Работает Светлана начальником производственного участка филиала

92Святлане Карабань вельмі падабаецца яе праца.
— І чым ужо так яна падабаецца? Самі кажаце, што фактычна няма выхадных, ды і не помніце, калі ў адпачынак апошні раз хадзілі.
— Ну так, у адпачынак летам схадзіць не атрымліваецца, але ж на працы цікава. У нас вытворчасць, і кожны раз трэба “разрульваць”-вырашаць розныя вытворчыя сітуацыі.
Працуе Святлана начальнікам вытворчага ўчастка філіяла “Лепельскі” закрытага акцыянернага таварыства “Віцебскаграпрадукт”.
Што праўда, раней на кіраўнічых пасадах не працавала (калі толькі можна назваць кіраўнічай пасаду “начальніка элеватара”).
Заўсёды марыла стаць урачом. Аднак не паступіла. Падалася ў полацкае вучылішча на прадаўца. Першае працоўнае месца было ў гастраноме. Затым зноў вучылася, ужо завочна, на таваразнаўцу. Тры гады працавала ў магазіне, які ў горадзе называюць “Юбілейным”, пасля была загадчыцай магазіна №2. Пасля дэкрэтнага выйшла на працу загадчыкам склада на аптова-гандлёвую базу. А пяць гадоў таму папрасілася на камбікормавы завод.
— Чаму менавіта на камбікормавы?
— Тут болей плацілі. Грошы патрэбны былі, бо акурат у гэты час будавала кватэру.
Так, маладой сям’і патрэбна была кватэра. Не жыць жа ўвесь час з бацькамі! А паколькі сям’я — гэта яна, Святлана, і сын Ромка, то спадзявацца асабліва не было на каго, трэба было самой грошы зарабляць.
— Праца, сям’я, кажаце. У вас на іншае не вельмі і часу застаецца. І ўсё ж, чым цікавіцеся, як адпачываеце?
— Цікаўлюся ў першую чаргу сынам, бо дзеля яго ж і жыву. Вось у Рамана з алгебрай нешта слабавата, трэба, відаць, рэпетытара шукаць.
— А па выхадных?
— Лепім пельмені ўдвух. Рома вельмі любіць пельмені, а я болей — клёцкі, толькі гарачыя. Учарашніх, хоць сабе і на патэльні абсмажаных, есці не буду. І абодва любім марожанае, купляем разважнае, перамешваем з клубніцамі — і нічога болей нам не трэба. Хіба што яшчэ ад торта “Казка” не адмовімся.
— А вы гурманы! Ну, гатаваць для жанчыны — не дзіва. Скажыце, а ў вас ёсць нетыповае, неардынарнае захапленне?
— Увогуле, я гадоў шэсць ужо за рулём свайго старэнькага “Фольксвагена-Пола”. Вось марым урэшце машыну памяняць. Праўда, жанчына-вадзіцель —таксама ўжо не экзотыка. Гэта неабходнасць: на працу праз увесь горад дабірацца — жывём на Савецкай, Раману — у школу. Ды і так проста, у грыбы, у ягады з’ездзіць. Быў час, нават падзарабляла крыху на ягадах і грыбах. Альбо адправіцца на рыбалку.
— Вы рыбачка?
— Аматар. Праўда, толькі летняй рыбалкі. Зімой хоць і цікава, але холадна.
— І хто вас захапіў рыбалкаю?
— Брат. Мы з братамі вельмі дружна жывём, часта бярэм палаткі і проста выязджаем на прыроду. Любім адпачываць на возеры Звязда.
— Вы кампанейскі чалавек?
— Так, я лёгка знаходжу з людзьмі кантакт, але не люблю шумных кампаній.
— Напэўна, і кветкі любіце?
— А хто іх не любіць. Вельмі прыемна, калі мае любімыя фіялкі дораць у вазонах. Дома мы іх разводзім. У нас з Раманам кватэра аформлена ў чорна-белым стылі, а кухня — чорна-чырвоная.
— А чаму чорныя?
— О, гэта вельмі прыгожы, строгі колер.
— Памятаеце дзяцінства?
— А як жа! Лета звычайна праходзіла ў бабулі з дзядулем, на Ушаччыне. Там ля Пуцілкавічаў ёсць невялічкая вёсачка Ветча. Конь быў, карова, цяляты, свінні, куры. Карову там навучылася даіць. А потым, калі бабуля з дзядулем трапілі ў аварыю і апынуліся ў бальніцы, кожны дзень туды ездзіла карову даіць. Надаю вядро, а куды дзяваць, не ведала. Свінням вылівала.
Зараз на Ушачыне ўжо нікога няма. Бацькі жывуць у Лепелі, на Пасёлку. Ім дапамагаем на агародзе. Школьныя гады помняцца. Клас быў вельмі дружны. Класныя кіраўнікі Галіна Васільеўна Каваленка, а пасля Фаіна Якаўлеўна Дзямко запрашалі дадому піць чай. Памятаю ўрокі гісторыі Еўдакіі Аляксандраўны Рыўкінай — вельмі жыццёвыя ўрокі. У паходы хадзілі. Аднойчы нават пайшлі адны, без класнага кіраўніка, на ўскраіну горада, з начлегам. Бацькі нават і не здагадваліся, што мы адны, толькі пазней даведаліся. І Новы год таксама заўсёды разам сустракалі.
— Аб чым марыце?
— Каб сыну ў жыцці пашанцавала, каб ён быў шчаслівы.

Уладзімір МІХНО.

На здымку: Святлана Карабань.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>