Никто ни в каких документах не фиксировал количество погибших мирных жителей

Аб’яднаннем па інтарэсах “Нашчадкі” Слабадской СШ на працягу многіх гадоў кіруе настаўнік гісторыі Валерый Тухта. Гутарым з ім пра пошукавыя справы.

ss855802— Чым займаліся ў гэтым навучальным годзе?
— Працягваем вывучаць свой край у звязцы з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны. У Новых Валосавічах наведалі музейны пакой мясцовай школы, пабывалі ля помніка загінулым землякам, ля памятнага знака на мясцовых могілках, усталяванага на месцы пахавання партызан брыгады “Чэкіст”. Месца гэтага пахавання раней было адшукана менавіта “нашчадкаўцамі”.
Час ад часу звяртаюцца да нас па дапамогу і людзі з іншых рэгіёнаў па электроннай пошце. Звязаліся з намі сваякі загінулага і пахаванага на могілках у Свядзіцы партызана Віктара Шасціткі, ураджэнца Чашніцкага раёна. Да гэтага яны спрабавалі адшукаць нас праз чашніцкую раёнку, але безвынікова. І вось цяпер звярнуліся ў Лепельскі краязнаўчы музей, а там у сваю чаргу параілі звярнуцца да нас.
— А якім чынам ведзяце пошук?
— Кожны раз па-рознаму. Здараецца так, што трапляеш на след нават там, дзе і ніколі не здагадаўся б. Напрыклад, размаўлялі з пяцікласнікам Ромам Дзямко і яго бацькамі. Гаворка з сучаснасці перакінулася на мінулае, прынамсі, загаварылі пра падзеі Другой сусветнай вайны. Разам пачалі перабіраць сямейныя рэліквіі, адшукалі пасведчанне да медаля “За адвагу”, якім быў узнагароджаны Пётр Дзёмка, родны брат Раманавага прадзеда, што загінуў у Прыбалтыцы. Затым разам з маці Рома на сайце “ АБД-Мемарыял” адшукалі звесткі яшчэ пра другога прадзеда Станіслава Скарупу, ураджэнца Карсашчыны, які таксама загінуў за некалькі месяцаў да заканчэння вайны. Доўгі час яго “трохкутнічкі” захоўваліся ў сваякоў у Расіі, пакуль тыя не перадалі на радзіму.
u-32— Ці падтрымліваеце сувязі з краязнаўцамі з іншых рэгіёнаў?
— Вядома. Наша работа не абмяжоўваецца Лепельскім раёнам. Напрыклад, дапамагалі пошукаўцам з Крупшчыны ўдакладніць спіс загінулых у савецка-фінляндскую вайну 1939-1940 гг. Здолелі ўзнавіць каля чатырохсот прозвішчаў. Большая частка гэтых людзей не была занесена ў кнігу “Памяць” ніводнага з цяперашніх раёнаў. Справа ў тым, што перад вайной існавала асобная адміністрацыйная адзінка — Халопеніцкі раён (у яго ўваходзіла і частка цяперашняй Лепельшчыны). Звесткі фіксаваліся Халопеніцкім райваенкаматам. Пасля ліквідацыі раёна яго тэрыторыю падзялілі паміж Крупскім, Лепельскім і Барысаўскім. Толькі праца з рознымі літаратурнымі і інтэрнэт-крыніцамі дала магчымасць аднавіць прозвішчы.
— Гэты год юбілейны: стагоддзе з часу вядомых падзей 1917-га. Ці праяўляеце цікавасць да таго перыяду нашай гісторыі?
— Падзеі 1917 года і Грамадзянскай вайны — таксама наша гісторыя. Не абмінулі яны і наш раён. Аднак колькі загінула ў той перыяд землякоў па розныя бакі барыкад, да цяперашняга часу не вядома і наўрад ці зараз магчыма пра гэта даведацца. На сайце Расійскай публічнай гістарычнай бібліятэкі адшукалі выдадзеную ў 1926 годзе кнігу “Именной список потерь на фронтах в личном составе рабоче-крестьянской Красной армии за время гражданской войны”. Гэта нешта накшталт сучасных кніг “Памяць”.
Даволі аб’ёмнае выданне, змяшчае больш за шэсцьсот старонак тэксту. Здолелі адшукаць прозвішчы пяцідзесяці ўраджэнцаў Лепельшчыны. Часцей насупраць прозвішча пазначана: “Забіты ў баі”. Былі і тыя, хто паміраў ад хвароб ці быў забіты бандытамі. Цяпер гэты спіс размешчаны ў свабодным доступе ў інтэрнэце на старонцы Лепельскага краязнаўчага музея. Аднак гэта далёка не поўны пералік ахвяр таго ліхалецця. Ніхто ні ў якіх дакументах не фіксаваў колькасць загінулых мірных жыхароў.
ss855820— Дзе пабывалі апошнім часам?
— Нядаўна былі ў Гаразянках, дзе даведаліся шмат цікавых фактаў з ваеннай біяграфіі ўдзельніка мінулай вайны Пятра Шапавала. Пасля вайны ветэран захоўваў сяржанцкі планшэт. Дзякуючы сыну ветэрана Міхаілу, які збярог сямейную рэліквію, пацёрты ад часу планшэт нам шмат пра што расказаў. Тут знайшлі і шматлікія пасведчанні да юбілейных медалёў, і зацёртыя да дзірак даведкі аб раненні. На старых фотаздымках — Пётр Шапавалаў са сваімі баявамі паплечнікамі. Пасля, працуючы з данымі сайта “Подзвіг народа”, адшукалі падрабязную інфармацыю, што ў жніўні 1943 года старшына Шапавалаў, выконваючы заданне па разведцы праціўніка, быў цяжка паранены пад горадам Валнаваха, а пасля вайны атрымаў медаль “За баявыя заслугі”.
— Што ў бліжэйшых планах?
— Як толькі пацяплее і зямля вызваліцца ад снегу, адправімся на пошукі месца пахавання партызана Слуцкага, пра якое паведаміў ураджэнец вёскі Адамаўка Іван Іванавіч Крывалап. У вайну ён быў хлапчуком, але добра запомніў партызана Слуцкага, які быў частым госцем і ў іх хаце. Падчас чарговага наведвання Адамаўкі партызан патрапіў у нямецкую засаду і загінуў. Недалёка ад вёскі яго пахавалі мясцовыя жыхары, зрабілі магілу, паставілі драўляны крыж. Аднак з цягам часу магіла зарасла. І вось цяпер Іван Іванавіч не губляе надзеі з нашай дапамогай адшукаць месца пахавання і ўстанавіць у архівах імя партызана.
Гутарыў Уладзімір МІХНО.
На здымках: “нашчадкаўцы” Раман Дзямко і Паліна Гайко ў пошуку; Пётр Шапавалаў (злева) з баявым паплечнікам; планшэт часоў Вялікай Айчыннай вайны.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>