднае слова, жывое, гаваркое” і выстава-прэзентацыя да юбілею класіка беларускай літаратуры Івана Мележа.
На перапынках вучні ўдзельнічалі ў цікавых беларускіх гульнях, віктарынах і конкурсах. Не абышлося і без сюрпрызаў: на адным з перапынкаў загучала беларуская музыка, вучні праспявалі песні на беларускай мове. Ганна Кліманская зачаравала прыгожай песняй «Беларусачка», Кацярына Шыпуля праспявала «Медуніцу», а настаўнікі выканалі песню «Купалінка». А пасля ўсіх запрасілі на народныя беларускія танцы!
Разам з вучнямі трэціх, чацвёртых і дзявятых класаў станчылі “На рэчаньку”, “Месяц” і “Лысы”. Вучняў настолькі захапілі танцы, што паспрабаваць свае сілы выйшлі нават самыя маленькія — першакласнікі.
Крыху пазней старшакласнікі наведалі агульную інфармацыйную гадзіну “Як ты сэрцу нашаму мілая, родная мова!” Паслухалі пра гісторыю Міжнароднага дня роднай мовы і павіншавалі адзін аднаго са святам! Вядучыя прачыталі вершы на беларускай мове.
95Сімвалічным стала выступленне сямікласніцы Насці Гардзіёнак: дзяўчына ў вобразе матулі калыхала дзіцятка на руках і спявала калыханку. “А як жа! Дала нам маці гэту мову, каб не нямымі прыйшлі ў свет!” — казалі вядучыя.
96Вельмі зацікавіла прэзентацыя, у якой распавядалася аб гісторыі развіцця мовы — ад Францыска Скарыны і да нашага часу… Колькі цікавых і значных імёнаў прадсталі перад вачыма дзяцей! І вось настала паэтычная хвілінка: дзеці чыталі на памяць вершы мясцовых паэтаў Веранікі Маляўкі і Ксеніі Прыдаткі, выпускніц школы; Людмілы Сідарэнкі і Аляксандра Котава. Апладысментамі сустракалі вучня шостага класа Мікіту Бабаеда і васьмікласніцу Крысціну Дзёмка, якія прачыталі свае вершы. Прыемна было слухаць вучняў восьмага класа Яраслава Тухту, Анастасію Піскунову, яны напісалі на беларускай мове сачыненні “Натхнёны водарам Радзімы”. Дзесяцікласнік Мікалай Стэльмах пад гітару выканаў дзве песні на роднай мове. Фіналам свята стала выступленне вучня дзясятага класа Паўла Ляйко, які выразна прачытаў верш Валянціны Рабцэвіч “Родная мова!”
Наталля МІРАНОВІЧ, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Слабадской школы.
На здымках: сваё сачыненне чытае васьмікласніца Насця Піскунова; дзесяцікласнік Коля Стэльмах выканаў на гітары песню “Простыя словы”; свята — гэта найперш танцы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>